Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяўба для вэтэрана: кожнага папрасіць і кожнаму заплаціць


Архіўнае фота

Архіўнае фота

Сьвята перамогі і дадатковыя выходныя дні вяскоўцы і ўладальнікі лецішчаў выкарыстоўваюць для засяваньня палёў і агародаў. Найцяжэй гэтую працу выконваць калгасным пэнсіянэрам, якія ў сталым веку засталіся без дапамогі сваіх гаспадарак і мясцовых уладаў.

Вёска Навасёлкі — найбліжэйшая да раённага цэнтру Мар’іна Горка. Многія жыхары гораду маюць у вёсцы дамы, якія засталіся пасьля бацькоў і цяпер выкарыстоўваюцца як лецішчы. Пасадка бульбы на такім лецішчы — абавязковы вясновы клопат у сям’і Ганны Крот:

«Жывём у горадзе, а садзім у вёсцы — хата ад бацькоў засталася. Прыяжджаем зь сястрой, пляменьнікамі і садзім бульбу, агарод таксама. Садзім трактарам — гэта мэханізатары, якія працуюць у калгасе, падхалтурваюць. Нехта мотаблёк набыў — хто як можа. Але трактарам ужо не пабарануеш. Тут адзін дзядзька каня трымае, то пойдзем яго прасіць. І дорага, і цяжка, і сем’і ў людзей меншыя, таму ня хочуць надта і бульбу садзіць, сьвіней і кароў трымаць. Бо трэба працаваць, працаваць і працаваць. Але ж затое — усё сваё».

Сам-насам з клопатам пра веснавыя пасевы застаюцца і вяскоўцы-калгасьнікі. Пасадка бульбы ў адсутнасьць калгасных гаспадарак — самая складаная задача, кажа жыхарка вёскі Слабада Ніна Фурс:

«У нас коней — днём з агнём ня знойдзеш. А конь ёсьць у таго, калі нехта купіў сам сабе. А некалі ж на калгаснай фэрме была стайня, шмат коней было, а зараз — нічога, дзе што і падзелася: ні хамутоў, ні пастронкаў — ну нічога. Хто дзе каго просіць-моліць — так і садзяць, а аплата па сотках і дорага. Пэнсіянэры дык за тры месяцы грошы зьбіраюць, бо трэба кожнага папрасіць і кожнаму заплаціць».

Найцяжэй даглядаць гаспадарку вясковым пэнсіянэрам: былыя калгасьнікі ў вёсцы — на роўных умовах з гараджанамі-дачнікамі, якім мясцовая гаспадарка нічым не дапамагае. 82-гадовая мясцовая жыхарка Надзея Піліповіч — былая калгасьніца і вэтэран вайны, але ніякіх прывілеяў ад уладаў ня мае:
Толькі на 9 траўня: адна была з калгасу, адна зь сельсавету — падарылі сто тысячаў рублёў — вось і ўвесь падарунак да сьвята

«Дзе ж хто дапамагае? Няма коней — сям-там той конь — хто чаго разжывецца, так і пасадзяць. А каня наняць — трэба дорага заплаціць».

Карэспандэнтка: «Вам, як вэтэрану, магчыма, ёсьць скідкі?»

«Няма ніякай скідкі для мяне ў гэтым калгасе — які кошт для ўсіх, такі і для мяне».

Карэспандэнтка: «А калгас, сельсавет часта вас адведваюць?»

«Толькі на 9 траўня: адна была з калгасу, адна зь сельсавету — падарылі сто тысячаў рублёў — вось і ўвесь падарунак да сьвята. У нас у вёсцы было 30 вэтэранаў, не засталося ніводнага. Толькі тыя вязьні засталіся, якіх у Нямеччыну на прымусовыя працы вывозілі, і нас нават адзінкі. Дык няхай бы падумалі, каб чым нам дапамагчы ці грошай больш даць, каб маглі заплаціць, — дык не, не дапамогуць. Вось такія мы вэтэраны, і такое да нас стаўленьне».
XS
SM
MD
LG