Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары дома № 34а па вуліцы Пестрака ў Горадні, якіх улады праз суд высяляюць з кватэраў, абяцаюць пайсьці на скрайнія меры. Іх дом нечакана для іх саміх стаў інтэрнатам, які зьбіраюцца зачыніць на капрамонт, а потым засяліць іншымі людзьмі. У 160-кватэрным доме ўжо апусьцелі больш за сто кватэраў.

Тэма гарадзенскіх «высяленцаў» гэтымі днямі актыўна абмяркоўваецца ў інтэрнэце. Сёньня я пабываў у доме № 34а на вуліцы Пестрака і высьветліў, што фактычна прымусовае высяленьне працягваецца ўжо тры гады. Людзі маўчалі, бо спадзяваліся, што ўлады да іх прыслухаюцца.

Прыкладна ў 50 кватэрах яшчэ жывуць людзі.

Многія ніяк ня могуць уцяміць лёгікі ўладаў, якія высяляюць іх з кватэраў у інтэрнаты з агульнымі калідорамі і кухнямі, тым самым пагаршаючы іх умовы жыцьця, а ў іхні дом пасьля капрамонту нібыта зьбіраюцца перасяліць людзей са струхлелага жыльля. Скардзіліся паўсюль, але атрымліваюць адны і тыя ж адпіскі.

Спадарыня Іна ўжо была на адным пасяджэньні ў судзе. Яе ўразіла патрабаваньне юрыста «Гроднажылбуда» аб высяленьні яе сям’і.

Спадарыня: «У мяне бестэрміновая група інваліднасьці, я хварэю на бранхіяльную астму, у мяне цукровы дыябэт і парушэньне хрыбетніка — я на інваліднасьці. Чаму мне і маёй сям’і, а таксама астатнім людзям не прапаноўваюць раўназначнае жыльлё, а хочуць інваліда выселіць на агульную кухню, і мужа, які адпрацаваў 16 гадоў зваршчыкам і крывёю харкаўся? І дзе мне шукаць справядлівасьці? А яна мне ў адказ сядзіць і сьмяецца».

Спадарыня Людміла, пэнсіянэрка, бязь сьлёз наагул ня можа гаварыць пра гэтую праблему. Яна згубіла спакой і сон, наагул ва ўсім зьняверылася і ня ведае, што рабіць далей. Просіць толькі, каб людзі пачулі яе гора.

Спадарыня: «Я нікуды ня буду высяляцца, я, можа, сябе замурую, лягу трупам. Я інвалід другой групы, у мяне анкалёгія, куды я магу пайсьці з такой хваробай? І скажыце, за што мне такія пакуты? Я не піла, не курыла, добрасумленна працавала, ня крала — за што мне такія пакуты? Гэта крык маёй душы, усе тут у адчаі, і я таксама. Я не пайду на 6 мэтраў, ніколі...»

Асабліва людзей уразіла, як іхнія справы разглядаліся ў судах: бюракратычна і бесспагадна. Спадарыня Сьвятлана ўзгадвае, што не магла стрымаць сьлёз:

Спадарыня: «Мне сказалі на судзе: скажыце дзякуй, што хоць нейкае жыльлё далі, а то маглі б зь непаўналетнім дзіцём наагул выкінуць на вуліцу».

Іншая спадарыня: «Нават сказалі, што калі дойдзем да рэспубліканскага суду, то будзе тое, што ёсьць. І мы болей ня ведаем, што рабіць. Мы адказалі, што лепей паедзем у Польшчу ці ў Нямеччыну на шэсьць квадратных мэтраў, і будзе ня так крыўдна, як тут заставацца на шасьці мэтрах».

Усе мае суразмоўніцы кажуць, што ўлады прапаноўвалі ім браць крэдыт і будавацца, як гэта зрабілі маладыя сем’і, якія зьехалі з дома. Але ўсе ў адзін голас кажуць, што не зарабілі на гэта, а адпрацаваўшы ўсё жыцьцё на дзяржаву, маюць права, як астатнія людзі, на законнае жыльлё.

Спадарыня: «Я вельмі дрэнна пачуваюся. Але вы зразумейце, што ў мяне забіраюць не катэдж. У нас няма больш нічога, і будавацца за што — мы таксама ня маем. Мы ўсё жыцьцё пражылі на адзін заробак мужа і маю пэнсію па інваліднасьці. І мы ня можам узяць пазыку, бо папросту яе ня сплацім».



Жыхары дома неаднойчы былі на прыёме ў чыноўнікаў, у старшыні аблвыканкаму Сямёна Шапіры, пісалі скаргі ў адміністрацыю прэзыдэнта і Дзяржкантроль, але вынікаў ніякіх.

Дом 34а на вуліцы Пестрака пачалі засяляць на пачатку 80-х. Ён быў збудаваны «Гроднажылбудам» для сваіх работнікаў. У ім асобныя кватэры, як у звычайных дамах, тут ніколі ня бачылі камэнданта. Рамонт у кватэрах рабілі за свой кошт, за свой кошт ставілі мэталёвыя дзьверы з дамафонамі, праводзілі тэлефон, рамантавалі сантэхніку і г.д.

У 2010 годзе старшыня аблвыканкаму даў дазвол на выкуп кватэраў, але потым зьмяніў думку. З жыхарамі заключаецца дамова на год, а пасьля ніхто не перашкодзіць пазбавіцца ад «праблемных» насельнікаў, якія актыўна змагаліся за свае правы.

З афіцыйных адказаў жыхары ведаюць, што будынак інтэрната па вуліцы Пестрака, 34а заплянаваны на капрамонт з мэтай стварэньня жыльлёвага фонду для перасяленьня грамадзян са зьнесеных і пераабсталяваных жылых памяшканьняў.

Жыхары дома 34а па вуліцы Пестрака ў Горадні зьмясьцілі ў інтэрнэце ролік, у якім распавядаюць пра свае пакуты:

XS
SM
MD
LG