Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады разьлічваюць, што запрашэньне на ўдзел у саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні будзе накіравана на імя кіраўніка дзяржавы, а беларускі бок сам вырашыць, хто будзе прадстаўляць краіну на сустрэчы.

Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Андрэй Гіро ў часе дыскусіі ў Бэрліне 7 траўня.

Як паведамляе БелаПАН, дыскусія прайшла ў межах сэрыі мерапрыемстваў пад эгідай Менскага форуму. Амбасадар Беларусі выступіў з прамовай сьледам за сьпікерамі.

Ён згадаў, што ў 2009 годзе кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг прывёз у Менск запрашэньне для Аляксандра Лукашэнкі на ўдзел у інаўгурацыйным саміце Ўсходняга партнэрства ў Празе. У той жа час, адзначыў Гіро, па дыпляматычных каналах паступалі просьбы накіраваць на саміт у Прагу іншага прадстаўніка Беларусі.

Мінск прыняў гэтае «дзіўнае запрашэньне», паколькі зьвязваў з новай палітыкай ЭЗ вялікія надзеі, растлумачыў амбасадар. Аднак, дадаў Гіро, гісторыя «Ўсходняга партнэрства» — гэта «чарада расчараваньняў».

Дыплямат выказаў надзею, што на саміце ў Вільні ў лістападзе гэтага году Беларусь ня будуць дыскрымінаваць.

«Мы таксама спадзяемся, што заключныя дакумэнты будуць утрымліваць не набор палітычных дэклярацыяў, а пералік канкрэтных праектаў, якія павінны быць рэалізаваныя ў агляднай будучыні», — заявіў Гіро.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Менск і Брусэль вядуць кансультацыі аб фармаце ўдзелу Беларусі ў маючым адбыцца саміце. У прыватнасьці, абмяркоўваецца магчымасьць запрашэньня на сустрэчу міністра замежных спраў Уладзімера Макея, які знаходзіцца ў сьпісе неўязных у ЭЗ. Гэтае пытаньне ўвязваецца з вызваленьнем і рэабілітацыяй беларускіх палітвязьняў.

Так, напрыклад, пытаньне ўдзелу Беларусі ў саміце абмяркоўвалася ў канцы сакавіка на беларуска-літоўскіх кансультацыях паміж МЗС абедзьвюх краін у Менску. «Удзельнікі сустрэчы выказалі надзею, што ў найбліжэйшай будучыні ўдасца нармалізаваць адносіны Беларусі і ЭЗ з дапамогай вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў», — паведаміла па выніках кансультацыяў прэсавая служба літоўскага МЗС.

Пытаньне аб удзеле Беларусі ў саміце «Ўсходняга партнэрства» абмяркоўвалася таксама на пасяджэньні міністраў замежных спраў краін ЭЗ 22 красавіка ў Люксэмбургу.


Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч пракамэнтаваў Радыё Свабода заяву амбасадара Беларусі ў Нямеччыне:

«Запрашэньне можа быць дастаўлена кіраўніку дзяржавы. Так было і перад самітам, які праходзіў у Празе. Тады міністар замежных спраў Чэхіі Шварцэнбэрг прывозіў яго Лукашэнку. Але ўзровень удзелу будзе залежаць, я ўпэўнены ў гэтым, ад таго, вызваляць палітвязьняў ці ня вызваляць. Я перакананы, што Эўропа не адступіць ад гэтай умовы. Бо інакш яна губляе твар. А па-другое, гэта адпавядае эўрапейскім прынцыпам і стандартам, каштоўнасьцям аб’яднанай Эўропы. Я веру, што гэтая ўмова будзе абавязковай, каб быў дастаткова высокі ўзровень прадстаўніцтва Беларусі ў Вільні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG