Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы знакаміты здымак Марата Казея зрабіў нямецка-фашысцкі акупант. Улетку 1941-га гэты фотааматар зайшоў у хату да Казеяў і за некалькі сьвежых курыных яек шчоўкнуў хлопца, як у найлепшых дамах Бэрліну. Піянэр, які на імгненьне зірнуў у нацэлены на яго аб’ектыў галоднага нелюдзя, нічым такім не вылучаўся. І біяграфія ў яго была даволі тыповая... Як і імя.

Мантаньяры, Шарлёта Кардэ, «А мўа, ма шэр амі»... Не, Маратам гэтага хлопчыка зь вёскі Станькава назвалі зусім ня ў гонар знакамітага якабінца, арганізатара масавых забойстваў, заколатага некалі проста ў ваньне. Аднак ускосна — так яно і было: новая ўлада тэрарыстаў абагаўляла, вось і лінкор Балтыйскага флёту «Петрапаўлаўск», на якім служыў бацька хлопца, Іван Казей, быў у 1921 годзе перайменаваны ў «Марат». Слова гэтае так спадабалася дэмабілізаванаму матросу, што ён вырашыў назваць сына ў гонар карабля.

Што такое вялікі тэрор, Марат Казей даведаўся задоўга да таго, як пачалася вайна. Бацьку, фанатычнага камуніста, які працаваў на Дзяржынскай МТС і быў старшынём таварыскага суду, забралі ў 1935-м, асудзілі за шкодніцтва, ён так і загінуў у ссылцы. Маці перад вайной забіралі «за трацкізм» некалькі разоў, але кожнага разу выпускалі, урэшце яе выгналі з працы і з інстытуту. І нават маючы перад вачыма такі лёс мужа і пазнаёміўшыся з сталінскімі сьледчымі, яна засталася перакананай прыхільніцай Саветаў і з пачаткам акупацыі кінулася дапамагаць партызанам, быццам загладжваючы сваю страшную «віну». Ужо ўвосень 1941-га маці нехта выдаў — і яе павесілі. Марат зь сястрой Арыяднай уцяклі ў лес.

Кажуць, ён заўжды насіў на поясе дзьве гранаты, адну — справа, другую — зьлева. «Каб, калі што, не пераблытаць: гэтая — немцам, гэтая мне», — адказваў Казей-малодшы, калі пыталіся, чаму б не павесіць іх разам. І не пераблытаў.

11 траўня 1944 году камандзір партызанскай выведкі Ларын і партызан Марат Казей завіталі ў вёску Харамецкія на Вузьдзеншчыне. Ларын пайшоў на сустрэчу з сувязным, Казей завітаў да знаёмых. Неўзабаве вёска была абкружаная паліцыяй і немцамі. Ларына падстрэлілі, калі ён бег цераз поле ў лес, Казей пасьпеў дабрацца да кустоў і трапіў у пастку. Выйсьця не было. Пакуль былі патроны — страляў, а потым, як абяцаў: адна немцам, другая сабе. Ішоў пятнаццаты год яго жыцьця. У той самы дзень у Італіі саюзьнікі пачалі наступ каля Касіна.

Цікава, ці разглядаў ён магчымасьць зрабіць хэндэхох, здацца? Напэўна, не. Здаецца, у такім разе яго чакалі б немінучыя катаваньні і сьмерць. То бок выйсьця не было. Ці выдаў бы сваіх, трапіўшы да ворага жывым? Хутчэй за ўсё, не. Верыцца чамусьці ў ягоны кібальчышызм. Ці прыходзіла яму калі-небудзь у галаву разьмеркаваць гранаты на поясе іншым чынам? Напрыклад, так: тая, што зьлева, за бацьку, тая, што справа, за матку? Пачаставаць камісараў за ўсё, што зрабілі з бацькамі? І тут, пэўне, адказ мае быць адмоўны. Ён, Марат, быў чырвоны хлопчык.

Цікава думаць і пра іншае. Пра тое, напрыклад, да якой кропкі даляцела б граната, калі б помнік Марату ў Менску мог яе кінуць. Маючы мінімальныя матэматычныя навыкі, траекторыю можна вылічыць. І пра тое, чаго ён не пасьпеў спазнаць. Напэўна, парады. Мэдалі. Жанчыны, каханьне. Дзеці. Даклад пра культ асобы. Можа, ён пайшоў бы ў КДБ, а можа — у дысыдэнты. Унукі. Дачныя соткі. Канец імпэрыі. Тэарэтычна ён мог бы дажыць да сёньняшняга дня, яму б было 84. А яшчэ чамусьці пра тое, што вось, ёсьць вядомы здымак 1945-га, дзе састарэлы фюрэр незадоўга да сваёй сьмерці абыходзіць з усьмешкай шэрагі нямецкіх хлопчыкаў ва ўзросьце Казея, якіх пасылае на верную сьмерць. Тузае ласкава за шчокі. Падымае баявы дух. Нягледзячы на тое, што кожнага зь іх Марат Казей прыкончыў бы без усялякіх ваганьняў, у нейкім сэнсе яны ўсе стаяць зь ім у адной шарэнзе. Дарослыя прыдумляюць вайну, каб нейкія канкрэтныя дзеці паміралі, падарваўшы сябе гранатай. А жыць застаецца подзьвіг народа. У вяках і іншых прыгожых рамачках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG