Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ход канём


10 траўня 1892 году ў Менску ад вакзалу ўздоўж вуліцы Захар’еўскай да самай Саборнай плошчы не было дзе ўпасьці ні яблыку, ні бомбе, ні авіятару Вутачкіну — натоўп сабраўся такі, быццам у горад завітаў сам гасудар імпэратар. «Народъ не разходился до поздняго вечера», — пісаў на другі дзень менскі карэспандэнт «Віленскага весьніка». Але ж і падзея адбывалася не абы-якая — у горадзе ўрачыста адкрывалі першую конку. Пад неспакойнае ржаньне новага грамадзкага транспарту менскі губэрнатар, яго правасхадзіцельства Нікалай Нікалаіч Трубяцкой пажадаў вэтэранам расейска-турэцкай вайны не старэць душой, моцнага здароўя і шчасьця ў лічнай жызьні. Граф Чапскі выказаўся ў тым духу, што дзякуючы концы гарадзкі пульс пачаў біцца мацней. А затым слова ўзяў камандзір 4-га армейскага корпусу афіцэр Косіч. Гаварыў ён доўга і пранікнёна.

«А вось яшчэ быў выпадак», — сказаў Косіч. — «Апынуўся я неяк у Брусэлі. Дамскі горад, скажу я вам. Каруначкі ды кветачкі. Вулачкі вузенькія. Але якія харошыя faubourgs, брусэльскія прадмесьці! Шырокія, прыгожыя, людныя, разрасьліся, як кветнікі. А ўсё дзякуючы ёй — конна-трамвайнай чыгунцы. Дык хай жа і ў нашым Менску...»

І конка пачала працу, перавёзшы за першыя пяць дзён пятую частку гарадзкога насельніцтва — амаль дваццаць тысяч чалавек. Спачатку дзейнічалі дзьве лініі: Вакзальная — паміж Берасьцейскім і Віленскім вакзаламі, і Цэнтральная, галоўная — ад Віленскага вакзалу да Саборнай плошчы па Пецярбурскай, Каломенскай, Захар’еўскай і Губэрнатарскай. Ужо ў чэрвені галоўная лінія была працягнутая па Манастырскім завулку і Гандлёвай вуліцы да Нізкага рынку, потым гэтыя маршруты яшчэ некалькі разоў мяняліся і ўдасканальваліся, а ў 1895-м пачала дзейнічаць Няміга-Захар’еўская лінія, што перасякалася з Галоўнай і злучала Гандлёвую ды Садовую зь Нямігай і Камароўкай. У Табэлі дадзеных Парыскага сусьветнага кірмашу 1900 году Менск ужо фігураваў як ня проста так сабе гарадочак, а Места з Конкай — і гэта гучала салідна і важыла шмат: зусім як цяпер статус жыхара паселішча з мэтрапалітэнам змушае арганізм да нейкай ірацыянальнай нутраной гордасьці.

Каштаваў праезд у менскай концы ад трох да шасьці капеек, а працавала яна да адзінаццаці вечара — у цёмны час вагоны асьвятляліся газнымі ліхтарамі. Рухаўся гэты транспарт з хуткасьцю прыкладна пяць кілямэтраў на гадзіну — але і пры такіх тэмпах можна было папрасіць спыніцца ў любым месцы, што і цяпер выгодна адрозьнівае конку ад маршруткі зь яе «астаноўкамі толька на астаноўках». Кандуктар мусіў абавязкова знайсьці сядзячае месца для пасажыра, калі ён не гімназіст і не гімназістка, а пасажыр... Пасажыр, паводле Правілаў карыстаньня грамадзкім транспартам, мусіў пры ўваходзе павітаць дамаў лёгкім нахілам галавы. Конка кожнага рабіла джэнтэльмэнам.

Але перадусім менская конка — гэта, напэўна, музыка. Фурман, які несупынна звоніць у адмысловы званок, рытмічны цокат капытоў, нясьпешныя размовы на некалькіх мовах, сьпевы рэек... За тое, каб адзін раз праехацца на менскай концы канца ХІХ стагодзьдзя, можна было б аддаць шмат. Але вандроўнік у часе не бярэ пасажыраў. Вагон перапоўнены, вуліцы перакрытыя. Аблава. Сьпёка. Перастрэлка. Цішыня. Давядзецца лезьці ў аўтобус.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG