Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніжка, якая пашырае веды пра Беларусь


Сёньня ў будынку нашага радыё ў Празе адбылася сустрэча журналістаў з Джоан Айві Станкевіч, аўтаркай кнігі ўспамінаў «Жыцьцё з водарам небясьпекі: Эўрапейскія прыгоды падчас падзеньня камунізму», якая нядаўна выйшла ў выдавецтве Outskirts Press у ЗША.

Джоан Айві Станкевіч разам са сваім мужам Вячкам Станкевічам, колішнім дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода (1989-1998), прыехалі ў Эўропу, каб прэзэнтаваць кніжку для чытачоў.

«У нас заплянавана каля 15 сустрэчаў, падчас якіх будзем прэзэнтаваць маю кніжку. Прэзэнтацыі пройдуць тут у Празе, потым у Польшчы, Італіі, і ў Мюнхэне. У Польшчы мы маем намер сустрэцца зь беларускай грамадзкасьцю, як у Варшаве, так і ў Беластоку. Мы будзем прэзэнтаваць сваю кніжку і адначасова яе прадаваць. Увесь даход пойдзе ў наш фонд Манро-Вільня, мэтай якога зьяўляецца пашырэньне дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе ды пашырэньне ведаў пра Беларусь на Захадзе. Манро — гэта назва гарадку ў ЗША, дзе я нарадзілася. А ў Вільні нарадзіўся Вячка» — сказала Джоан Айві Станкевіч у Празе.

Адносна рэакцыі чытачоў на сваю кніжку, Джоан Айві Станкевіч адзначыла:

«Кніжка выклікала большую зацікаўленасьць Беларусьсю сярод амэрыканскіх чытачоў. Некаторыя мне прызнаюцца, што яны цяпер сочаць за навінамі зь Беларусі, калі нешта там адбываецца, напрыклад, калі зь неба падаюць плюшавыя мядзьведзікі (сьмяецца).


Так што зьявілася большая ўвага да Беларусі. Раней мне здаралася чуць у Амэрыцы: Беларусь? А дзе гэта? Мая кніжка ня толькі зьмяшчае мапу Беларусі, але і што-нешта распавядае пра гэтую краіну. Дзякуючы кніжцы людзі даведваюцца больш пра Беларусь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG