Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сындром бясхібнасьці


У адной з кніжак пра сталінскія рэпрэсіі 1930-х гадоў у СССР мяне ўразіў такі выпадак. Адна хатняя гаспадыня прысьніла, што яна сьпіць з маршалам Варашылавым. На раніцу яна распавяла пра гэты свой сон на кухні камунальнай кватэры. Пасьля даносу ў органы яе арыштавалі і адправілі ў лягер. Гісторыя, як на тыя часы, пры ўсім сваім трагізьме досыць звычайная. Што ў ёй найбольш уражвае — гэта фармулёўка абвінаваўчага заключэньня: «За неэтычныя сны пра правадыроў». Чалавек, выходзіць, нёс крымінальную адказнасьць нават за свае сны.

Тая гісторыя прыгадалася, калі прачытаў паведамленьне з хронікі сёньняшняга беларускага правасудзьдзя. «Пры канцы красавіка Менскі гарадзкі суд на закрытым пасяджэньні пастанавіў прызнаць былога дыспэтчара электрасетак Брагінскага раёну Мікалая Сілівончыка вінаватым у абразе прэзыдэнта і распальваньні нацыянальнай варажнечы, зьдзейсьненых «у стане непрытомнасьці». То бок, з гледзішча беларускага суду, за дзеяньні ў стане непрытомнасьці чалавек нясе прававую адказнасьць.

Чалавек, выходзіць, нёс крымінальную адказнасьць нават за свае сны
Сумныя гістарычныя паралелі прышлі на розум і пасьля паведамленьня пра папярэджаньне журналісту нашага радыё Алегу Грузьдзіловічу, вынесенае Менскай гарадзкой пракуратурай. Дакумэнт вельмі дзіўны з гледзішча нават звычайнай лёгікі, ня кажучы ўжо пра прававую. Яго аўтары нават не паклапаціліся пра нейкае ўцямнае юрыдычнае абгрунтаваньне. З «Афіцыйнага папярэджаньня» так і не зразумела, за што яно вынесена, якія палажэньні якога закону парушыў журналіст.

Пасьля ўважлівага вывучэньня гэтага дакумэнту можна здагадацца, што Грузьдзіловічу закідаюць два парушэньні. Першае. У папярэджаньні гаворыцца: «Вы, зьяўляючыся журналістам Радыё Свабода, ажыцьцявілі акцыю па пранікненьні на станцыю мэтро „Фрунзенская“ з мэталічнымі прадметамі ў сумцы, якая нагадвае выкарыстаную арганізатарамі тэракту ў менскім мэтрапалітэне 10.04.2011. Па выніках праведзенага мерапрыемства Вамі на інтэрнэт-сайце www. svaboda. org разьмешчаны крытычны артыкул „Зь вялікай торбай у мэтро: з двух разоў праверылі адзін і ў торбу не зазірнулі“ зь відэасуправаджэньнем».

Узьнікае пытаньне: у чым тут парушэньне закону? У тым, што прайшоў у мэтро з мэталічнымі прадметамі? А які закон гэта забараняе? Ці ў тым, што надрукаваў крытычны артыкул?

Другі пункт — больш сур’ёзны. Аказваецца, у кнізе Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?» «ставіцца пад сумнеў аб’ектыўнасьць афіцыйных вынікаў расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце выбуху ў менскім мэтрапалітэне, а таксама справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы ў цэлым».

Зь якой гэта пары сумнеў у выніках расьсьледаваньня крымінальнай справы ці ў справядлівасьці судовай сыстэмы ў цэлым зрабіўся парушэньнем закону? Які канкрэтна заканадаўчы акт парушаны ў такім выпадку?

Увогуле, тэзіс аб бясхібнасьці дзяржаўных інстытутаў — гэта адна з галоўных прыкмет таталітарызму. Ці азначае гэта, што Менская гарадзкая пракуратура гэтым сваім папярэджаньнем юрыдычна замацоўвае ў Беларусі таталітарны лад? І ўвогуле, як можна казаць пра абсалютную аб’ектыўнасьць судовых прысудаў, калі шмат якія зь іх абскарджваюцца пракуратурай ці адмяняюцца судамі вышэйшых інстанцыяў?

Ці азначае гэта, што судзьдзі цяпер у Беларусі па-за крытыкай? І нават тыя, якія абвінавачваюць грамадзяніна за дзеяньні, учыненыя «ў стане непрытомнасьці»?

Ці можна цяпер крытыкаваць сяржанта міліцыі (што зрабіў Грузьдзіловіч у сваім артыкуле пра ахову мэтро), бо гэта будзе расцэнена як сумнеў у справядлівасьці беларускай міліцыі? А сьлесара-сантэхніка? Гэта ж замах на справядлівасьць сыстэмы камунальнай гаспадаркі!

нішто так не дыскрэдытуе Беларусь, як некаторыя дзеяньні беларускіх дзяржаўных органаў
Адмыслова для работнікаў менскай пракуратуры. Паводле сацыялягічнага апытаньня НІСЭПД, у верасьні 2011 году толькі 21,2% грамадзян верылі ў афіцыйную вэрсію тэракту ў менскім мэтро. А ў сьнежні 2012 году судам давярала 40,8% беларускага насельніцтва, а не давярала — 43,5%. Адпаведна, пракуратуры давярала 37,8%, а не давярала — 46,8%. Ці азначае гэта, што цяпер большасьць грамадзян будуць выклікаць у пракуратуру і рабіць ім афіцыйнае папярэджаньне за тое, што яны ня вераць у аб’ектыўнасьць і справядлівасьць беларускага правасудзьдзя?

У папярэджаньні таксама робіцца намёк, што Грузьдзіловіч працуе на Радыё Свабода, якое зьяўляецца замежным мэдыя. А прадстаўленьне замежнай дзяржаве заведама непраўдзівых зьвестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча грамадзян РБ нібыта дыскрэдытуе краіну.

Але, па-першае, магчыма, у пракуратуры ня ведаюць, што беларуская служба Радыё Свабода вяшчае на Беларусь, а не на замежжа. І па-другое і самае галоўнае: нішто так не дыскрэдытуе Беларусь, як некаторыя дзеяньні беларускіх дзяржаўных органаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG