Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпартэры бязь межаў» заступіліся за Ярашэвіча, Галко і Грузьдзіловіча


Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» асудзіла чарговыя арышты журналістаў у Менску і запатрабавала вызваліць Аляксандра Ярашэвіча і Дзьмітрыя Галко.

Журналіст «Радыё Рацыя» Аляксандр Ярашэвіч і блогер Дзьмітрый Галко былі затрыманыя ў Менску вечарам 6 траўня пасьля сустрэчы з турмы на Акрэсьціна арыштаваных удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху».

Галко і Ярашэвіч ў судзе былі прызнаныя вінаватымі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікаў міліцыі і асуджаныя на 10 і 12 сутак адміністрацыйнага арышту адпаведна.

У заяве «Рэпартэраў бязь межаў» адзначаецца:

«Абсурдныя абвінавачаньні, на падставе якіх суд прысудзіў да арышту Ярашэвіча і Галко, яшчэ раз сьведчаць аб рашучасьці уладаў душыць незалежную журналістыку ў Беларусі»

Праваабарончая арганізацыя таксама зьвяртае ўвагу на тое, што суды над Ярашэвічам і Галко праходзілі з парушэньнямі іх права на справядлівае разьбіральніцтва:

«Яны павінны быць неадкладна вызваленыя», — рэзюмуюць «Рэпартэры бязь межаў».

Аўтары заявы таксама асудзілі папярэджаньне, вынесенае 8 траўня менскай пракуратурай журналісту Радыё Свабода Алегу Груздзіловічу за рэпартаж і кнігу «Хто ўзарваў менскае мэтро?»
XS
SM
MD
LG