Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія санкцыі могуць паўзьдзейнічаць на Лукашэнку?


Юлія Карасьцялёва
Юлія Карасьцялёва
Адказ на гэтае пытаньне паспрабавала знайсьці выкладчыца эканомікі бізнэсу Унівэрсытэцкага Коледжу Лёндану беларуска Юлія Карасьцялёва. Яе дасьледаваньне «Уплыў мэтавых санкцый на Беларусь» было выкананае на замову Эўрапарлямэнту. У ім робіцца агляд дасьледаваньняў эфэктыўнасьці эканамічных санкцый адносна розных краінаў сьвету, прыводзяцца вынікі аналізу структуры беларускай палітыка-эканамічнай сыстэмы, пазначаюцца ўразьлівыя месцы гэтай сыстэмы.

У інтэрвію Свабодзе доктар Карасьцялёва распавяла пра асноўныя вынікі свайго дасьледаваньня. Зь ёй гутарыў Юры Дракахруст.

РС: Юлія, наколькі я зразумеў, галоўныя высновы вашага дасьледаваньня такія: паводле міжнароднага досьведу буйныя, «маштабныя» санкцыі збольшага неэфэктыўныя і яны ня будуць эфэктыўнымі адносна Беларусі, пэўны эфэкт могуць прынесьці «разумныя» (smart) санкцыі, скіраваныя адносна пэўных, уплывовых у грамадзтве групаў.

Давайце па парадку – чаму неэфэктыўныя «буйныя» санкцыі? Некаторыя мяркуюць, што, скажам, вызваленьне палітвязьняў у Беларусі ў 2008 годзе адбылося менавіта з прычыны амэрыканскіх санкцый адносна «Белнафтахіму». Таксама існуе меркаваньне, што і зараз толькі эўрапейскае эмбарга на імпарт беларускіх нафтапрадуктаў хутка прымусіла б афіцыйны Менск пайсьці на саступкі. Вынікі вашых дасьледаваньняў супярэчаць гэтым тлумачэньням і прагнозам?

Карасьцялёва: Большасьць экспэртаў згаджаюцца, што ў той час як эфэктыўнасьць узьдзеяньня шырокамаштабных эканамічных санкцый на рэжым абмежаваная, іх нэгатыўныя наступствы для насельніцтва і бізнэсу, які ня мае падтрымкі ўлады, відавочныя. Існуе дастаткова эмпірычных аргумэнтаў, якія пацьвярджаюць неэфэктыўнасьць шырокамаштабных санкцыяў, а таксама іх сур'ёзныя гуманітарныя наступствы (напрыклад, Ірак, Гаіці і былая Югаславія ў пачатку 1990-х). У выпадку Іраку, напрыклад, прыводзяцца зьвесткі, паводле якіх гандлёвае эмбарга абярнулася стратамі магчымых даходаў ад нафты ў памеры $175 млрд. – $250 млрд. Кошт месячнага спажываньня прадуктаў харчаваньня для асобна ўзятай сям'і ў Іраку павялічыўся ў 250 разоў за пэрыяд першых пяці гадоў дзеяньня санкцыйнага рэжыму.

Існуюць таксама доказы шчыльнай прычыннай сувязі паміж шырокамаштабнымі санкцыямі і распаўсюджваньнем карупцыі (гэта яскрава прадэманстраваў скандал з праграмай ААН для Іраку «Нафта ў абмен на харчаваньне»). Гандлёвыя санкцыі прыводзяць да стварэньня арганізаваных крымінальных сындыкатаў з удзелам бізнэс-элітаў – прыхільнікаў улады, і разьвіцьця «чорнага рынку». Яны атрымліваюць рэнту за кошт розьніцы паміж сусьветнымі цэнамі і тымі цэнамі, усталяванымі ўмовамі гандлю для краіны, якая знаходзіцца пад санкцыямі. У кіруючай эліты ў аўтарытарных рэжымах, а таксама ў бізнэс-групаў, зьвязаных з рэжымам, ёсьць шмат магчымасьцяў атрымаць нават выгаду ад увядзеньня санкцый у сувязі з тым, што ўлада можа кантраляваць разьмеркаваньне рэсурсаў і тавараў з дапамогай рознага роду абмежавальных мер.

Эфэктыўнасьць шырокамаштабных эканамічных санкцый мінімальная, але іх істотныя нэгатыўныя наступствы для насельніцтва прымусілі міжнародную супольнасьць перагледзець санкцыйную палітыку на карысьць мэтавых, так званых «разумных» санкцый, якія накіраваныя на пэўных прадстаўнікоў палітычнай і бізнэс-эліты, асацыяванай з рэжымам, Пры гэтым мінімізуюцца нэгатыўныя наступствы для насельніцтва. Да гэтага часу такой была пазыцыя Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Яна была накіраваная на пашырэньне эканамічных санкцый у дачыненьні да асобных прадстаўнікоў беларускай бізнэс-эліты, якія падтрымліваюць рэжым. І гэта адыграла не апошнюю ролю ў вызваленьні Андрэя Саньнікава і Дзьмітрыя Бандарэнкі ў красавіку 2012 году. Увядзеньне санкцый ЭЗ супраць Белнафтахіму і шэрагу іншых прамысловых флягманаў беларускай эканомікі будзе разглядацца як зрух у бок шырокамаштабных эканамічных санкцый з магчымымі нэгатыўнымі наступствамі перш за усё для насельніцтва Беларусі.

Белнафтахім забясьпечвае працай дзясяткі тысяч чалавек, зьяўляецца адной з важных крыніц папаўненьня дзяржбюджэту, і адпаведна, крыніцай індэксацыі заробкаў (якая вось ужо працяглы пэрыяд часу забясьпечвалася не за кошт павышэньня прадукцыйнасьці працы), а таксама нясе важную сацыяльную нагрузку, уключаючы ўтрыманьне дзіцячых дашкольных устаноў і фінансаваньне сацыяльных паслугаў у якасьці падаткаплацельшчыка. Увядзеньне санкцый ЭЗ супраць Белнафтахіму прывядзе да пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў Беларусі ў сярэднетэрміновым пэрыядзе (да моманту пакуль улады ня знойдуць альтэрнатыўныя рынкі збыту), перш за ўсё ў выглядзе скарачэньня сацыяльных паслугаў, павелічэньня схаванага беспрацоўя (так званы неаплочаны прымусовы адпачынак) і ўзмацненьня эміграцыі моладзі. Нарэшце, санкцыі супраць флягманаў беларускай эканомікі зробяць іх менш прывабнымі актывамі для замежных інвэстараў, пакідаючы Расею адзіным зацікаўленым інвэстарам, і скарачаючы магчымасьці для Беларусі прадаць іх з выгадай для сябе.

РС: У Беларусі выказвалася крытыка высноваў вашага дакладу, адзначалася, што паводле дакладу «буйныя», маштабныя санкцыі будуць балючымі для насельніцтва, але што ўладам будзе нескладана іх абысьці. Дык калі ўлады змогуць іх лёгка абысьці, кампэнсаваць, то як яны ўдараць па насельніцтву?

Карасьцялёва: Рэжым можа мінімізаваць наступствы санкцый для сябе альбо праз разьвіцьцё чорнага рынку, ствараючы магчымасьці для атрыманьня выгады для сябе і асацыяваных зь ім бізнэс-груп, альбо праз знаходжаньне альтэрнатыўных рынкаў збыту, што будзе спалучана з дадатковымі выдаткамі. Але сацыяльна-эканамічныя наступствы для насельніцтва ў цэлым, і асабліва для сацыяльна малаабароненых слаёў насельніцтва, у любым выпадку будуць непажаданыя, і выразяцца перш за усё ў павышэньні цэнаў на тавары і паслугі і ў зьніжэньні рэальных даходаў пры росьце інфляцыі. Такім быў сцэнар наступстваў санкцый супраць Іраку.

У цэлым, пакуль палітычная і бізнэс-эліта застаецца адносна абароненай, пакутуе асноўная маса насельніцтва. Такім чынам, на жаль, я мушу адзначыць, што выказаныя ў адным беларускім інтэрнэт-выданьні крытычныя заўвагі
датычна супярэчнасьці некаторых маіх аргумэнтаў, не зусім дакладна перадаюць зьмест высноваў маёй справаздачы, маніпулюючы імі. Аўтар крытыкі не палічыў неабходным перадаць сапраўдную сутнасьць маіх высноваў, а таксама не палічыў неабходным зьвярнуцца да публікацый, названых ў справаздачы. А ў іх даюцца досыць важкія эмпірычныя аргумэнты як наконт наступстваў для насельніцтва ўвядзеньня шырокамаштабных санкцый, гэтак і наконт адноснай абароненасьці, няўразьлівасьці ад такіх санкцый аўтарытарных рэжымаў.

РС: У дакладзе ў якасьці «разумных» санкцыяў называюцца абмежавальныя меры супраць буйных беларускіх бізнэсоўцаў кшталту Пефціева і іншых алігархаў – «кашалькоў» Аляксандра Лукашэнкі. Мяркуецца, што людзі кшталту Пефціева пад ціскам санкцый могуць у сваю чаргу рабіць ціск на палітычную ўладу? А ім ня могуць сказаць: «Вы зарабляйце грошы, а палітыка – гэта ня ваша справа»? Як сказаў аднойчы Лукашэнка : «Палітык у краіне толькі адзін». І гэта тычылася ня толькі апазыцыі, але і алігархаў.

Карасьцялёва: Палітык у краіне можа быць і адзін, але каб праводзіць палітыку, патрэбныя фінансавыя рэсурсы, і далёка ня ўсе інвэстыцыі ў Беларусі фінансуюцца зь бюджэту. Беларускія алігархі, ці як вы называеце іх, «кашалькі», ня толькі фармальна папаўняюць дзяржаўную казну, але і прымаюць актыўны ўдзел у фінансаваньні рознага кшталту дзяржаўных ініцыятываў (напрыклад, асноўным спонсарам прэзыдэнцкага спартовага клюбу зьяўляецца бізнэс-група «Трайпл»). Да таго ж алігархі ўзбагачаюць асобных прадстаўнікоў палітычнай эліты, забясьпечваючы паток фінансавых рэсурсаў на падтрыманьне іх асабістага дабрабыту. Не сакрэт, што чальцы «Сям'і» маюць наўпроставыя сувязі зь бізнэсамі асобных беларускіх алігархаў, маючы з гэтага асабістую фінансавую выгаду. Як палітычная эліта атрымлівае выгаду ад шчыльнага ўзаемадзеяньня зь бізнэс-элітай, так і бізнэс-эліта атрымлівае рознага кшталту прэфэрэнцыі. Гэта фармуе пэўны сымбіёз улады і бізнэсу, які задавальняе абодва бакі. Такім чынам, гэта ў інтарэсах улады падтрымліваць хатніх «кашалькоў», якія выступаюць крыніцай ня толькі дзяржаўнага бюджэтнага і квазі-бюджэтнага фінансаваньня, але і важнай крыніцай асабістага ўзбагачэньня прадстаўнікоў палітычнай эліты.

РС: А тое, што такі мэханізм: ціск на «кашалькі» Лукашэнкі – ціск «кашалькоў» на Лукашэнку – існуе – гэта вы так лічыце з агульных меркаваньняў ці з аналізу канкрэтнай беларускай сытуацыі? Залежнасьць уладара ад сваіх «кашалькоў» розная ў розных дзяржавах. Да таго ж ёсьць пытаньне, якую долю рэсурсаў Лукашэнкі складае ўнёсак алігархаў. На адной канфэрэнцыі ўладальнік парталу TUT.BY Юры Зісер сказаў, зьвяртаючыся да прадстаўнікоў заходніх дзяржаваў: «Калі вы хочаце ціснуць на «кашалькі» Лукашэнкі, то галоўны зь іх – гэта Пуцін. На Пуціна націскайце, калі хочаце». Паводле нядаўніх падлікаў адмыслоўцаў Інстытуту эканомікі НАН РБ летась расейскія датацыі Беларусі па газу і нафце склалі 10 мільярдаў даляраў – 15% ВУП. Дык можа на фоне такой шчодрасьці грошы айчынных «кашалькоў» Лукашэнкі для яго – на «кішэньныя» выдаткі, «на цыгарэты», так бы мовіць, і ён можа ігнараваць меркаваньні гэтых людзей?

Карасьцялёва: Так, я згодная, што расейскія датацыі складаюць адну з важных крыніц беларускага бюджэту, але, па-першае, гэтыя датацыі не бясконцыя, яны будуць працягваць скарачацца, пра што сьведчыць паступовае павышэньне цэнаў на імпарт энэрганосьбітаў з Расеі, пачынаючы з двухкратнага падвышэньня цаны на газ для Беларусі ў 2007 годзе. Па-другое, гэтыя датацыі не заўсёды стабільныя. Увядзеньне мыта на экспарт сырой нафты ў Беларусь у 2007-2009 паводле ацэнак некаторых спэцыялістаў каштавала беларускаму бюджэту $2 млрд. недаатрыманых даходаў. Можна прыгадаць і пэрыядычныя «малочныя» і іншыя гандлёвыя вайны з Расіяй. Па-трэцяе, падтрымка спалучаная з умовамі, якія не заўсёды супадаюць з інтарэсамі Лукашэнкі. Пранікненьне расейскага капіталу на беларускі рынак пачалося даўно, але кожны раз, калі назіраецца «пахаладаньне» ў адносінах паміж ЭЗ і Беларусьсю, гэты працэс узмацняецца, пакідаючы ўсё менш магчымасьцяў манэўру для беларускай палітычнай эліты. Як яйкі не кладуць ў адзін кошык, так і немэтазгодна рабіць стаўку на адзін «кашалёк», незалежна ад таго, якую долю ў агульным фінансаваньні складаюць іншыя кашалькі.

РС: У вашым дакладзе ўжываецца цікавы тэрмін – «гуртаваньне вакол сьцяга». Сутнасьць гэтага фэномэну – насельніцтва ўспрымае зьнешні ціск на рэжым, як недружалюбныя, варожыя дзеяньні супраць краіны, як такой, і кансалідуецца, гуртуецца вакол кіраўніцтва дзяржавы. Аднак існуе погляд, паводле якога Лукашэнка трымаецца ва ўладзе толькі таму, што ён выконвае славуты «сацыяльны кантракт», і насельніцтва толькі за «кармёжку» яго і падтрымлівае. І калі гэтая «пайка» зьменшыцца зь якіх бы то ні было прычынаў – ад унутранага крызісу ці ад зьнешніх санкцый – абвінавачваць у гэтым будуць Лукашэнку. І ніякага «гуртаваньня вакол сьцяга» ня будзе. Ці усё ж будзе? Гатоўнасьць насельніцтва «гуртавацца вакол сьцяга» розная ў розных краінах. Чаму Вы ацэньваеце яе як высокую ў сучаснай Беларусі?

Карасьцялёва: У міжнароднай практыцы існуе дастаткова прыкладаў, якія пацьвярджаюць фэномэн «гуртаваньня вакол сьцяга», асабліва, калі ўвядзеньне санкцый суправаджаецца значнымі гуманітарнымі выдаткамі. Напрыклад, у вачах іракцаў уся віна за гуманітарныя наступствы санкцый супраць Багдаду лягла на ЗША і ААН. Багдад даволі пасьпяхова абвінавачваў ААН у гуманітарным крызісе, выкліканым санкцыямі; прапаганда працавала як унутры краіны, так і за яе межамі, падсілкоўваючыся асьцярогамі, якія выказваліся прадстаўнікамі розных міжнародных гуманітарных групаў, уключаючы Арганізацыю Чырвонага Крыжа. Вядома, іншы варыянт разьвіцьця падзеяў таксама тэарэтычна магчымы, але для гэтага неабходна мець дастаткова моцную альтэрнатыўную сілу, якая можа зьяднаць вакол сябе насельніцтва краіны. Традыцыйна, гэтую ролю бярэ на сябе апазыцыя. Але беларуская апазыцыя фрагмэнтаваная (пра што сьведчыць падзел ў меркаваньнях нават наконт санкцый) і палітычна маргіналізаваная. Таму «гуртаваньне вакол апазыцыі» і масавыя пратэсты насельніцтва, якое вінаваціла б Лукашэнку ў наступствах санкцый, менш верагодныя. Па сутнасьці, увядзеньне шырокамаштабных санкцыяў будзе толькі на руку Лукашэнку, паколькі любое пагаршэньне эканамічнай сытуацыі, калі нават яно будзе абумоўлена відавочнымі расколінамі ў эканамічнай мадэлі Беларусі, можна будзе сьпісаць на Эўразьвяз, ствараючы імідж зьнешняга ворага ў вачах народа. Падобнага роду прапаганда знойдзе асабліва ўрадлівую глебу сярод людзей, выхаваных ў савецкай сыстэме. А «зацягваньне паясоў» для нашага народа – справа звыклая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG