Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч ня можа ўмешвацца ў справу былой прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі, таму што гэта азначала б парушэньне закона, заявіў у Вашынгтоне міністар замежных справаў Украіны Леанід Кажара.

Выступаючы ў публічных дыскусіях, Леанід Кажара заявіў, што Ўкраіна далучаная да справы эўрапейскай інтэграцыі і ўпэўнена ідзе па шляху рэформаў.

Знаходзячыся ў Вашынгтоне, міністар замежных справаў Украіны Леанід Кажара заявіў, што Ўкраіна ў складаных эканамічных умовах ажыцьцяўляе рэформы, неабходныя для збліжэньня з Эўрапейскім зьвязам і падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі ў лістападзе сёлета. Сярод рэформаў, якія Ўкраіна ажыцьцяўляе, згодна з рэкамэндацыямі Эўрапейскага зьвязу, Леанід Кажара назваў рэформу бюджэтнага фінансаваньня, выбарчага заканадаўства, сфэры вяршэнства права.

Аднак, ён адзначыў, што, як бы моцна Ўкраіне і яе партнэрам не хацелася збліжэньня, ёсьць рэчы, на якія выканаўчая ўлада і прэзыдэнт ня могуць паўплываць. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра справу Юліі Цімашэнкі, былой кіраўніцы ўраду, якая застаецца ў турме па абвінавачваньні ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Па словах Кажары, прэзыдэнт Украіны таксама зрабіў крок, які сьведчыць аб незваротнай прыхільнасьці Ўкраіны справе эўрапейскай інтэграцыі. Ён памілаваў шасьцярых асуджаных, абвінавачаных сярод іншага ў карупцыі і выдаткоўваньні бюджэтных грошай, сярод якіх былі былы міністар унутраных спраў Юрый Луцэнка і міністар аховы навакольнага асяродзьдзя Георгій Філіпчук.

«Хтосьці мог бы спытаць, чаму прэзыдэнт таксама не пашкадаваў былога прэм’ер-міністра Юлію Цімашэнка? Адказ заключаецца ў плоскасьці вяршэнства права. Прэзыдэнт ня можа памілаваць зьняволенага, пакуль той не выкарыстоўваў ўсіх прававых магчымасьцяў. Таксама ёсьць і іншыя справы, распачатыя супраць Цімашэнкі», — заявіў Кажара і дадаў: " Паверце мне, ніхто не шчасьлівы, што пані, прыгожая пані, былая прэм’ер-міністр, знаходзіцца ў турме. Але ўсё павінна адбывацца па законе «.

Леанід Кажара паскардзіўся на тое, што на Захадзе неаб’ектыўна ставяцца да Партыі рэгіёнаў, таму што сымпатыі Захаду былі на баку Аранжавай рэвалюцыі.

калі б партыя Юліі Цімашэнкі была пры ўладзе сёньня, Захад дараваў бы ёй шмат
«Наша праблема, праблема кіруючай партыі заключаецца ў тым, што мы не падтрымалі Аранжавую рэвалюцыю ў 2004 годзе. Лёгіка і традыцыя палітычнай барацьбы ва Ўкраіне паказалі, што мая партыя была па іншы бок барыкады. Але гэта ня значыць, што мы не выступаем за прагрэс, рэформы і эўрапейскую інтэграцыю. Я ўпэўнены, што, калі б партыя Юліі Цімашэнкі была пры ўладзе сёньня, Захад дараваў бы ёй шмат», - сказаў Леанід Кажара.

Паводле яго словаў, пасьля перамогі Аранжавай рэвалюцыі многія яго паплечнікі па партыі патрапілі ў турму, пацярпеў і ён асабіста, калі яго звольнілі па палітычных прычынах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG