Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашук. Заўчасныя ўспаміны


Сёньня ў кнігарні «логвінаЎ» адбылася прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Зкімбы-зымбы». Выданьне выйшла ў сэрыі «Бібліятэчка часопісу „Дзеяслоў“.

У вечарыне ўзялі ўдзел Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Аляксандар Лукашук, Генадзь Мацур, Уладзімер Някляеў, Пятро Садоўскі, Барыс Пятровіч. Пачатак у 17.00. Уваход вольны.

Вось што расказаў Аляксандар Лукашук пра сваю новую кнігу:

„Зкімбы-зымбы“ — у перакладзе з адной паважанай мовы гэта фактычна азначае — чаму б не напісаць пра сяброў. Бо што насамрэч чакаць радасную ці сумную нагоду, да таго ж невядома, каму пісаць першым. Прынцып такі — зкімбы хацеў бы апынуцца на высьпе ці ў турме, ці ў Парыжы. І вось аказалася, што зь некаторымі па ўсіх гэтых адрасах зымбы (у перакладзе як дома). Іншымі словамі заўчасныя ўспаміны пра людзей, зь якімі я сустракаўся, спрачаўся, якія мелі ўплыў. Ад Янкі Брыла да Мілтана Фрыдмана, ад Уладзі Арлова да Вацлава Гаўла.

Першая частка кнігі — асабістае, літаратурны сямейна-гістарычны кантэкст. Другая — постаці. Гэта люстрацыі наадварот, постаці сяброў, людзей, якіх я лічу важнымі для сябе. І трэцяя частка прысьвечана Васілю Быкаву, вялікаму сябру беларускай службы Радыё Свабода, нашаму слухачу і нашаму аўтару. Там перапіска. інтэрвію, успаміны, а таксама адзін малюнак Быкава, на якім намаляваны я сам».



Сярод герояў новай кнігі Аляксандра ЛукашукаЯнка Брыль, чалавек дажджу, Арсені Таркоўскі, чалавек адлюстраваньня, Уладзімер Конан, чалавек палёту, Алесь Адамовіч, чалавек дзеяньня, Аркадзь Рудэрман, чалавек тэатра, Віталь Скалабан, чалавек-амфібія, Уладзімер Кармілкін, чалавек хронікі, Вера Рыч, чалавек танца, Іосіф Бродзкі, чалавек імпэрыі, Валянцін Тарас, чалавек выдыху, Паўлюк Урбан, чалавек рукапісу, Віталь Тарас, чалавек удыху, Уладзімер Каткоўскі, чалавек. org, Сяргей Цімохаў, чалавек джазу, Роберт Конквест, чалавек травы, Эдвард Тэлер, чалавек бомбы, Мілтан Фрыдман, чалавек гігіены, Вацлаў Гавэл, чалавек свабоды...

Фрагмэнты кнігі штодня ў эфіры Свабоды чытае аўтар.

Слухачы Радыё Свабода і наведнікі нашага сайту могуць атрымаць кнігу з подпісам аўтара ў падарунак — прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org

Дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук — аўтар кнігаў «Сьлед матылька. Освальд у Менску», «Прыгода АРА ў Беларусі», «У фіялетавай ночы вугал крыла», «За кіпучай чэкісцкай работай», «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста», «Зьдзек». Ляўрэат прэміі беларускага ПЭН-цэнтру імя Францішка Багушэвіча і літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG