Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісталет, выраблены на 3D-друкарцы, хочуць забараніць (відэа)


Пісталет, зроблены на 3d-друкарцы

Пісталет, зроблены на 3d-друкарцы

Занепакоенасьць вынаходніцтвам Кодзі Ўілсана ўжо выказалі некалькі ўплывовых амэрыканскіх палітыкаў. Глядзіце відэа з выпрабаваньняў пісталета.

Пісталет названы Liberator (з ангельскай мовы — «Вызвольнік»), створаны 25-гадовым Кодзі Уілсанам — вядомым у ЗША актывістам-прыхільнікам вольнага доступу да зброі. У Злучаных Штатах, дзе цяпер не сьціхае «антызбройная» кампанія, новае дасягненьне 3D-друку ўспрынялі неадназначна.

З 16 складнікаў надрукаванага на 3D-друкарцы пісталета мэталёвы толькі баёк (элемэнт ударна-пускавога мэханізму). Усё астатняе — з плястыку (калі не лічыць дадатковы кавалачак мэталу, устаўлены паводле патрабаваньняў амэрыканскага заканадаўства: у ЗША забаронена вырабляць зброю, якую нельга выявіць з дапамогай мэталадэтэктара). Пісталет разьлічаны на стандартны патрон калібру 9 на 17 мілімэтраў і можа вытрымаць да 11 стрэлаў.

Паводле задумы, ствол «Вызвольніка» можна пры неабходнасці замяніць. Чарцяжы для самастойнага стварэньня пісталета на 3D-друкарцы Кодзі Ўілсан выклаў у свабодны доступ.


Кодзі Ўілсан, які сам называе сябе крыптаанархістам, лічыць, што новыя тэхналёгіі кшталту 3D-друку або віртуальнай валюты паступова зьвядуць на нішто ролю ўрадаў і «вернуць ўладу індывіду і невялікім сувэрэнным суполкам». «Для яго 3D-друк азначае» сьвет, дзе кожны, калі мае такое жаданьне, можа мець агнястрэльную зброю. Гэта і ёсьць, на думку Кодзі Ўілсана, сьветам роўнасьці, — піша New Yorker.

Выданьне адзначае, што кошт 3D-друку за апошнія гады «надзвычай ўпаў, і тэхналёгія, якую стваралі для элітнага камэрцыйнага выкарыстаньня, становіцца даступнай у дамах тысячаў энтузіястаў». Хоць прынтэр, на якім працаваў Кодзі Ўілсан, каштуе каля 8000 даляраў, New Yorker піша пра тое, што базавы 3D-прынтэр цяпер можна набыць за некалькі сотняў даляраў. Даступнасьць для грамадзкасьці да нядаўняга часу амаль фантастычных тэхналёгіяў неўзабаве стане выклікам для чалавецтва.

Занепакоенасьць вынаходніцтвам Кодзі Ўілсана ўжо выказалі некалькі ўплывовых амэрыканскіх палітыкаў. Кангрэсмэн Стыў Ізраэл заявіў пра неабходнасьць распрацоўкі «Акту аб непрыкметнай зброі», які б рэгуляваў выраб і абарот зброі кшталту надрукаванага на 3D-друкарцы пісталета. А сэнатар Чарльз Шумер наагул сказаў, што запатрабуе забароны вырабу зброі на 3D-друкарцы.

Абодва кажуць, што іх мэта — не абмежаваць правы людзей, а зрабіць такую зброю недаступнай для тэрарыстаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG