Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пакістане пачалося галасаваньне на нацыянальных і рэгіянальных выбарах. Упершыню за 66-гадовую гісторыю краіны адбудзецца зьмена ўраду.

Напярэдадні выбараў у краіне адбыўся шэраг выбухаў, у выніку якіх загінулі больш за 100 чалавек. У дзень выбараў, 11 траўня, ужо прагучала два выбухі, у выніку якіх загінулі прынамсі 10 чалавек, яшчэ 32 атрымалі раненьні.

Паводле зьвестак паліцыі горада Карачы, адзін з выбухаў адбыўся побач са штабам Нацыянальнай партыі Авамі. Кандыдат ад гэтай партыі Аманулах Махсуд быў у штабе ў момант выбуху, аднак абышлося няцяжкімі траўмамі.

Таксама паведамляецца аб выбуху на выбарчым участку для жанчын у горадзе Пешавар, параненыя восем чалавек.

За дзень да галасаваньня прадстаўнікі групоўкі Талібан заклікалі грамадзян байкатаваць парлямэнцкія выбары і папярэдзілі аб заплянаваных нападах.

Для ўзмацненьня бясьпекі выбарчыя ўчасткі патрулююць 600000 вайскоўцаў,— паведамляе ВВС.

Перад адкрыцьцём выбарчых участкаў Пакістан зачыніў свае межы зь Іранам і Аўганістанам, каб такім чынам баевікі з суседніх краін не змаглі дабрацца на яго тэрыторыю ў дзень выбараў. Улады паведамілі, што межы будуць зачыненыя яшчэ тры дні пасьля галасаваньня.

Аднак многія галасуюць насуперак пагрозам талібаў аб выбухах. Да выбарчых участкаў пачалі выбудоўвацца чэргі яшчэ да іх адкрыцьця ў 8:00 раніцы суботы. На адным з выбарчых участкаў у Ісламабадзе у чарзе цярпліва чакаюць 200 чалавек. У доўгіх чэргах чакаюць жанчыны. Большасьць з іх галасуе ўпершыню, якія радыя стаць часткай гістарычных зьмен.

Выбарчыя ўчасткі зачыняцца ў 17 гадзін па мясцовым часе.

Дзьве партыі — Аб’яднаны нацыянальны рух і Нацыянальная партыя Авамі вымушаныя былі з-за нападаў згарнуць свае перадвыбарчыя кампаніі.

На дзьве іншыя партыі — Мусульманскую лігу Пакістану пад кіраўніцтвам былога прэм’ер-міністра Наваза Шарыфа і Рух за справядлівасьць, які ўзначальвае былы гулец у крыкет Імра Хан, — талібы амаль не нападалі.
XS
SM
MD
LG