Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся чарговы чэмпіянат сьвету па хакеі. А калі дакладней, па хакеі з шайбай. Для сёньняшняга маладога беларуса гэта гучыць нонсэнсам. Маўляў, якім жа яшчэ можа быць хакей? Але ў 60-я і 70-я гады ў беларускай правінцыі, асабліва на поўначы краіны, пад словам «хакей» разумелі зусім іншую гульню. Якая мае больш агульнага з футболам, чым з шайбай. Якая ў Скандынавіі называецца «бэндзі», а ў Расеі — рускім хакеем. Уявіце залітае лёдам футбольнае поле, вароты, крыху меншыя за футбольныя, па адзінаццаць гульцоў з кожнага боку, дугападобныя кароткія клюшкі і невялікі плецены аранжавы мяч. І забітыя пад завязку трыбуны. Зімой. Які б ні быў мароз. Карціна, характэрная для Сыбіры. Але такое было і ў Беларусі. Паўстагодзьдзя таму назад.

Я стаю на засьнежаным пустынным глыбоцкім стадыёне ў кампаніі з намесьнікам глыбоцкай дзіцячай спартовай школы Анфеем Ляшкевічам, колішнім абаронцам глыбоцкай каманды. Каржакаваты, моцны пажылы чалавек успамінае былыя баталіі.

— Публікі зьбіралася многа. Асабліва калі прымяркоўвалі да сьвята нейкага. Шмат народу было. Цяпер на футбол столькі не зьбіраецца, колькі тады на хакей зь мячом.

— Хто быў прынцыповы супернік?

— Прынцыповы супернік быў Браслаў. Апошняя гульня была за выхад з зоны. На першынство вобласьці. Гэта Браслаў. Гулялі мы ў Полацку, гулялі мы ў Воршы. І там у 73-м годзе мы заваявалі кубак вобласьці. Гэта быў шок для віцяблян. У Воршы выйгралі, а зь Віцебскам унічыю згулялі. Яны казалі — о, Глыбокае прыехала і на адным каньку нас абыграла.

Той заваяваны кубак сёньня захоўваецца ў мясцовым спартовым камітэце.

А як за яго біліся, добра памятае глыбоцкі краязнаўца Ўладзімір Скрабатун.

— Гэтыя матчы, гэта была падзея?

— Ды там народу! «Докшыцы на мыла!», «Даві Шаркоўшчыну!» І поўныя трыбуны. У школе сядзіш і думаеш — хутчэй бы гэтыя заняткі скончыліся. І бягом на стадыён. А там ужо гул такі! «Докшыцы на мыла!»

— 17:0 разьбівалі Докшыцы? Такія былі лікі?

— Дык Докшыцы — сухапутны горад. Сухапутны. Гэта цяпер у іх зьявілася вадасховішча на Бярэзіне. А тады ж не было. А ў Глыбокім шэсьць азёраў. На Кагальным возеры пяць каткоў. На Беразьвецкім возеры таксама каткі.

Анфей Ляшкевіч спрабаваў гуляць у шайбу, але не пайшло. Ня тыя хуткасьці і шмат сілавой барацьбы.

— Вы тыя часы ўспамінаеце са сьветлым сумам?

— Вядома. Мы ж іншага хакея ня бачылі, у правінцыі. Толькі вось гэты хакей. Ён пачынаўся з пляцовак на азёрах. І каманды гулялі, як казалі, на высадку. Па тры, па чатыры каманды сядзелі і чакалі. Стаялі вагоны, дзе можна было пераапрануцца.

— А ў чым адрозьненьне хакея зь мячом ад хакея з шайбай?

— Там забароненыя сілавыя прыёмы, у хакеі зь мячом. Ні штурхаць, нічога ня можна. Амаль бескантактная гульня. Хуткасная.

— Ёсьць дзе разагнацца.

— Хто валодаў канькабежнай падрыхтоўкай, ён на полі быў гаспадаром. Хуткасьці былі неймаверныя, фінты такія! Мяч у варотах.

Іншы колішні глыбоцкі хакеіст, былы кіроўца грузавіка Ўладзімір Шчэбет толькі ад адной згадкі пра хакей расхваляваўся не на жарт.
Уладзімір Шчэбет

Уладзімір Шчэбет


— Калісьці было, калісьці было… Мы маладыя хлопцы былі. Божа, божа… Як гэта ўсё даўно было. Гулялі мы, вядома, някепска. Барыс Грыгор’еў, Зарэмба Валік, Качан Вальдэмар, Зінкевіч Казік. Аматары былі, аматары. Быў у нас энтузіязм. Тады ня думалі, каб за гэта плацілі. Людзі зайздросьцілі нам, што мы можам гуляць. Ставіліся да нас дужа добра, вельмі добра. Патрыятызм гэты сышоў ад нас. Людзі сталі нейкія агрэсіўныя, недаверлівыя. А цяпер адрадзіць… Я ня ведаю.

— Тады спорт людзей збліжаў.

— Збліжаў. Ніхто ня думаў пра грошы.

— Людзі хварэлі за сваіх.

— За сваіх. Не было такога, каб некага наймалі. Хапала сваіх. Прыяжджалі ў Шаркоўшчыну ці ў Докшыцы — о, Глыбокае прыехала. Моцная каманда! Усё было.

Слухаючы, зь якім гонарам пан Шчэбет пералічвае імёны колішніх хакеістаў, я разумею, што гэта была абсалютна іншая эпоха. Дзе хварэлі не за колеры клюбнага сьцяга, а за сваіх. Сваіх людзей, якія жывуць з табой у адным горадзе, нарадзіліся на тых самых вуліцах. Зрэшты, у тую эпоху на кожнай вуліцы была свая каманда. Узгадвае колішні трэнэр і сёньняшні бізнэсовец Рамуальд Кандратовіч, высокі атлет са шляхетнай сівізной.
Рамуальд Кандратовіч

Рамуальд Кандратовіч


— Ці шмат гуляла дзяцей тады?

— О, кожная вуліца мела каманду. На Кагальным возеры «Сажалка» каманда была.

— Так і называлася — «Сажалка»?

— Дык кожная вуліца мела каманду. Усе гулялі. Без канькоў не пускалі на поле. Бо бывалі клоўны, шыпоўкі надзявалі — хацелі гуляць. Усе ўмелі катацца. Паспрабуй па вялікім полі пабегай з клюшкай. Мы для шайбы не маглі амуніцыю купляць. Толькі канькі трэба. Не траўманебясьпечны від спорту. Зімовы від спорту, аэробны працэс. Катаесься 30 хвілін. Дарослыя болей. Усё працуе. Дыхальная сыстэма, сардэчна-сасудзістая. Як і ў лыжах. Адна справа, калі вялікая моц на кароткай дыстанцыі, а іншая — калі на доўгую на сьвежым паветры. Цяпер, здаецца, шмат хто і ня бачыў гэтага хакея. Новае пакаленьне і паняцьця ня мае.

Падчас цырымоніі адкрыцьця сэзону КХЛ, падчас выкананьня дзяржаўнага гімна Беларусі адзін зь легіянэраў менскага «Дынама» стаяў і пляваў на лёд. Лепшай ілюстрацыі для дынамаўскага слогану «Болей за нашых, болей за Беларусь» і прыдумаць цяжка. Але была іншая эпоха. Дзе «нашых» ведалі па імёнах і любілі ня толькі за галы. Слова Анфею Ляшкевічу.
Ён кінуў клюшку, паваліўся, падхапіў на рукі. І на сьпіне, трымаючы гэтае дзіця… Выратаваў ад вялікай траўмы

— Тут быў забаўны выпадак. Валянцін Зарэмба, нападаючы, на вялікай хуткасьці да варотаў ляцеў. І выскачыла маленькае дзіця. Ён зьбіваў бы гэтае дзіця. Ён кінуў клюшку, паваліўся, падхапіў на рукі. І на сьпіне, трымаючы гэтае дзіця… Выратаваў ад вялікай траўмы. Яму салютавалі. Валянцін Зарэмба. Гэта вялікі спартсмэн быў. Цяпер хакею зь мячом няма. Я думаю, яго і ня будзе. Ён ужо не адродзіцца. Зборнай няма, фэдэрацыі няма.

Насамрэч у Беларусі ёсьць фэдэрацыя. І нават зборная свая ёсьць. Складзеная з трох расейскіх прафэсіяналаў і адстаўных шайбістаў, якія тым прафэсіяналам на полі хутчэй замінаюць. На апошнім чэмпіянаце сьвету зборная Беларусі прадула расіянам і швэдам з аднолькавым лікам.1:28. Спартовыя чыноўнікі ў свой час зрабілі стаўку на разьвіцьцё алімпійскага віду, гэта значыць шайбы. Тым самым падпісаўшы беларускаму бэндзі сьмяротны прысуд. У дзяцей забралі адзіную зімовую камандную гульню. Але ў шайбу ў беларускай правінцыі не загулялі. Бо занадта дорага. Засталася толькі радасьць паназіраць за беларускай зборнай па шайбе на чарговым чэмпіянаце сьвету. Ці вялікая будзе тая радасьць? Неўзабаве даведаемся.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG