Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісар Фюле: Грамадзяне Беларусі — таксама грамадзяне Эўропы


Штэфан Фюле

Штэфан Фюле

Госьць наступнай перадачы «Зона Свабоды» — камісар Эўразьвязу у справе пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле.

Падчас перадачы эўракамісар Фюле


— ацэньвае вынікі чатырох гадоў Усходняга патрнэрства для Беларусі,

— адказвае, ці здымуць візавую забарону зь міністра замежных справаў Макея,

— адкрывае сакрэт пра «сумесны прамежкавы плян» Эўразьвязу да Беларусі,

— адмаўляе напружанасьць на лініі Брусэль-Менск-Масква,

— настойвае на вызваленьні і поўнай рэабілітацыі палітвязьняў,

— абвяргае магчымую зьдзелку зь беларускімі ўладамі.


Глядзіце праграму «Зона Свабоды» на тэлеканале «Белсат» у суботу, 10 траўня, а 20:00, у нядзелю а 08:40, у панядзелак а 07:25.

Акрамя таго, спадар Фюле ў інтэрвію цэнтральнай службе навінаў нашага радыё адказаў на шэраг пытаньняў пра іншыя краіны «Ўсходняга партнэрства», пра іх пэрспэктывы збліжэньня з Эўразьвязам.

РС: Якое пасланьне накіраваў Эўразьвяз прэзыдэнту Азэрбайджана Ілхаму Аліеву напярэдадні сёлетніх кастрычніцкіх прэзыдэнцкіх выбараў?

Фюле: Пасланьне вельмі яснае. Каб мы маглі пераканацца, што выбары былі свабоднымі і справядлівымі. І каб напярэдадні выбараў ён сапраўды пашырыў прастору для палітычнага дыялёгу, а не наадварот.

РС: Чаго можа чакаць Армэнія ад Віленскага саміту Ўсходняга партнэрства ў лістападзе сёлета?

Фюле: У Вільні з Армэніяй можа быць парафіяванае пагадненьня аб асацыяцыі і аб эканамічнай інтэграцыі. Мы называем гэта паглыбленай і ўсёабдымнай зонай свабоднага гандлю. Гаворка ідзе аб гарманізацыі заканадаўства Армэніі з асноўнай часткай заканадаўства ЭЗ. Гэта вялікая справа«.

РС: Ці паўплывала зьмена ўлады ў Грузіі на пэрспэктывы ўступленьня краіны ў НАТО і інтэграцыі з Эўразьвязам?

Фюле: Гэта не зьмяніла эўрапейскія памкненьні Грузіі. На словах наагул нічога не зьмянілася, новы ўрад пацьвярджае абавязацельствы папярэдняга. Няшмат зьмянілася і фактычна. Праца над пагадненьнем аб асацыяцыі паміж Грузіяй і ЭЗ ідзе даволі добра.

РС: Якія крокі робіць Эўразьвяз для вырашэньня пытаньня аб акупацыі Расеяй Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі?

Фюле: Мы, перш за ўсё, зьвяртаемся з заклікам да Расеі цалкам выканаць пагадненьне аб спыненьні ваенных дзеяньняў. Мы заклікаем Расею пазьбягаць любых вайсковага нагнятаньня. Мы паўтараем зноў і зноў наколькі мы адданыя тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі.

РС: Ці можа Малдова лічыць сваё супрацоўніцтва з ЭЗ у межах Усходняга партнэрства «гісторыяй посьпеху»?

Фюле: Я думаю, было б вельмі рана рабіць канчатковыя высновы. Гэта велізарнае выпрабаваньне, гэта тэст для малдоўскай дэмакратыі, тэст на сталасьць для малдоўскіх палітыкаў.

РС: Як вы ацэньваеце прагрэс Украіны ў пытаньнях ўдасканаленьня правасудзьдзя, рэформаў і выбарчага заканадаўства?

Фюле: Мы бачым прагрэс ва ўсіх названых галінах, у тым ліку бачым скарачэньне ўплыву палітычна матываванага правасудзьдзя. Вызваленьне былога кіраўніка МУС Юрыя Луцэнкі і былога міністра навакольнага асяродзьдзя Георгія Філіпчука — крокі ў правільным кірунку. Аднак трэба яшчэ шмат чаго зрабіць, ў тым ліку і прадухіліць паўтарэньне падобных зьяваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG