Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваяком братоў Царнаевых аказаўся лідэр ісламістаў з Дагестану


Пакуль Джахар Царнаеў спрабуе абараніць ад абвінавачаньняў у тэрарызьме ўдаву старэйшага брата Тамерлана Царнаева, амэрыканскія журналісты высьветлілі, што Тамерлан падчас паездкі ў Дагестан кантактаваў са сваім далёкім сваяком — вядомым у рэспубліцы ісламістам.

Тамерлан Царнаеў, які загінуў у выніку перастрэлкі з паліцыяй, прыходзіўся «далёкім стрыечным братам» цяпер арыштаванаму Магамеду Карташову, піша часопіс Time.

Выданьне апісвае Карташова як былога паліцыянта, барца вольнага стылю і заснавальніка і лідэра дагестанскай арганізацыі «Саюз справядлівых», члены якой нярэдка выступаюць супраць палітыкі ЗША ў мусульманскім сьвеце.

Інфармацыю пра тое, што 26-гадовы Тамерлан быў сваяком Карташова, пацьвердзіла маці Царнаевых Зубейдат. Паводле яе словаў, яе нябожчык сын упершыню сустрэўся з далёкім сваяком падчас яго паездкі ў Дагестан у 2012 годзе. «Там яны сталі асабліва блізкія», — цытуе часопіс жанчыну.

«Саюз справядлівых» быў заснаваны ў 2011 годзе, многія зь яго членаў маюць цесныя сувязі з баевікамі, іншыя сядзелі ў турме за захоўваньне зброі і дапамогу тэрарызму, піша Time. Выданьне прыраўноўвае «Саюз справядлівых» да арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр аль-Ісламі», якую расейскія ўлады лічаць тэрарыстычнай. Некаторыя члены дагестанскай групоўкі ў размове з Time прызналі, што падзяляюць погляды «Хізб ут-Тахрыр». Пры гэтым сама арганізацыя называе сваёй мэтай «барацьбу за грамадзянскія правы» і справы супраць сваіх членаў лічыць «сфабрыкаванымі».

5 траўня супрацоўнікі ФСБ упершыню дапыталі Карташова. Ён з канца красавіка знаходзіцца пад вартай пасьля сутычкі на дарозе з дагестанскімі паліцыянтамі. Прадстаўнікоў спэцслужбы цікавіла, ці размаўлялі Карташоў з Царнаевым пра ісламісцкіх радыкалізм. Паводле словаў адваката Карташова, яго падабаронны адказаў сьцьвярджальна, але заявіў, што менавіта Царнаеў спрабаваў «прывесьці яго да экстрэмізму», а стрыечны брат, наадварот, спрабаваў выратаваць яго ад памылак, піша Inopressa.

Адзін з дагестанцаў, які ня раз апынаўся ў кампаніі з Тамерланам Царнаевым і іншымі ісламістамі, распавёў, пра што гаварыў падазраваны ў тэрарызьме. Так, на адной зь першых сустрэч Царнаеў выказаў сымпатыю да дагестанскіх баевікоў і назваў хваляваньні ў рэгіёне «сьвятой вайной», з чым суразмоўцы не пагадзіліся, сказаўшы, што «гэта толькі бандытызм, у якім мусульмане забіваюць мусульман». Іншым разам ён ужо загаварыў аб сьвятой вайне «ў глябальным кантэксьце», але затым больш слухаў, чым гаварыў.

Члены «Саюза справядлівых», зь якімі ўдалося пагаварыць жырналістам Time, лічаць, што Тамерлан зацікавіўся ісламісцкімі поглядамі яшчэ да прыезду ў Дагестан. Тым ня менш яны таксама схільныя лічыць, што тэракт у Бостане быў арганізаваны амэрыканскімі спэцслужбамі, — прыводзіць словы суразмоўцаў часопіс Time.
XS
SM
MD
LG