Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Аліневіча: «Як чарга сына званіць, дык губляецца ключ ад пакоя з тэлефонам»


Бацькі Ігара Аліневіча атрымалі ад сына запозьнены ліст з папярэджаньнем пра званок. Паўлу Севярынцу засталося адбыць на «хіміі» 5 месяцаў. Маці Эдуарда Лобава згадала, як наведвала івацэвіцкую калёнію летам у сьпёку. Мікалай Аўтуховіч ня лічыць патрэбным дамагацца для сябе датэрміновага вызваленьня.

Толькі днямі бацькі палітвязьня Ігара Аліневіча атрымалі ад яго ліст з паведамленьнем, што неўзабаве пазвоніць. Але гэты званок ужо адбыўся амаль два тыдні таму. Валянціна Аліневіч адзначае, што не ўпершыню лісты сына з такімі паведамленьнямі даходзяць зь вялікім спазьненьнем:

«Вось ён напісаў ліст 25 красавіка і адправіў нам, што званок будзе 5 траўня. У пэўны час. А сам ліст пайшоў з Наваполацку толькі 6 траўня. І 8-га траўня мы яго атрымалі. Такія рэчы ўвесь час адбываюцца. Ці бывала, што ён пісаў заяву пра тое, што хоча патэлефанаваць дамоў, а гэтая заява раптам губляецца і ў адміністрацыі кажуць, што ён не пісаў. Альбо раптам у гэты момант губляецца ключ ад пакоя, дзе стаіць тэлефон. Вось такія гульні».

Тэлефонны званок, пра які паведамляў бацькам Ігар Аліневіч, нягледзячы на тое, што ліст з папярэджаньнем не дайшоў, усё ж адбыўся. Бацька палітвязьня аказаўся дома і падняў слухаўку. Але, паводле Валянціны Аліневіч, раней бывала і так, што дазваніцца да бацькоў Ігару Аліневічу не ўдавалася. Паводле правілаў, якія дзейнічаюць у беларускіх турмах, вязьні маюць права званіць толькі на хатнія тэлефоны.

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі. Яго асудзілі за ўдзел у нападах на адміністрацыйныя будынкі на 8 гадоў зьняволеньня.

Павал Севярынец: «Мне засталося 5 месяцаў»


Сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец, які адбывае «хімію» ў спэцкамэндатуры Куплін Пружанскага раёну, вярнуўся да месца адбыцьця пакараньня пасьля трохдзённага адпачынку. На Вялікдзень Павал Севярынец пабываў дома ў Віцебску і вось зноў працуе ў гаспадарцы. Паводле Севярынца, заўваг ад адміністрацыі ён апошнім часам не атрымліваў, але і на датэрміновае вызваленьне не разьлічвае:

«У камэндатуры пра гэта нічога ня кажуць, абмінаюць гэтую тэму. Тэрмін у мяне заканчваецца праз 5 месяцаў і некалькі дзён, 19 кастрычніка званок. У паездку дамоў ужо пэўна ня пусьцяць».

Павал Севярынец асуджаны на 3 гады «хіміі» за ўдзел у мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў, які адбыўся 19 сьнежня 2010 году.

Маці палітвязьня Лобава: «У турме дрэнна і ў холад, і ў сьпёку»


Як вязьні беларускіх турмаў і калёній пераносяць сьпякоту, што ўсталявалася апошнім часам? Да 30 градусаў цяпла падымаецца ў гэтыя дні слупок тэрмомэтра ў Івацэвіцкім раёне, дзе знаходзіцца калёнія, у якой адбывае свой тэрмін палітвязень Эдуард Лобаў.

Пытаюся ў маці Эдуарда Лобава Марыны: што ёй вядома пра тое, як вязьні перажываюць сьпякоту? Марына Лобава згадала, як у 2011 годзе наведвала калёнію ўлетку, якраз калі было вельмі горача. У калёніі праводзіліся гэтак званыя «дні адчыненых дзьвярэй», калі сваякам дазвалялася пабыць ня толькі ў пакоі для спатканьняў, але і прайсьці на тэрыторыю калёніі. Марына Лобава падзялілася ўспамінамі:

«Езьдзіла, як толькі яго туды зьмясьцілі, на „дзень адчыненых дзьвярэй“. Бачыла, як яны там у дворыках сядзяць, на лаўках вынесеных. Там кожны атрад падзелены сеткай на дворыкі. Там можна сядзець, нават кашулю зьняўшы. Ценю там, праўда, няма: ані дрэў няма, ані навесу. Адкрытая прастора. Відаць, каб было бачна з вышак. Толькі ветрык можа дапамагчы, калі ёсьць. У турме дрэнна і ў холад, і ў сьпёку».

17 траўня Марына Лобава зьбіраецца ехаць да сына на спатканьне.

Палітвязень Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве. Інцыдэнт здарыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў. Маладафронтавец мяркуе, што стаў ахвярай правакацыі спэцслужбаў.


Мікалай Аўтуховіч: «Не хачу такога вызваленьня»


Мікалай Аўтуховіч даслаў зь няволі ліст, у якім зноў ацэньвае пэрспэктывы датэрміновага вызваленьня. Палітвязень, якому да дня вызваленьня засталося паводле прысуду 11 месяцаў, гэтак выказваецца пра свабоду праз памілаваньне. Вытрымку зь ліста Мікалая Аўтуховіча прачытала Інэса Яхліель, зь якой палітвязень даўно лістуецца:

«Шмат хто піша пра тое, што вось-вось могуць вызваліць палітвязьняў. А я, па вялікім рахунку, і не хачу такога вызваленьня. Лічу гэты гандаль поўным абсурдам. Ня буду далей разьвіваць гэтую тэму, скажу толькі, што я настроены да канца прайсьці сваё выпрабаваньне».

Паводле зьвестак ад Мікалая Аўтуховіча, ён шмат чытае, у тым ліку зноў актыўна вучыць ангельскую мову.

Мікалая Аўтуховіча трымаюць у гарадзенскай турме. Былы прадпрымальнік з Ваўкавыску асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня нібыта за захаваньне некалькіх патронаў. Аўтуховіч лічыць прысуд палітычна матываваным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG