Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Сілівончык абразіў Лукашэнку «ў стане непрытомнасьці»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Пры канцы красавіка Менскі гарадзкі суд на закрытым пасяджэньні пастанавіў прызнаць былога дыспэтчара электрасетак Брагінскага раёну Мікалая Сілівончыка вінаватым у абразе прэзыдэнта і распальваньні нацыянальнай варажнечы, зьдзейсьненых «у стане непрытомнасьці».

42-гадовага спэцыяліста зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі накіроўваюць на прымусовае лячэньне.

Родныя Мікалая Сілівончыка да апошняга спадзяваліся, што здарылася нейкая страшная памылка. І калі ня сьледчыя, то суд ва ўсім разьбярэцца, і Мікалая выпусьцяць зь Менскага сьледчага ізалятара, дзе ён сядзіць яшчэ зь мінулага году.

Гаворыць Марыя Сілівончык, маці Мікалая, якая жыве ў Лоеве:

«Сын сядзіць ужо амаль шэсьць месяцаў у СІЗА. Яшчэ 13 ліпеня мінулага году забралі яго з дому, не ўстанавіўшы вінаватасьць. І робяць яго ненармальным. Накіроўвалі ў Гомель у шпіталь на экспэртызу, і ён прыносіў паперку, што быў нармальны. А потым прыехалі ў Лоеў — так сьледчым захацелася — і забралі яго спачатку ў Гомель, а потым паклалі ў Менску ў шпіталь. Тыя й далі заключэньне пра шызафрэнію, і наагул — што ён у поўнай адсутнасьці памяці».

Марыя Фядосаўна сьцьвярджае, што ў сьледчым ізалятары сын Мікалай патрабаваў паўторнай псыхіятрычнай экспэртызы, але не дамогся яе:

«Мікалай жыў і працаваў у Брагіне. Прычапіліся, што зь яго кампутара ішла рассылка на прэзыдэнта. А потым ужо нацыянальную варожасьць самі дадалі».

У прэсавай службе Сьледчага камітэту, які дасьледаваў «справу Мікалая Сілівончыка», паведамілі, што камэнтаваць яе цяпер ня маюць падставаў:

«Сьледчы камітэт дасьледаваў крымінальную справу ў дачыненьні да Сілівончыка. Было прынята працэсуальнае рашэньне на перадачу яе пракурору для наступнага накіраваньня ў суд. Таму зьвяртайцеся ў кампэтэнтную ўстанову, у якой дадуць адказ».

У Менскім гарадзкім судзе пацьвердзілі, што крымінальная справа Мікалая Сілівончыка была разгледжана 25 красавіка. Ніякай іншай інфармацыі безь пісьмовага запыту там таксама не даюць.

Адвакат Сілівончыка Аляксандар Ваўноў спаслаўся на дадзеную ім падпіску пра неразгалошваньне справы і толькі пацьвердзіў, што крымінальная справа ў дачыненьні да ягонага падабароннага сапраўды разглядалася паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — частка 1 артыкулаў 368 і 130. На падставе судовага выраку Мікалай мусіць прайсьці прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі.

Сястра Мікалая Сілівончыка Людміла кажа, што, апрача асноўнай працы, брат займаўся яшчэ й рэклямнымі паслугамі праз інтэрнэт. Ствараў інтэрнэт-крамы. У сеціве зь ягонага кампутара й распаўсюджвалася інфармацыя, якая стала падставай для крымінальнай справы:

«З кампутара Мікалая былі рассылкі з абразай на адрас прэзыдэнта. У яго быў зроблены сайт — яны там займаліся рэклямай. І там быў адкрыты доступ і функцыя рассылкі на шмат адрасоў. Любы чалавек праз інтэрнэт мог набраць свой ліст, націснуць на адну кнопку — і на сто адрасоў пайшла гэтая рассылка».

Ні Людміла, ні бацькі ня ведаюць ані пра зьмест рассылак, ані пра колькасьць іх, бо судовыя паседжаньні вяліся ў закрытым рэжыме, а адвакат зьвязаны падпіскай пра неразгалошваньне сутнасьці справы.

Сам жа Мікалай, па словах сястры, напісаў родным наступнае:

«Мікалай піша, што рассылкі былі, але ягоныя асабістыя рассылкі тычыліся толькі бізнэсу. Прайшлі таксама рассылкі, якіх ён не рабіў».

Людміла кажа, што калі ў дачыненьні да брата сьледчыя распачалі праверку, яго прымусілі выдаліць сайт. І Мікалай гэта зрабіў, спадзеючыся, што справа на тым і скончыцца. Аднак выявілася яшчэ адна акалічнасьць. У Мікалая, як апавядае сястра, было хобі — ён цікавіўся ўплывам электрамагнітных хваляў на чалавека. Рабіў спэцыяльны шлем, свой ахоўны пакой:
Даказаць вінаватасьць яго вельмі складана. Выглядае, што трэба адпускаць. Але ж сьледзтва вялося дзесяць месяцаў.

«І вось учапіліся за гэты пакой і ягоную веру ў электрамагнітную зброю, пасылаюць на экспэртызу і робяць, быццам у яго поўнасьцю адсутнічае памяць. Даказаць вінаватасьць яго вельмі складана. Выглядае, што трэба адпускаць. Але ж сьледзтва вялося дзесяць месяцаў. Учапіліся ў гэты пакой і зрабілі, быццам у яго поўнасьцю адсутнічае памяць. У цябе поўнасьцю адсутнічае памяць — дык ідзі й лячыся».

Мікалай Сілівончык добра вучыўся ў школе, служыў у войску, а пасьля скончыў політэхнічны інстытут і каапэратыўны інстытут з адзнакай. Паводле дыплёмаў мае кваліфікацыю інжынэра-электрыка і эканаміста-мэнэджэра. З кастрычніка 2003 году працаваў дыспэтчарам Брагінскага РЭС філіялу «Рэчыцкія электрычныя сеткі» РУП «Гомельэнэрга».

Як вынікае з вытворчай характарыстыкі, выдадзенай у лютым гэтага году дырэкцыяй Рэчыцкіх электрасетак, Мікалай Сілівончык — «пісьменны спэцыяліст, ведае пра шмат якія дасягненьні айчыннай і замежнай навукі і практыкі па сваёй спэцыяльнасьці». Ён «кампэтэнтны ў пытаньнях эканомікі, працоўнага й гаспадарчага заканадаўства, аховы працы й тэхнікі бясьпекі. Ведае й дакладна выконвае патрабаваньні па тэхнічнай эксплюатацыі абсталяваньня, якое абслугоўвае. Забясьпечвае бясьпечныя ўмовы і ахову працы падначаленаму пэрсаналу». А яшчэ дырэкцыя піша, што Мікалай — «ураўнаважаны, эмацыйна ўстойлівы», імкнецца пазьбягаць «асабістых і прафэсійных канфліктаў», захапляецца вывучэньнем замежных моваў і гісторыі роднага краю.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла
Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла:

«Мы пра гэта казалі неаднаразова, што разам са шматлікімі парушэньнямі правоў чалавека – прэвэнтыўныя затрыманьні, незаконныя прымяненьні адміністрацыйных санкцыяў да актывістаў грамадзянскай супольнасьці і палітыкаў – прымяняецца і незаконная псыхіятрыя. Гэта мае месца быць, улады выкарыстоўваюць гэтыя мэтады. Як яны выкарыстоўваліся па такім прызначэньні ў хрушчоўскія, брэжнеўскія часы, я ўжо не кажу пра сталінскія. І, вядома, з улікам таго, што сёньня ўсе экспэртныя ўстановы і праваахоўныя органы пад прэзыдэнтам, злоўжываньні ў гэтай частцы могуць мець месца. І яны адбываюцца час ад часу, калі неабходна менавіта заткнуць рот. Такому заўзятаму праўдашукальніку, які публічна выказвае свае сумненьні і крытыкуе ўладу маючых аж да кіраўніка краіны, яны спрабуюць стварыць вобраз такога кляўзьніка, чалавека, хворага на шызафрэнію. Што ён на глебе псыхічнага захворваньня рассылае шматлікія лісты, займаецца праўдашукальніцтвам і так далей».

Карная псыхіятрыя — вядомы ад савецкіх часоў сродак барацьбы з іншадумствам.

Аляксандар Круты
Аляксандар Круты
2011 год. Аляксандар Круты падчас суду над Канавалавым і Кавалёвым прадстаўляў інтарэсы сваёй дачкі Інэсы, якая моцна пацярпела ад выбуху. Выступаючы ў судзе, ён задаваў шмат пытаньняў, запатрабаваў адкласьці працэс да ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. На шосты дзень пасьля пачатку працэсу яго затрымалі.

У пастанове пра затрыманьне Крутога гаварылася, што ў кабінэце адной з мэдустаноў Менску ён «наўмысна зьдзейсьніў хуліганскія дзеяньні з асаблівым цынізмам і пагардай да нормаў маралі (...) выліў зьмесьціва двух слоікаў з мачой на галоўнага лекара».

7 сьнежня 2011 году судзьдзя Маскоўскага раёну Аляксандар Кострыкаў на закрытым пасяджэньні прызнаў Аляксандра Крутога псыхічна неўраўнаважаным і прызначыў яму прымусовае лячэньне. Крутога накіравалі ў псыхіятрычны шпіталь у Навінках.

Амаль праз год Аляксандар Круты вярнуўся дадому, але і дагэтуль застаецца пад наглядам псыхіятраў. Ён узяты на ўлік у псыханэўралягічным дыспансэры.

Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка
2012 год. Летась у віцебскай турэмнай вар’ятні прымусова кармілі праз зонд галадоўніка, палітвязьня Сяргея Каваленку, асуджанага на 2 гады і адзін месяц турмы за парушэньне парадку адбыцьця так званай «хатняй хіміі», якую атрымаў за вывешваньне нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 годзе. Пратэстуючы супраць незаконнага прысуду, Сяргей Каваленка абвясьціў галадоўку.

Крысьціна Шацікава
Крысьціна Шацікава
2007 год. Грамадзкую актывістку з Магілёва Крысьціну Шацікаву напярэдадні Дня Волі, 23 сакавіка, пасьля гутаркі ў Магілёўскай управе КДБ людзі ў цывільным гвалтам адвезьлі ў гарадзкі псыхіятрычны шпіталь, дзе трымалі некалькі дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG