Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Школьнікі ведаюць гісторыю Эўропы лепш, чым гісторыю Беларусі»


архіўнае фота

архіўнае фота

9 траўня звыш 500 мільёнаў эўрапейцаў адзначаюць Дзень Эўропы — штогадовае сьвята міру і адзінства ў Эўропе.

Першапачаткова Дзень Эўропы сьвяткаваўся 5 траўня і быў прысьвечаны заснаваньню Рады Эўропы (5 траўня 1949 году). Але на сустрэчы кіраўнікоў краін-удзельніц Эўрапейскага Зьвязу ў Міляне ў 1985 годзе День Эўропы быў прызначаны на 9 траўня.

Менавіта ў гэты дзень, 9 траўня 1950 году, міністар замежных спраў Францыі Робэрт Шуман прадставіў свае прапановы па стварэньні аб’яднанай Эўропы і заклікаў да шчыльнай эўрапейскай інтэграцыі.

Паводле разьлікаў розных навукоўцаў, у Беларусі знаходзіцца некалькі геаграфічных цэнтраў Эўропы: адзін у Віцебскай вобласці, паблізу возера Шо. Паводле іншых разьлікаў, цэнтар Эўропы знаходзіцца ў Полацку, і там у 2008 годзе быў усталяваны памятны знак.

У любым выпадку, Рэспубліка Беларусь месьціцца ў цэнтры Эўропы, але гэта адзіная эўрапейская дзяржава, якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Ці лічаць сябе беларусы эўрапейцамі?

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч: «Часткова мы нават больш эўрапейцы, чым шмат тых народаў, што ўваходзяць у Эўразьвяз. У чымсьці, канечне, мы вельмі не падобныя.

Ёсьць сацыялягічныя апытаньні і дадзеныя, у якіх эўрапейскія схільнасьці беларускага насельніцтва крыху вагаюцца, але ж на працягу ўжо шмат гадоў вагаюцца дзесьці на ўзроўні ад 40 да 50%. Што тычыцца майго асабістага меркаваньня, на пабытовым, абывацельскім узроўні мы, канечне ж, эўрапейцы. А вось што тычыцца пабудовы дзяржавы, паводзінаў публічных, палітычных паводзінаў нашых лідэраў, то мы вельмі і вельмі далёкія ад Эўропы».

У Беларусі шмат аб’ектаў, назваў арганізацый утрымліваюць слова «Эўропа» альбо «эўрапейскі». У беларускай сталіцы ёсьць гатэль і буйны гандлёвы цэнтар «Эўропа», унівэрсам «Эўрапейскі», сетка крамаў «Эўраопт», фірма па вытворчасьці вокан «Эўра-Алвіта», грамадзкія арганізацыі «Эўрапейская Беларусь», «ЭўраБеларусь». Нават звычайны якасны рамонт у кватэры беларусы чамусьці называюць «эўрарамонтам». Навідавоку імкненьне беларусаў да эўрапейскіх стандартаў.

Зараз у краіне праходзіць Х Нацыянальны конкурс школьных каманд «Што я ведаю пра Эўропу?». У юбілейны год агульная тэма гульні — «Эўрапейскія і беларускія юбілеі і памятныя даты: людзі, падзеі, арганізацыі».

Ігар Лялькоў

Ігар Лялькоў

Сябра журы конкурсу Ігар Лялькоў падзяліўся ўражаньнямі ад першага паўфіналу, які адбыўся 1 траўня ў Магілёве:

«Самае цікавае, што школьнікі больш ведаюць пра Эўропу, нейкія падзеі там, пра эўрапейскіх асобаў, чым пра беларускіх. Школьнікі ведаюць гісторыю Эўропы лепш, чым гісторыю Беларусі. Вось такі вынік сучаснай адукацыі ў школе».

Чарговы паўфінал конкурсу «Што я ведаю пра Эўропу?» праходзіць 9 траўня, менавіта ў Дзень Эўропы ў Горадні. А пераможцаў чакае шмат прыемных сюрпрызаў, кажа Ігар Лялькоў:

«Фінал нашага конкурсу будзе адбывацца ў Вільні 6 ліпеня. Так што пераможцы паўфіналаў трапяць у Эўразьвяз. Ну а пераможцы, што выйдуць у фінал, выйграюць паездку ў Брусэль, цэнтар шматлікіх эўрапейскіх структур. Думаю, гэта будзе для іх цікава».

«Што я ведаю пра Эўропу?» — інтэлектуальны конкурс, які праводзіцца штогод, пачынаючы з 2004 году. Дзякуючы конкурсу, вучні сярэдніх школ Беларусі атрымліваюць веды пра Эўропу і знаёмяцца з жыцьцём нашых заходніх суседзяў.
XS
SM
MD
LG