Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны хакей у Сочы. Фінал без Лукашэнкі


Аматарская каманда Аляксандра Лукашэнкі крыўдуе на намесьніка кіраўніка «Газпрому» з-за дыскваліфікацыі ў хакейным турніры ў Сочы.

Першы канал БТ патлумачыў прычыны дыскваліфікацыі каманды Аляксандра Лукашэнкі з турніру аматарскіх каманд у Сочы інтрыгамі намесьніка старшыні «Газпрому» Аляксандра Мядзьведзева.

У спэцыяльным рэпартажы з перадалімпійскіх аб’ектаў Сочы, Першы канал БТ даводзіў, што каманда, у якой гуляе Лукашэнка з сынамі, выйграла ўсе матчы, але засталася без галоўнага прыза Ўсерасійскага фэстывалю аматарскіх каманд і датэрмінова пакінула турнір.

Каманду дыскваліфікавалі, не пусьцілі ў фінал спаборніцтваў з-за таго што ў яе складзе гулялі былыя спартоўцы з каманд майстроў, а таксама што Віктару і Дзьмітрыю Лукашэнкам меней за 40 гадоў, што не адпавядае ўмовам спаборніцтваў.

БТ патлумачыла прычыну дыскваліфікацыі беларускай каманды пратэстамі і інтрыгамі намесьніка старшыні праўленьня «Газпрома», кіраўнік КХЛ Аляксандра Мядзведзева, якога БТ назвала «вядомым скандалістам»:

«Са сваім «Неўскім легіёнам» ён прайграў матч, але вельмі хацеў паўдзельнічаць у галоўным матчы фэстывалю. Ён і стаў ініцыятарам кулюарнага разбору. Наша заяўка пасярэдзіне турніру раптам стала не адпавядаць рэглямэнту",— сьцьвярджаюць аўтары фільма БТ пра турнір.




Каманда Лукашэнкі па ходу аматарскага турніру выйграла ў каманды з Канады зь лікам 11-0, каманду з Малдовы перайграла зь лікам 8-4, дружыну з Сэрбіі — 11-7.

"Абарону каманды цэмэнтавалі сыны Аляксандра Лукашэнкі Віктар і Дзьмітрый«,— сьцьвярджае БТ, у гульні з малдаванамі лепшым быў названы Віктар Лукашэнка.

Чакалася, што ў фінале турніру возьме ўдзел сам Аляксандар Лукашэнка. Аднак у фінал яго і ўсю ягоную каманду не пусьцілі.


Перад паўфінальным матчам пасьля пратэсту Мядзьведзева выявілася, што 13 хакеістаў зь беларускай каманды нядаўна былі прафэсійнымі гульцамі, што не адпавядае рэглямэнту турніру і тлумачыць лёгкія выйгрышы беларусаў. Але тыя працягвалі ўпірацца і зьявіліся на паўфінал у поўным складзе, з дыскваліфікаванымі гульцамі, пачатак гульні зацягвалі спрэчкі. Гульню з аматарскай камандай з Пецярбурга ўсё ж пачалі, беларусы ў ёй перамаглі 4-1.

Але пасьля гэтага матча кіраўніцтва Расейскай аматарскай лігі вырашыла дыскваліфікаваць каманду Лукашэнкі, якой залічылі тэхнічную паразу зь лікам 0-5. Пасьля гэтага працягваліся доўгія разборкі, але беларускай камандз з удзелам прафэсійных гульцоў гуляць так і не дазволілі.

У фінале турніру ў Сочы першую шайбу укідваў Уладзімер Пуцін. Пераможцам стала каманда зорак Начной хакейнай лігі, якая выйграла ў дружыны рэгіёнаў НХЛ зь лікам 12:3.

Сярод пераможцаў — легенды савецкага хакея Касатонаў, Каменскі, Якушаў, Макараў, Магільны, Фяцісаў, Бурэ, а таксама міністар абароны РФ Сяргей Шайгу, саксафаніст Ігар Бутман, адзін з кіраўнікоў «Газпрома» Аляксандр Мядзьведзеў...

Аляксандра Лукашэнкі з сынамі на гэтым матчы не было.

У той час як каманда Лукашэнкі на аматарскім турніры лёгка выйграла ў дружыны з Канады, беларуская зборная на чэмпіянаце сьвету ў Швэцыі прайграла канадцам 1-4.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG