Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яроменак выходзіў з турмы, а апынуўся ў Валожынскім раёне


Уладзімер Яроменак

Уладзімер Яроменак

Актывіста «Маладога Фронту» Ўладзімера Яроменка вывезьлі за 40 кілямэтраў ад Менску замест таго, каб вызваліць з турмы на завулку Акрэсьціна ў Менску.

«А палове на першую дня мне сказалі сабраць усе свае рэчы ў камэры. Я разумеў, што адбываецца нешта ня тое, бо мяне не маглі вызваліць на паўтары гадзіны раней. Мяне пасадзілі ў машыну й адвезьлі ў Валожынскі раён, за 40 кілямэтраў ад Менску. Міліцыянты тры разы ўвялі памылковы пін-код на маім мабільным, каб я ня змог патэлефанаваць», — заявіў Яроменак «Свабодзе»:

«Пад’ехаў чалавек, які шукаў возера. Я папрасіў патэлефанваць. Ён не адмовіў. Так я змог паведаміць, дзе знаходжуся».

Пра ўмовы свайго 15-суткавага арышту ў турме на Акрэсьціна Уладзь паведаміў: «Мяне пасадзілі у камэру на двух чалавек. Адзін двух’ярусны ложак. Камэра кутняя, дык, магчыма, там ня вельмі цёпла было. Спачатку са мной сядзеў малады хлопец. Пасьля таго, як яго вызвалілі, пасадзілі бамжа. Дзякуй Богу, бомж аказаўся чыстым — бяз вошай».

18 красавіка без удзелу Яроменка над ім адбыўся суд. Актывіста Маладога фронту арыштавалі на 15 сутак — нібыта за парушэньне ўмоваў прафіляктычнага нагляду. Паводле Першамайскага суду, Уладзь Яроменак не знаходзіўся ў сябе дома ў нейкі прамежак часу з 21 гадзіны вечара да 6 гадзіны раніцы 24 лютага 2013 году.

Пра суд Яроменак даведаўся толькі 24 красавіка.

15 сакавіка 2012 году за Яроменкам быў усталяваны прэвэнтыўны нагляд тэрмінам на 1 год. Аднак сёлета 15 сакавіка нагляд быў працягнуты яшчэ на паўгоду. Парушэньне нагляду пагражае пазбаўленьнем волі тэрмінам да 1 году.

Паводле ўмоў прафіляктычнага нагляду, Яроменак мусіць знаходзіцца ў хаце з 21 гадзіны вечара да 6 гадзін раніцы, раз на тыдзень да яго прыходзіць з праверкай участковы інспэктар, таксама Яроменак ня мае права пакідаць межы Менску без дазволу міліцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG