Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі бізнэсовец заснаваў помнік у Леніне


Фота budzma.org

Фота budzma.org

12 траўня ў вёсцы Ленін, што ў Жыткавіцкім раёне, усталявалі мэмарыяльны камень у памяць 1200 мясцовых жыхароў, якіх закатавалі нацысты ў лютым 1943 году.

Помнік зроблены на ініцыятыву Антонія Анджэя Аскальдовіча, польскага бізнэсоўца, продкі якога жылі ў мястэчку Ленін і ваколіцах.

Мэмарыял знаходзіцца ў цэнтры вёскі, побач з брацкай магілай салдатаў і афіцэраў Чырвонай Арміі, якія загінулі, калі вызвалялі паселішча ў 1944 годзе.

Імшу і цырымонію асьвячэньня помніку правялі архірэй, епіскап Тураўскі Леанід, адміністратар Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’яненка. Пасьля набажэнства быў зладжаны супольны хросны ход на мясцовыя могілкі, дзе прагучала памінальная малітва.

Афіцыйныя беларускія ўлады прадстаўляла старшыня Жыткавіцкага раённага савету дэпутатаў Ніна Рамановіч.

У імпрэзе ўдзельнічаў дарадца амбасады Польшчы ў Беларусі Аляксандр Васілеўскі, генэральны консул Польшчы Марэк Пендзюх, Антоній Анджэй Аскальдовіч, ягоныя сваякі, а таксама мясцовыя жыхары, сярод якіх яшчэ засталіся сьведкі трагедыі 1943 году.
XS
SM
MD
LG