Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве заклікалі бараніць Андрэя Жукаўца


Анатоль Міхнавец і Марэк Будзька
Анатоль Міхнавец і Марэк Будзька

«Гэта будзе ганьба для польскай дзяржавы, калі ў ёй зьявіцца першы беларус-палітвязень», — заявіў адзін з кіраўнікоў фундацыі «Свабода і дэмакратыя», былы супрацоўнік амбасады Польшчы ў Беларусі Марэк Буцька ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў польскай сталіцы. Беластоцкі акружны суд прысудзіў Андрэя Жукаўца да 3 гадоў пазбаўленьня волі за махлярства пры атрыманьні ў Беларусі крэдыту. Жукавец заяўляе, што ягоная справа гэта перасьлед за апазыцыйную дзейнасьць.

«Мы патрабуем пераносу справы Андрэя Жукаўца зь Беластоку ў іншы горад, бо ня верым тамтэйшай судовай сыстэме», — гэтак кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Беларуская нацыянальная памяць» (БНП) Анатоль Міхнавец бараніў Андрэя Жукаўца ў часе адмыслова скліканай у Варшаве прэсавай канфэрэнцыі.

Анатоль Міхнавец
Анатоль Міхнавец
Паводле ягоных словаў, у матэрыялах справы Жукаўца, якая цягнецца ўжо амаль 14 гадоў, знойдзеныя каля 600 памылак у саміх толькі перакладах дакумэнтаў на польскую мову, прадстаўленых беларускім бокам. Найбольш яскравыя недакладнасьці (адсутнасьць подпісаў, зьмена прозьвішчаў і назваў банкаў і гэтак далей) былі прадстаўленыя шляхам параўнаньня копіяў расейскамоўных арыгіналаў ды польскамоўных перакладаў.

Паводле кіраўніка БНП усе гэтыя матэрыялы ў Беластоку былі прынятыя без аніякай крытыкі, а «на судовыя абвінавачаньні ў бок перакладчыкаў што да недакладнасьцяў, вырак быў такі — яны папросту стаміліся».

«Беластоцкі судзьдзя супрацоўнічаў таксама з праваахоўнымі органамі Беларусі. Мы пісалі лісты ў Генэральную пракуратуру, Міністэрства юстыцыі, каб не было такога супрацоўніцтва. Судзьдзя супрацоўнічаў, прыкладам, з беларускай судзьдзёй Натальляй Пыкінай — яна знаходзіцца ў чорным сьпісе ЭЗ. Яна асудзіла Мікіту Ліхавіда, які браў удзел у пратэстах у 2010 годзе. Дык вось жа яна займалася фальсыфікацыяй справаў беларускіх апазыцыянэраў, а цяпер дасылае матэрыялы допытаў польскаму суду. Як у Беларусі дапытваюць, вы, спадзяюся, ведаеце», — казаў Міхнавец.

Ён адзначыў, што праблемы спадара Жукаўца (у Беларусі ў 90-я ён быў дырэктарам фірмы «Трэйс» і, як кажа Анатоль Міхнавец, дапамагаў НДА і апазыцыі) пачаліся пасьля затрыманьня ў 1996 годзе ў часе Чарнобыльскага шляху, калі яго прысудзілі да 10 сутак арышту — праверкі дзейнасьці фірмы, допыты ў КДБ, у выніку — уцёкі ў Польшчу, у Беласток у 1999-м.

Між тым Марэк Буцька заявіў, што перакананы ў тым, што Андрэй Жукавец асуджаны несправядліва і гэты выпадак у Беластоку можа дрэнна паўплываць на імідж усёй Польшчы.

будзе вельмі дрэнна для іміджу Польшчы на міжнароднай арэне, калі мы станемся выканаўчым органам беларускіх спэцслужбаў
«Я асабіста ня веру ў крымінальныя абвінавачаньні супраць яго (Жукаўца — рэд), ня веру ў тое, што вырак — справядлівы, ня веру ў тое, што справа вялася аб’ектыўна і справядліва. Ёсьць шмат доказаў, што справу фальсыфікавалі. Таму будзе вельмі дрэнна для іміджу Польшчы на міжнароднай арэне, калі мы станемся выканаўчым органам беларускіх спэцслужбаў ды будзем у сябе асуджаць беларускіх апазыцыянэраў».

Спадар Буцька падкрэсьліў таксама, што ў часе працэсу пракурор запатрабаваў для Андрэя Жукаўца 2 гадоў пазбаўленьня волі умоўна, але судзьдзя прысудзіў 3 гады не умоўнага, але рэальнага зьняволеньня.

У сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі меліся ўзяць удзел таксама беларускія праваабаронцы, а таксама прадстаўнікі Маладога Фронту (сябрам якога, паводле удзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі, быў Андрэй Жукавец), але яны, паводле кіраўніка БНП, не пасьпелі прыехаць.

Не было ў Варшаве і Андрэя Жукаўца.

Беластоцкі акружны суд прысудзіў Андрэя Жукаўца да 3 гадоў пазбаўленьня волі і 15 тысячаў злотых штрафу за махлярства пры атрыманьні ў Беларусі крэдыту ў памеры каля 700 тысячаў даляраў. Судзьдзя Томаш Шыманьскі прызнаў, што доказы, прадстаўленыя беларускім бокам ёсьць «вартымі даверу». Жукавец не прызнаў сваёй віны ды заявіў, што абскардзіць вырак, бо ягоная справа гэта перасьлед за апазыцыйную дзейнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG