Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі «губэрнатар» Дворнік: далей ад палітыкі, бліжэй да гаспадаркі


Уладзімер Дворнік, фота <a href="http://newsgomel.by/%D0%B3%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D0%BD%D0%B0%D1%8F/%D0%B2%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D0%B8%D0%BC%D0%B8%D1%80-%D0%B4%D0%B2%D0%BE%D1%80%D0%BD%D0%B8%D0%BA-%D0%BD%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D0%B7%D1%8F-%D0%B7%D0%B0%D0%B1%D1%8B%D0%B2%D0%B0%D1%82%D1%8C-%D0%BB%D1%8E-39956.html">newsgomel.by</a>
Уладзімер Дворнік, фота <a href="http://newsgomel.by/%D0%B3%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D0%BD%D0%B0%D1%8F/%D0%B2%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D0%B8%D0%BC%D0%B8%D1%80-%D0%B4%D0%B2%D0%BE%D1%80%D0%BD%D0%B8%D0%BA-%D0%BD%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D0%B7%D1%8F-%D0%B7%D0%B0%D0%B1%D1%8B%D0%B2%D0%B0%D1%82%D1%8C-%D0%BB%D1%8E-39956.html">newsgomel.by</a>

Працягваем цыкль расповедаў пра найбольш адметных дзеячаў прэзыдэнцкай «вэртыкалі». Трэці год Гомельскай вобласьцю — адной з самых вялікіх у Беларусі — кіруе Ўладзімер Дворнік.

За два дні да 2011 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў на пасаду кіраўніка Гомельскай вобласьці Ўладзімера Дворніка. Новы «губэрнатар» — зь мясцовых. Нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Ровенская Слабада, што ў Рэчыцкім раёне. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Віцебскім вэтэрынарным інстытуце. Працаваў у аграрным комплексе трох раёнаў — Рэчыцкага, Нараўлянскага, Мазырскага. Затым ачоліў Мазырскі раён. З гэтай пасады і пайшоў на «губэрнатарскую».

Дворніка пачалі заўважаць, калі ён стаў кіраўніком саўгасу-камбінату «Зара» Мазырскага раёну. У шматгаліновай гаспадарцы, дзе вырошчвалі курэй і сьвіней, была арганізавана перапрацоўка ўласнай прадукцыі зь сеткай фірмовага гандлю «Дары ад „Зары“». Прадавалі мясныя паўфабрыкаты, курэй, каўбасы, субпрадукты. Яшчэ адзін «канёк» гаспадаркі — вырошчваньне кукурузы. Саўгас-камбінат пачалі ўключаць у маршруты кіраўніка дзяржавы па так званых узорных гаспадарках.

Калі чарговага старшыню Мазырскага райвыканкаму забралі ў Менск, Уладзімера Дворніка «паставілі на раён». Далей — адразу ў старшыні аблвыканкаму. Рэкамэндаваў Дворніка былы кіраўнік Гомельшчыны Аляксандар Якабсон.

Адзін з спэцыялістаў аграпрамысловага комплексу рэгіёну так пракамэнтаваў надзвычай хуткі кар’ерны ўзьлёт Уладзімера Дворніка:

«Дворніка прызначылі, а ня выбралі. На такі крок Дворніка прымусіў пайсьці прэзыдэнт. Адмаўляцца ад прымусу Ўладзімеру Андрэевічу было рызыкоўна, бо яго дырэктарскія дні і ў „Зары“, і на пасадзе старшыні райвыканкаму былі б скарочаныя да мінімуму. Рэспубліцы Беларусь трэба не раздуваць і ўмацоўваць кіраўнічы апарат у абласьцях і раёнах шляхам прыцягваньня талентаў зь вёскі, а адшукаць па аднаму Дворніку на кожнае сельгаспрадпрыемства. Альбо такіх прадпрымальных людзей, як кіраўнік сялянскай гаспадаркі Міхаіл Шруб».

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук апавядае пра спадчыну, якую атрымаў Уладзімер Дворнік ад Аляксандра Якабсона:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
«Гомельская вобласьць недатацыйная, па сутнасьці. Яна, безумоўна, трымаецца за кошт нафтаперапрацоўкі. Тое, што там ёсьць нафтаперапрацоўчы камбінат, гэта для вобласьці вельмі добра. Там ёсьць і хімічная прамысловасьць. І гэта таксама дапамагае вобласьці заставацца на плыву. Там ёсьць і машынабудаваньне ў постаці „Гомсельмаша“.

Але гэтая вобласьць магла б працаваць значна лепей за кошт свайго геаграфічнага становішча. Суседзтва з Украінай робіць яе добрым падмуркам для экспартнай экспансіі ў гэтую краіну. Але цэнтралізацыя, якая існуе ў Беларусі, не дазваляе вобласьці разьвівацца. І ў гэтым сэнсе яна — такі ж бяспраўны рэгіён, як і іншыя вобласьці нашай краіны. Казаць, што яна мае нейкі асаблівы эканамічны статус, няма падставы. Гомельшчына, як Віцебшчына, мае гэтыя НПЗ і з гэтага цешыцца.

„Моцныя гаспадарнікі“, „чырвоныя дырэктары“ кіруюць гэтым рэгіёнам. Рэгіён атрымлівае адмысловую дапамогу пад чарнобыльскія праграмы, дапамогу пад сельскую гаспадарку. І на гэтым жыве».
Рэгіён атрымлівае адмысловую дапамогу пад чарнобыльскія праграмы, дапамогу пад сельскую гаспадарку. І на гэтым жыве

А вось адносіны да бізнэсу ў вобласьці, можна сказаць, халаднаватыя, — цьвердзіць спадар Раманчук:

«Асаблівага стаўленьня да малога бізнэсу ў вобласьці няма. Больш за тое, той канфлікт з „Спартаком“, які мы бачылі ў Гомелі, сьведчыць пра тое, што да малога бізнэсу тут ставяцца нэгатыўна. Гэты рэгіён ніколі ня быў заўважаны ў сымпатыях да малога і сярэдняга бізнэсу, да замежных інвэстараў».

Канфлікт з «Спартаком», пра які згадвае эканаміст Раманчук, — гэта вяртаньне дзяржаве буйной кандытарскай фабрыкі, якую раней фактычна кантраляваў бізнэсовец Марат Новікаў. Яму належалі 54% усіх акцыяў. Цяпер кантрольны пакет ужо ў руках дзяржавы. А бізнэсовец ня мае нават блякуючага пакета. Акцыянэры цьвердзяць, што ролю першай скрыпкі выконваў у гэтай гісторыі на загад зь Менску «губэрнатар» Дворнік.

Інфармацыя пра нацыяналізацыю гомельскага «Спартака» і менскай «Камунаркі» прагрымела на ўвесь бізнэс-сьвет. З інвэстарам нельга так абыходзіцца — кажа Марат Новікаў:

Марат Новікаў
Марат Новікаў
«Усім зразумела, што такое інвэстар. Гэта — прыватная ўласнасьць, прыватны чалавек, які, натуральна, павінен зарабляць грошы. Самае страшнае, гэта тая палітыка ў прыватным бізнэсе, якую праводзіць беларуская дзяржава. Калі пачытаць усе выступы на гэтую тэму, пачынаючы ад кіраўніка дзяржавы і канчаючы ўсімі іншымі, то атрымліваецца, што інвэстар павінен быць яшчэ і дабрачыннай арганізацыяй. Маўляў, непатрэбны нам „чысты“ інвэстар. Ён павінен быць яшчэ і дабрачынным. Гучаць выразы: хай бяруць 30 альбо 50 мільёнаў і прыходзяць да мяне. А я ім скажу: хочаш будаваць нешта — будуй. Але пры гэтым пабудуй мне яшчэ і каток, і трасу пракладзі, і яшчэ нешта зрабі».

Таму і не сьпяшаюцца сур’ёзныя інвэстары на Гомельшчыну. Той жа «Гомсельмаш», найбуйнейшае прадпрыемства вобласьці, патрабуе сёньня тэрміновай рэструктурызацыі, Але на гэта патрэбныя вялікія грошы. А іх няма, канстатуе Аляксандар Бухвостаў, які прапрацаваў тут два дзясяткі гадоў:

Аляксандар Бухвостаў
Аляксандар Бухвостаў
«У савецкія часы завод быў трэці па колькасьці працоўных у Беларусі. Тады тут было аж 40 тысяч чалавек. Калі раней мы рабілі на плян, то цяпер усё вызначаецца попытам на тэхніку і рынкам збыту. Але, нягледзячы на ўсе намаганьні, „Гомсельмаш“ ня можа выпускаць канкурэнтную прадукцыю на шырокім рынку. Яго магчымасьці абмяжоўваюцца найперш Расеяй і СНД-шным рынкам. Адзінкавыя камбайны прадаюць у Вэнэсуэлу, у яшчэ некаторыя далёкія краіны.

Цяпер прадпрыемства працуе фактычна паводле дзяржзаказу. Таму, уласна кажучы, яно яшчэ і працуе. Дзяржава дае грошы, а пасьля забірае іх у тых сельгаспрадпрыемстваў, якія гэтымі камбайнамі карыстаюцца. Калі б не было гэтай схемы, было б яшчэ горш».
Дзяржава дае грошы, а пасьля забірае іх у тых сельгаспрадпрыемстваў, якія гэтымі камбайнамі карыстаюцца

А вось на рынкі заходніх краінаў прадпрыемства выйсьці ня можа. З-за гэтага і прыбыткі «Гомсельмашу» значна меншыя, чым маглі б быць, — працягвае Аляксандар Бухвостаў:

«У той эканоміцы, якая цяпер існуе, „Гомсельмаш“ выкарыстоўваецца ў поўнай меры. Тут усё далейшае будзе залежаць ад агульнай эканамічнай палітыкі ў краіне. Калі мы хочам падвышаць эфэктыўнасьць эканомікі, эфэктыўнасьць вытворчасьці, тады патрэбна „Гомсельмаш“ рэструктурызаваць, як і іншыя буйныя прадпрыемствы. А для гэтага неабходныя вялікія капітальныя ўкладаньні. Там ёсьць і сучаснае абсталяваньне, а ёсьць і такое, што працуе, як кажуць, зь незапамятных часоў.

Заходні рынак для прадпрыемства закрыты. Падводзіць якасьць, асабліва надзейнасьць. І кожны мэханізатар скажа, што лепей мець камбайн амэрыканскай фірмы, чым „Гомсельмаш“. Сёньня нельга на прадпрыемстве нават тэхналягічна зрабіць лепей, чым ёсьць цяпер».

Сытуацыю на Гомельшчыне абцяжарвае і чарнобыльская бяда, — адзначае старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук
«Агульнавядомы факт — гэтая вобласьць найбольш пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы. І гэта моцна адбівалася, адбіваецца і, бадай, надалей будзе адбівацца на ўнёску Гомельскай вобласьці ў нацыянальны АПК. Да таго ж і землі тут ня вельмі багатыя, ня вельмі ўрадлівыя. Таму вобласьць ніколі не была на першасных пазыцыях. Але ўстойлівы, стабільны ўзровень разьвіцьця АПК тут заўжды назіраўся.

Там, нягледзячы на бяду, якой ужо 27 гадоў, добрыя традыцыі ў сельскай гаспадарцы падтрымліваюцца. Гомельскія кадры далёка не апошнія ў Беларусі. І я лічу, што гэта працяг тых традыцыяў, якія тут закладалі такія таленавітыя кіраўнікі, як Мікалай Вайцянкоў, які нядаўна пайшоў з жыцьця, і Юры Хусаінаў. Да гэтых людзей аграрнікі заўжды ставіліся з асаблівай павагай. І, дзякуй Богу, гэтыя традыцыі дагэтуль ня зьніклі. Менавіта гэта дазваляе вобласьці, якая знаходзіцца ў самым складаным стане, выглядаць даволі прыстойна на нацыянальным тле АПК».

Гомельская вобласьць губляе велізарныя спонсарскія грошы, якія маглі б паступаць сюды найперш з краін Эўразьвязу, упэўнены старшыня грамадзкай арганізацыі «Саюз «Чарнобыль — Беларусь» (Кіеў) Аляксандар Валчанін:

Аляксандар Валчанін
Аляксандар Валчанін
«Рэгістрацыя грамадзкіх арганізацыяў дала б штуршок для паступленьня гуманітарнай дапамогі. А паколькі іх не рэгіструюць, то тэрыторыя губляе вялікія сродкі з Эўразьвязу. Гэта вельмі вялікі недагляд. І тут трэба працаваць дзяржаве з грамадзкімі арганізацыямі».

Аляксандар Валчанін называе яшчэ адну праблему, якую на Гомельшчыне дагэтуль не вырашаюць — абсьледаваньне ў шпіталях удзельнікаў ліквідацыі чарнобыльскай аварыі і інвалідаў:

«Там ёсьць спэцыяльныя палаты для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Але іх стала цяпер значна меней. А паводле прагнозаў нашага Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, праз тры-чатыры гады яны наагул сыдуць, узрост бярэ сваё.

Таму трэба санаторыі, у якіх лячыліся ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, перапрафіляваць у санаторыі і для ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі і інвалідаў. І гэта трэба рабіць ужо сёньня, як гэта робіцца ва Ўкраіне і Расейскай Фэдэрацыі. Там гэты мэханізм ужо запушчаны. Нельга, каб атрымалася так, што гэтыя санаторыі прададуць альбо яны будуць стаяць безгаспадарнымі. І пра гэта трэба ўжо сёньня задумацца і гомельскаму, і іншым губэрнатарам».

Аднак кіраўнік Гомельскага аблвыканкаму на кантакты з грамадзкасьцю і апазыцыяй не ідзе. Ён працягвае лінію свайго папярэдніка Аляксандра Якабсона, кажа гомельскі дэмакратычны актывіст Васіль Палякоў:

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў
«Нічога новага не заўважана, ніякіх зьменаў няма. Усе чыноўнікі — гэта выканаўцы. І ад іх мала што залежыць, калі наагул нешта залежыць. Быў Якабсон, цяпер Дворнік. А розьніцы вялікай няма. Адзінае, што Якабсон — чалавек больш адукаваны і падрыхтаваны. А ад Дворніка ўражаньне, што ён мае невысокую адукацыю і ня можа правільна перадаваць свае думкі.

Звычайна наш кіраўнік вобласьці не рабіў камэнтароў да палітычных падзеяў. Так было раней, так застаецца і цяпер. Апошні раз пра апазыцыю публічна згадваў толькі кіраўнік горада Гомеля, калі 40 чалавек зьняліся зь мясцовых выбараў на знак пратэсту, што прадстаўнікоў апазыцыі не ўключылі ў склад выбарчых камісіяў.

Ведаеце, яны жывуць у нейкім сваім сьвеце. І робяць выгляд, што тут нічога іншага няма».

Мазырскі грамадзкі актывіст Уладзімер Целяпун таксама кажа, што цяперашні «начальнік» вобласьці ня любіць публічна выказвацца на палітычныя тэмы:

Уладзімер Целяпун
Уладзімер Целяпун
«Дворнік больш гаспадарнік, чым публічны палітык. Без паперы яму нават складана выступіць…

Калі я балятаваўся кандыдатам у дэпутаты абласнога савету, то сустракаўся з Дворнікам. Тады ён быў старшынём райвыканкаму. Прапанаваў зьвярнуць увагу на ўскраіны Мазыра. Цэнтар упарадкаваны, дагледжаны, а на ўскрайках — чорт нагу зломіць. Дворнік сам паехаў паглядзець. І неўзабаве на вуліцах Бумажкова, Заслонава, у Чыгуначным мікрараёне пачалі пракладаць каналізацыю, ладзіць асфальт. Ня ўсюды па тэхналёгіі, але пачалі. Аднак у хуткім часе Дворніка забралі ў Гомель».

Стаўленьне да беларускай мовы ў вобласьці нядрэннае, — адзначае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

Алег Трусаў
Алег Трусаў
«Калі аналізаваць сытуацыю ва ўсіх абласьцях, то дзесьці пасярэдзіне — ня самая горшая і ня самая лепшая. Самая лепшая ў нас сытуацыя на Магілёўшчыне, а Гомельшчына дзесьці на другім-трэцім месцы. У любым выпадку перашкод для дзейнасьці ТБМ у Гомелі і Гомельскай вобласьці няма. Наадварот, часам улады ў некаторых раёнах Гомельшчыны нават спрыяюць у асобных акцыях».

На пасады так званых губэрнатараў у Беларусі людзі трапляюць не за розум, не за ўменьне бачыць праблемы і пэрспэктывы рэгіёну, — адзначае экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Сяргей Нікалюк:

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк
«Чым адрозьніваецца аўтарытарная сыстэма ад дэмакратычнай? Адно з галоўных адрозьненьняў — сыстэма кадраў. Калі вы на Захадзе хочаце стаць палітыкам, што для гэтага трэба зрабіць? Прад’явіць праграму. Няважна, якога роўню вы палітык — нацыянальнага ці рэгіянальнага. І далей гэтая праграма будзе ў канкурэнцыі зь іншымі праграмамі. Вы павінны перамагчы ў канкурэнцыі і заняць нейкую пасаду. І калі вы адпавядаеце патрабаваньням насельніцтва, у вас ёсьць шанец падняцца яшчэ на ступень і яшчэ. У выніку ў сыстэму адбіраюцца людзі, якія мысьляць праграмна. Інакш і быць ня можа.

У нас жа адбор ідзе паводле прынцыпу асабістай адданасьці. Ніякага праграмнага мысьленьня не патрабуецца. Я згадваю адзін яркі прыклад. У нас шмат казалі, як у двух буйных сілавікоў (адзін на літару Н., а другі на літару Ш.) былі канфлікты. Гэта што, канфлікты наконт бачаньня Беларусі? Альбо канфлікты з нагоды дзяльбы нейкіх карпаратыўных рэчаў? У нас пры нашай сыстэме адбору ва ўладзе ня могуць быць людзі, якія мысьляць праграмна».

На высокія пасады, у тым ліку на кіраўніцтва рэгіёнамі, трапляюць выключна паслухмяныя выканаўцы, — канстатуе Сяргей Нікалюк:

«Ва ўладзе няма і ня можа быць дыскусіяў аб шляхах разьвіцьця Беларусі. Яе проста няма. 3 красавіка газэта „Рэспубліка“ надрукавала онлайн-канфэрэнцыю сваіх чытачоў зь міністрам эканомікі Снапковым. Міністар паведаміў, што рыхтуецца праграма разьвіцьця Беларусі. І рыхтуюць яе Нацбанк, міністэрствы эканомікі і фінансаў. І гэтую праграму павінны былі прадставіць на сэсіі МВФ і Ўсясьветнага Банку ў красавіку ў Вашынгтоне.

І дзе тая праграма? Больш за тое, ніхто зь Беларусі на сэсію не паехаў. І яшчэ — калі паглядзець тэкст пасланьня, зь якім Лукашэнка выступаў на паседжаньні Нацыянальнага сходу, дык там наагул пра рэформы нічога няма. Міністар казаў пра тое, што трэба разьвіваць бізнэс, падкрэсьліваў, што гэта ня проста прыгожыя словы для атрыманьня крэдыту „standby“, а гэта сапраўдная праграма разьвіцьця. Нічога гэтага ў пасланьні Лукашэнкі няма. І ніякіх задач па разьвіцьці ня ставіцца.Там наагул няма ні слова аб прыватным бізнэсе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG