Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Ермаковай моцна выкруцілі рукі»


Надзея Ермакова

Надзея Ермакова

Нацыянальны банк абвясьціў пра чарговае (трэцяе сёлета) і істотнае (адразу на 2 працэнты) зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня да 25%. Экспэрты кажуць, што банк пасьпяшаўся, і прагназуюць магчымы адток рублёвых укладаў.

Праўленьне Нацыянальнага банку зацьвердзіла рашэньне зьнізіць стаўку рэфінансаваньня спэцыяльнай пастановай. У ёй тлумачыцца, на чым грунтуюцца такія захады. Гэта — зьмяншэньне інфляцыі, якое чакаецца па выніках красавіка; дадатнае сальда зьнешняга гандлю; перавышэньне продажу валюты над попытам на яе. Напрыклад, адзначана, што рублёвыя ўклады сёлета прырасьлі на сем трыльёнаў рублёў.

«Тое, што зараз зрабіў Нацбанк, якраз і не патрэбна было рабіць», — упэўнены эканаміст Леў Марголін:

«Я думаю, што спадарыні Ермаковай, напэўна, добра выкруцілі рукі, каб яна гэта зрабіла. Яна — усё ж такі не Пракаповіч, яна — спэцыяліст у банкаўскай справе. А тое, што ў красавіку, можа, сапраўды зьнізілася інфляцыя і ў гадавым пераліку яна можа быць меншай за 25%, яшчэ ні пра што ня сьведчыць. Трэба, каб прайшло некалькі месяцаў, каб склалася ўстойлівая тэндэнцыя зьніжэньня інфляцыі.

У красавіку золатавалютныя рэзэрвы фактычна зьменшыліся на 300 мільёнаў даляраў, калі не лічыць траншу з Антыкрызіснага фонду. Таму ў такой сытуацыі трэба вельмі асьцярожна працаваць зь беларускім рублём. На мой погляд, гэта такое неабачлівае дзеяньне, якое ўсё ж зробленае Нацбанкам. І я думаю, што гэта было зроблена пад моцным узьдзеяньнем ураду».

«На маё глыбокае перакананьне, зьніжаць стаўку з улікам рэальнага роўню інфляцыі не было патрэбы», — кажа «Свабодзе» экс-старшыня праўленьня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч:

«Навошта сьпяшацца? Трэба, каб спачатку стабілізавалася інфляцыя на нізкім роўні. Каб стабілізаваліся цэны. Яны ж працягваюць расьці штодня па ўсіх напрамках.

Да таго ж, трэба ацэньваць ня толькі бягучую інфляцыю, але і рынак з розных пазыцыяў. Напрыклад, складзкія запасы. Яны ж ацэньваюцца ўжо на трыльёны рублёў. А дэбіторская запазычанасьць? Гэта ж таксама трыльёны. Таму няма неабходнасьці ківаць на дарагоўлю рэсурсаў для эканомікі. Эканоміка павінна прадаць тое, што яна вырабіла. І больш не вырабляць прадукцыю, якая неканкурэнтаздольная — і па коштах, і па якасьці. Спачатку вырашыце тры глябальныя пытаньні — ровень цэнаў на спажывецкім рынку, дэбіторы, складзкія запасы».

«Нацбанк зьніжае стаўку да 25% дзеля таго, каб ажывіць попыт на ўнутраным рынку», — адзначае экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка:

«Экспарт падае, а Беларусі трэба выконваць прагнозныя паказьнікі, на што спадзяецца Аляксандар Лукашэнка, а менавіта — дасягнуць росту ВУП на 8,5%. І гэта даводзіцца рабіць камандзе Міхаіла Мясьніковіча, якую ўмацавалі Пятром Пракаповічам. А гэтыя людзі — якраз прыхільнікі павелічэньня ўнутранага попыту.

Насамрэч вынік стымуляцыі ўнутранага попыту мы пабачылі ў 2011 годзе, калі абваліўся рубель. Гэта і быў вынік той палітыкі, што праводзілася з 2009 году. Міністэрства эканомікі ў сваіх справаздачах некалькі разоў паказвала, што такога рабіць нельга. Але ў краіне ёсьць больш магутныя лабісты. Яны выступаюць за стымуляцыю ўнутранага попыту. А зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня — гэта і ёсьць адзін з тых інструмэнтаў, што дазваляюць гэта зрабіць».

Ровень стаўкі рэфінансаваньня з пачатку 2013 году зьменшыўся на 3 працэнтныя пункты. З 17 красавіка ён складае 27% гадавых.

XS
SM
MD
LG