Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апарат, з-за якога загінула пацыентка, каштуе ад 2 да 6 тысяч даляраў


Belarus - Medical Center Ecomedserivice in Minsk, 3May2013

Belarus - Medical Center Ecomedserivice in Minsk, 3May2013

13 траўня па справе мэдычнага цэнтру «Экамэдсэрвіс» Упраўленьне сьледчага камітэту па горадзе Менску прыняло новыя працэсуальныя рашэньні. Дырэктару і лекару-анэстэзіёлягу выставілі абвінавачаньні і пакінулі абодвух пад вартай. Галоўнага інжынэра і мэдсястру, якая асыставала анэстэзіёлягу, вызвалілі пад абавязаньні аб яўцы.

13 траўня скончыўся 10-дзённы тэрмін з моманту затрыманьня кіраўніцы, анэстэзіёляга і мэдсястры «Экамэдсэрвісу», якіх 3 траўня зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Прадстаўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Герасімаў распавёў:

«Дырэктару мэдычнага цэнтру Галіне Валжанкінай выстаўлена абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, кваліфікаванага як службовая халатнасьць, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека.

Лекару-анэстэзіёлягу Шураву выстаўлена абвінавачаньне ў злачынстве, якое кваліфікуецца як неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдычным работнікам, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць пацыента. Мера стрыманьня для абодвух абвінавачаных не мянялася — яны застаюцца пад вартай».

А вось галоўнага інжынэра «Экамэдсэрвісу» 10 траўня адпусьцілі пад абавязаньне аб яўцы. 13 траўня вызвалілі і мэдсястру, якая асыставала лекару-анэстэзіёлягу. Але па-ранейшаму яны падазраецца ў службовай халатнасьці, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека.

Пры кошце апэрацыі 2 тысячы даляраў яны маглі набыць і трымаць у рэзэрве 2–3 апараты, ведаючы іх ненадзейнасьць
Падазраванымі па справе застаюцца хірург Віктар Серабро і мэдсястра, якіх адпусьцілі раней.

Тым часам родныя нябожчыцы даведаліся, колькі каштуе апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, з-за няспраўнасьці якога, хутчэй за ўсё, і здарылася трагедыя. Бацька Юліі Юры Кубараў распавёў:

«Яны ў заключэньні пішуць, што з-за эканоміі фінансаў не куплялі новы апарат. Кошт беларускага апарату мы не знайшлі, знайшлі расейскі аналяг. Сьмешна казаць, каштуе ён ад 2 да 6 тысяч даляраў. Нават калі браць па максымуме — 6 тысяч даляраў, пры кошце апэрацыі 2 тысячы даляраў яны маглі набыць і трымаць у рэзэрве 2–3 апараты, ведаючы іх ненадзейнасьць. Я думаў, паўмільёна, мільён, дарагія яны, а аказалася — капеечная рэч. Таму, я лічу, дырэктара нездарма пакінулі. Зразумела, што мэдсястра не купляе апараты, таму дырэктарка павінна адказаць».

Ніякіх новых мэдычных заключэньняў аб прычыне сьмерці 23-гадовай Юліі Кубаравай няма. Сьледчыя ж дзеяньні працягваюцца, запэўніў прадстаўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Герасімаў.
XS
SM
MD
LG