Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адказных за знос гістарычнага будынка ў Смалянах — няма?


З Аршанскага райвыканкаму прыйшоў адказ на ліст аршанскіх актывістаў і краязнаўцаў, абураных руйнаваньнем гістарычнага будынка — дамініканскага кляштара ў вёсцы Смаляны.

Аршанскія ўлады паведамляюць, што 2 траўня 2013 г. адбылося чарговае пасяджэньне каардынацыйнай рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Аршанскім райвыканкаме, і адным з пытаньняў на парадку дня было «Аб правядзеньні земляных работ каля руінаў былога дамініканскага касьцёла ў пасёлку Смаляны Аршанскага раёну».

На пасяджэньні прысутнічала прадстаўніца Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафэсар, вядучы навуковы супрацоўнік Вольга Ляўко.

Спадарыня Ляўко разам з прадстаўнікамі аддзелу культуры Аршанскага райвыканкаму выяжджала ў Смаляны абсьледаваць помнік архітэктуры — неўзабаве пасьля таго, як 17 красавіка там быў амаль што зруйнаваны колішні жылы будынак дамініканскага кляштара, пазьней прыстасаваны пад сельскагаспадарчыя майстэрні.

У лісьце з Аршанскага райвыканкаму грамадзянам, якіх устурбаваў несанкцыянаваны знос будынка, паведамляецца, што ў Смалянах ёсьць «помнік гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь — рэшткі былога дамініканскага касьцёла», што побач зь ім знаходзіцца былы аднапавярховы манастырскі будынак, але «названы будынак помнікам архітэктуры не зьяўляецца». Што да касьцёла, то «ахоўная зона дадзенага помніка на сёньняшні дзень не распрацаваная».

Тым ня менш парушэньне заканадаўства прызнана. У лісьце з райвыканкаму гаворыцца, што «выкапаныя катлаваны побач з помнікам архітэктуры — руінамі былога дамініканскага касьцёла XVIII ст. носяць несанкцыянаваны характар, аб чым у пісьмовым выглядзе, згодна зь дзейным заканадаўствам, аддзелам культуры Аршанскага райвыканкаму быў папярэджаны ўласьнік» — СП «Смаляны».

Але чамусьці выканкам так і ня ведае, хто займаўся руйнаваньнем будынка, рэшткі якога зьбіраліся закапаць у тых катлаванах. Бо чыноўнікі цьвердзяць, што «загад аб зносе ўказанай пабудовы з боку адміністрацыі сельгаспрадпрыемства „Смаляны“ не выдаваўся».

Выходзіць, гістарычны будынак на тры чвэрткі разбурыў невядома хто, кажа Ігар Казьмярчак, адзін з аўтараў ліста ў райвыканкам:

«Па мясцовым тэлеканале „Скіф“ паказвалі пасяджэньне Аршанскага райсавету, які чамусьці даваў справаздачу не сваім выбарцам, а райвыканкаму. Пасьля выступу прадстаўніцы Смалянаў старшыня райвыканкаму пачаў казаць: маўляў, у вас добрая вёска, але ў цэнтры непарадак, поўна нейкага хламу... Верагодна, мясцовыя так зразумелі старшыню райвыканкаму, што й пачалі з гэтым „хламам“ змагацца».

У лісьце за подпісам намесьніка старшыні райвыканкаму Сьмірноўскага насамрэч гаворыцца пра тое, што былы кляштарны будынак быў у аварыйным стане і ствараў патэнцыйную небясьпеку для мясцовых жыхароў.

Але што можна зрабіць у гэтай сытуацыі і ці прынятыя да разгляду прапановы мясцовых актывістаў, улады нічога ня пішуць, працягвае Ігар Казьмярчак:

«Атрымалася размова сьляпога з глухім. Можна ўявіць, як муж зьвяртаецца да жонкі: „Мілая, у цябе няма зімовага абутку. Давай зьбярэмся, пройдзем па гэтых канкрэтных крамах, нешта выберам ды набудзем табе боты“. А жонка яму ў адказ: „Мілы! Самыя першыя гандлёвыя аб’екты зьявіліся яшчэ ў старажытным Эгіпце ды Мэсапатаміі“... і чытае лекцыю на 45 хвілін! Так і тут: мы пішам у выканкам, што прапануем зрабіць 4 крокі, якія прывядуць да станоўчых вынікаў. А ў адказ нам апісваюць гісторыю будынка, гісторыю праблемы, і ні слова пра тое, ці будзем яе вырашаць, ці ня будзем вырашаць».

Абскарджваць такі адказ у вышэйшых інстанцыях практычна ня мае сэнсу, кажа спадар Казьмярчак. Бо няма сэнсу абскарджваць пералік гістарычных дат і падзеяў. Таму актывісты вырашылі пайсьці іншым шляхам: у суполкі «Зьвяз» ёсьць ідэя стварыць інвэстыцыйны праект па адраджэньні гістарычнай спадчыны ў Смалянах і прапанаваць яго райвыканкаму.
XS
SM
MD
LG