Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра беларускіх нацыянальных партызанаў і дзяцей нямецкіх салдат


Частка архіўных дакумэнтаў па гісторыі Другой усясьветнай вайны застаецца закрытай для навуковых дасьледаваньняў і праз 68 гадоў па яе заканчэньні. Гісторыкі таксама заяўляюць пра замоўчваньне і скажэньне шэрагу гістарычных фактаў апошняй вайны, нявыгадных для савецкай гістарыяграфіі.

Пра трагедыю вёскі Дражна Старадароскага раёну на Меншчыне шырокая грамадзкасьць даведалася з кнігі «Кроў і попел Дражна» беларускага краязнаўцы Віктара Хурсіка. На падставе сьведчаньняў мясцовых жыхароў аўтар сьцьвярджаў, што вёску спалілі ня немцы, а савецкія партызаны. Аўтара зьвінавацілі ў скажэньні фактаў і ў спробе перапісаць гісторыю. У сваю чаргу гісторыкі заяўляюць, што партызанка — толькі адна з шэрагу самых засакрэчаных і забароненых тэмаў, якія тычацца апошняй вайны. Гаворыць кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў:

«Да тэмаў, якія фактычна зьяўляюцца забароненымі ў беларускай гісторыі, адносіцца пэрыяд пачатку вайны і акружэньне савецкіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Да прыкладу, колькасьць Заходняй вайсковай акругі была 672 тысячы чалавек. За два тыдні баёў загінула каля 300 тысяч, і больш за 450 тысяч, а паводле некаторых зьвестак — каля паўмільёна, трапілі ў палон. Другая тэма — калябарацыя, і трэцяя — жыцьцё на акупаванай тэрыторыі. А менавіта, што людзі заставаліся пад падвойным ударам: з аднаго боку — акупацыйныя ўлады, а з другога — партызаны, якія прыходзілі ноччу, забіралі харчаваньне, адзеньне і гэтай далей. Гэта самыя табуяваныя тэмы — дастаткова разгарнуць падручнікі, паводле якіх вывучаецца гісторыя вайны ў школах і ВНУ, і можна пабачыць, што гэтая гісторыя адсутнічае цалкам».

У працяг тэмы партызанкі доктар гістарычных навук Эмануіл Ёфэ — аўтар шэрагу выданьняў па гісторыі апошняй вайны — у сваіх дасьледаваньнях сьцьвярджае, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі на пачатку вайны колькасьць цывільных грамадзян, якія пайшлі служыць у паліцыю, перавышала колькасьць партызан, што змаганьне з фашызмам так званых народных мсьціўцаў істотна перабольшанае, а барацьбу з акупантамі на тэрыторыі Беларусі нельга назваць усенароднай. Шэраг фактаў апошняй вайны замоўчаны цалкам, кажа Эмануіл Ёфэ:

«Такі боль беларускага народу, пра які ніколі нідзе ня пішуць, які ні разу нідзе ня згадваўся: паводле неафіцыйных зьвестак, падчас Другой усясьветнай вайны на тэрыторыі Эўропы ад нямецкіх салдат і афіцэраў нарадзілася каля 3 мільёнаў дзяцей. У Беларусі такіх дзяцей — каля 300 тысяч, пра якіх ніколі нідзе не гаворыцца. Мала пішацца пра беларускіх нацыяналістычных партызан. Гэта ня польская „Армія краёва“, не ўкраінскія АУН—УПА, не савецкія партызаны, якія падпарадкоўваліся Маскве. Гэта беларускія нацыяналістычныя партызаны, якіх было няшмат — 3–5 тысяч, але яны былі. Усенароднай партызанскай вайны, фактычна, не было, бо партызанскім рухам кіравалі органы НКВД — НКДБ і ваенныя саветы франтоў. Гэта вельмі многім непрыемна, а таму імкнуцца гэтыя факты замаўчаць».

Паводле Эмануіла Ёфэ, апошнімі гадамі, акрамя таго, зьяўляюцца публікацыі, у якіх афіцыйныя гісторыкі спрабуюць занізіць колькасьць загінулых беларусаў і зьняпраўдзіць сам факт спальваньня беларускіх вёсак, а іх было спалена 439. Гэткім чынам, барацьба ідэалёгій, якой была Другая ўсясьветная вайна на тэрыторыі Беларусі, працягваецца і па сёньняшні дзень, кажа гісторык Алесь Смалянчук:

«Тое, што мы шмат ня ведаем пра гэтую вайну, то гэта абсалютна відавочна. Доўгі час яна была моцна ідэалягізаваная. Падавалася так, што вайна — гэта Вялікая Айчынная вайна савецкага народу. У выніку сёньня беларуская гістарыяграфія мае праблему і з факталёгіяй гэтай вайны, і зь яе пераасэнсаваньнем. У свой час Яўген Мірановіч вельмі добра напісаў у сваёй кнізе „Найноўшая гісторыя Беларусі“, што галоўная праблема Беларусі — у тым, што яна стала пляцоўкай для змаганьня двух таталітарызмаў: сталінскага і гітлераўскага. Шмат што трэба рабіць гісторыкам, але гэта надзвычай складана ва ўмовах зачыненых архіваў і ў выглядзе ідэалёгіі, якая вярнулася з савецкіх часоў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG