Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У «Эўранэсьце» ад Беларусі будзе толькі апазыцыя


Прадстаўнікі беларускай апазыцыі возьмуць удзел у трэцяй пленарнай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» («Эўранэст»), якая пройдзе 28–29 траўня ў Брусэлі.

Запрашэньне атрымалі Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду» і аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

Як паведаміў БелаПАН старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, у пытаньні беларускага прадстаўніцтва ў «Эўранэсьце» дэмакратычныя сілы маюць «узгодненую і нязьменную пазыцыю». Яна палягае ў тым, што «паўнавартасна прадстаўляць Беларусь у „Эўранэсьце“ могуць толькі дэпутаты, якія будуць абраныя на свабодных і празрыстых выбарах».

«Афіцыйны Менск страціў чарговы шанец атрымаць такое паўнавартаснае прадстаўніцтва ў „Эўранэсьце“ пасьля правядзеньня парлямэнцкіх выбараў 2012 году па несвабодным сцэнары. Да наступных парлямэнцкіх выбараў паўнавартасны ўдзел Беларусі ў „Эўранэсьце“ замарожаны», — адзначыў Янукевіч.

У той жа час, дадаў ён, прысутнасьць прадстаўнікоў беларускай апазыцыі на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» дазволіць наўпрост даносіць да эўрапарлямэнтароў інфармацыю пра становішча ў краіне:

«Мы будзем казаць пра разьвіцьцё палітычнай сытуацыі ў краіне, у тым ліку пра неабходнасьць вызваленьня палітвязьняў, а таксама пра тое, што Эўразьвяз можа зрабіць для Беларусі ўжо цяпер у аднабаковым парадку. Я маю на ўвазе спрашчэньне візавага рэжыму, інтэнсыфікацыю кантактаў паміж людзьмі. Наша прапанова Эўропе — не гуляць паводле правілаў, устаноўленых беларускімі ўладамі.

Афіцыйны Мінск даводзіць да Брусэля, што чакае ад Эўразьвязу нейкіх крокаў. На самой справе ключ да нармалізацыі адносін знаходзіцца ў Менску, перадумовы для дыялёгу пазначаныя і застаюцца нязьменнымі».
XS
SM
MD
LG