Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пераход ад сацыяльнай раздачы кватэр да арэнднага дзяржаўнага жыльля. На яго перакананьне, трэба рэзка скараціць будаўніцтва бясплатных кватэр, на якіх потым нажываюцца несумленныя грамадзяне, а трэба засяродзіцца на ўзьвядзеньні так званых арэндных дамоў. Нерухомасьць будзе заставацца ва ўласнасьці дзяржавы і здавацца ў наём тым, хто працуе ў дзяржаўным сэктары. Мяркуецца, што кошт арэнды будзе ўдвая таньнейшы за рынкавы. Ці азначае гэта, што ўлады паступова адмовяцца ад фармаваньня чэргаў для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў?

7 траўня Аляксандар Лукашэнка ўласнаручна заклаў першую чаргу жылога комплексу «Магістар». Першыя дзевяць дамоў, дзе больш за 2 тысячы маламэтражных кватэр, будуць адпачатку арыентаваныя для здачы ў арэнду. Іх пачнуць узводзіць недалёка ад Парку высокіх тэхналёгіяў, і першымі арандатарамі стануць якраз небагатыя навукоўцы. Сам Лукашэнка лічыць гэтую падзею гістарычнай:

«Мы ня сталі адкладаць рашэньне гэтага пытаньня ў доўгую скрыню. Сёньняшняя падзея запачаткоўвае новы падыход да рэалізацыі жыльлёвай палітыкі нашай дзяржавы. Мы прыступаем да ажыцьцяўленьня пэрспэктыўнага нацыянальнага праекту — стварэньня дзяржаўнага арэнднага жыльля. Адсюль мы пачынаем глябальную рэалізацыю гэтай новай формы, якая ў нас, у нашай дзяржаве была ня разьвітая. Гэта сучасны, эўрапейскі шлях і годная альтэрнатыва прыватнаму жыльлёваму рынку зь яго завоблачнымі коштамі. Мы будзем тут будаваць не шыкоўныя, не вялікія кватэры, але для такіх людзей, дзе можа жыць сям’я з адным, двума, трыма дзецьмі. Вядома, у цесных, абмежаваных умовах. А за гэты час чалавек можа падумаць пра будоўлю ўжо большай кватэры».

Лукашэнка лічыць, што кошт арэнды дзяржаўнага жыльля не павінен апускацца ніжэй за 50% ад рынкавага — каб зусім ня вылецець у мінус. Калі цяпер наняць аднапакаёвую кватэру ў Менску каштуе ў сярэднім 300 даляраў, то выглядае, што такі ж варыянт у арэндным доме абыдзецца ў 150 даляраў. Плюс даляраў 70–80 трэба закладаць на камунальныя паслугі, сьвятло, ваду. Такім чынам, на выхадзе атрымліваецца не нашмат меней, чым цяперашнія расцэнкі. Пры гэтым кватэра застаецца ва ўласнасьці дзяржавы, і першае ж замаруджаньне з аплатай пагражае скасаваньнем дамовы арэнды.

сацыяльнага жыльля ў нас і так вельмі мала ўзводзіцца — у Менску парадку 100 кватэраў на год
Ці разьвяжа арэнднае жыльлё жыльлёвую праблему, якая застаецца нявырашаная дзесяцігодзьдзямі? Толькі ў Менску ў чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоў стаіць блізу 270 тысяч чалавек, па краіне гэтая лічба перавышае паўмільённую адзнаку. Дарэчы, досьвед такога будаўніцтва будзе апрабаваны і ў рэгіёнах. У сваю чаргу, кіраўнік асацыяцыі «Нерухомасьць» Мікалай Прасталупаў спадзяецца, што новы сэгмэнт у будаўніцтве стане дадаткам да аб’ёмаў, якія плянуюцца з улікам жыльлёвых патрэбаў, але не генэральнай лініяй:

«Ды наўрад ці гэта што вырашыць. Проста гэта трэба разглядаць як нейкі дадатковы сэгмэнт, якія зьявіўся ў дзяржаўным будаўніцтве. Камэрсанты ж ня будуць будаваць, здаваць у арэнду і потым 10 гадоў акупляць гэтае жыльлё? Проста дзяржава арганізавала дадатковы сэгмэнт, але ў гэтым зьвязку было б пажадана, каб гэта былі дадатковыя плошчы да таго, што ўжо ўзводзіцца. Учора Лукашэнка, прынамсі, пацьвердзіў, што сацыяльнае жыльлё, бясплатнае, застаецца — для шматдзетных сем’яў, для вайскоўцаў, яшчэ для нейкіх катэгорыяў. Але сацыяльнага жыльля ў нас і так вельмі мала ўзводзіцца — у Менску парадку 100 кватэраў на год. Таму, думаю, па 100 кватэраў як будавалі, так і будуць будаваць, тут праблемаў ня бачу, бо 100 кватэраў — гэта ж ня 10 тысяч».

А вось з чаргавікамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў, на думку спадара Прасталупава, пытаньне пакуль адкрытае:

Павінна нараджацца здаровае пакаленьне, а на практыцы толькі вымірае Беларусь
«Асобна стаіць жыльлё, якое будуецца для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў. Чаргавікі, як вядома, купляюць кватэры за грошы: 25% ад вызначанага кошту ўносяць свае, на астатнюю суму бяруць крэдыт. Таму датычна гэтай катэгорыі — хто мае патрэбу — спадзяюся, што арэнднае жыльлё пойдзе ўсё ж дадаткова да тых аб’ёмаў, якія кожны год зацьвярджаюцца для чаргавікоў. Але трэба глядзець раскладку, бо нейкія канкрэтныя лічбы на пэрспэктыву не прагучалі. Цяпер горад для тых, хто мае патрэбу, будуе штогод прыкладна 8–9 тысяч кватэраў. І анансаваныя 2 тысячы арэндных кватэраў за тры гады — пакуль што лічбы несупастаўныя».

Сям’я Трухановіч у чаканьні кватэры ад канца 1990-х. За прамінулы час чарга хоць і зрушылася, але асаблівага прасьвету ня бачна. Цяпер у прыватным доме разам з бабуляй жывуць тры пакаленьні, цярпеньне якіх паступова заканчваецца — арэнднае жыльлё ім не пагражае, а дзяржаўнага можна і не дачакацца. Гаворыць прадстаўніца трэцяга пакаленьня спадарыня Галіна:

«Маладыя, ня вытрымаўшы, пайшлі зь дзіцём на кватэру. А вы ж самі ведаеце — жыльля менш як за 200 даляраў у Менску ня знойдзеш, прычым за абы-якія ўмовы. А сын усяго атрымлівае 400 даляраў. Нявестка зьляцела да сваёй маці, а ў маці на вёсцы таксама для дзіцёнка ніякіх умоў няма. Ну што тут сказаць? Дзе тыя ўмовы, якія нібыта стварае дзяржава для паляпшэньня дэмаграфіі, як тое дэкляруецца? Павінна нараджацца здаровае пакаленьне, а на практыцы толькі вымірае Беларусь. Вось і наш прыклад: ён тут, а яна — там. Грызьня ажно да разводу. А як жыць, калі ніякіх варыянтаў нават не прасьвечваецца? Вось вам і кватэрнае пытаньне».

Рэзкая зьмена палітыкі на жыльлёвым фронце адбылася неўзабаве пасьля валютнага крызісу 2011 году, калі лопнула бурбалка штучных заробкаў, не падмацаваных эканамічным ростам. Напампоўваньне грашовай масай усіх сфэраў зрабіла даступным у тым ліку і жыльлё, якое забясьпечвалася таннымі крэдытамі для ўсіх ахвотных. Як вынік — тысячы людзей прыдбалі сабе па некалькі кватэраў, што тагачасныя нарматыўныя акты не забаранялі. Паводле зьвестак Менгарвыканкаму, дзьве кватэры ва ўласнасьці маюць больш за 55 тысяч менчукоў, тры — амаль 5,5 тысячы, больш за тысячу збудавалі па 5–6 кватэраў. Пры канцы мінулага году Лукашэнка загадаў высьветліць: хто збудаваў нерухомасьць на ільготных умовах, а потым на гэтым яшчэ і нажываецца. Тэрмін — да канца траўня 2013 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG