Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць пацыенткі «Экамэдсэрвіса», умяшаньне прэзыдэнта, арышты супрацоўнікаў мэдычнага цэнтру выклікалі гучны грамадзкі рэзананс. Чаму гэтая гісторыя набыла такі розгалас у грамадзтве? Ці апраўдана асабістае ўмяшаньне Аляксандра Лукашэнкі? Якія практычныя наступствы яно можа мець?

Удзельнікі: журналіст Андрэй Пачобут і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.


Чаму гэтая гісторыя набыла такі розгалас у грамадзтве?


Валер Карбалевіч: «Здаецца, на нашых вачах разьвіваецца чарговая „справа лекараў“. Сьмерць 25-гадовай жыхаркі Горадні Юліі Кубаравай пасьля плястычнай апэрацыі ў мэдычным цэнтры „Экамэдсэрвіс“ — вялікая чалавечая трагедыя.

Але, на жаль, падобныя гісторыі, калі нядбайнасьць дактароў прыносіць сьмерць ці дрэнныя наступствы для здароўя — у Беларусі ня рэдкасьць. Яны ў асноўным здараюцца ў дзяржаўных лякарнях. Аднак толькі гэтая гісторыя зь Юліяй Кубаравай выклікала гучны грамадзкі рэзананс. Чаму? Можа, справа якраз у тым, што гэтая трагічная гісторыя здарылася ў прыватнай клініцы?»

Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Андрэй Пачобут: «Тут існуенекалькі складовых частак. Па-першае, сама сытуацыя выразная. Маладая прыгожая дзяўчына перад шлюбам робіць апэрацыю і памірае.

Па-другое, у адрозьненьне ад іншых падобных выпадкаў, бацькі загінулай дзяўчыны актыўна кантактавалі з мэдыямі, фактычна шукалі падтрымкі грамадзтва. І калі ўлады ўбачылі рэзананс, то Лукашэнка зрэагаваў ва ўласьцівай для яго манеры».

Аляксандар Класкоўскі: «Сапраўды, на такі гучны рэзананс спрацавалі адразу некалькі чыньнікаў. Любая сьмерць — гэта жахліва. А тут маладая дзяўчына напярэдадні вясельля.

Другі момант. Адна справа, калі людзі кладуцца на апэрацыю, калі няма іншага выйсьця, стаіць пытаньне жыцьця і сьмерці. У гэтым жа выпадку дзяўчына хацела выглядаць прыгажэйшаю. Па вялікім рахунку, можна было яе і не рабіць. Гэта выглядае як адмысловая трагедыя.

Затым тут спрацавала насьцярожанае стаўленьне насельніцтва да прыватнай мэдыцыны. Бо там бяруць з пацыентаў вялікія для сярэдняга беларуса грошы. Але туды прыбягаюць задыханыя лекары зь дзяржаўных установаў, не адпачыўшы ад асноўнай працы. Таму ёсьць сумненьні ў якасьці паслугаў».

Карбалевіч: «Плюс, магчыма, вырасла роля сацыяльных сетак, якія ўсё больш уплываюць на грамадзкія настроі».


Умяшаньне Аляксандра Лукашэнкі


Карбалевіч: «Лукашэнка ўмяшаўся ў справу ў сваім стылі. Ён запатрабаваў зьняць з пасадаў, пакараць мэдыкаў, вінаватых у сьмерці дзяўчыны, фактычна перадаць пад кантроль дзяржавы прыватны мэдычны цэнтар. Чым вы патлумачыце гэта?

І як пракамэнтаваць дзеяньні сьледчых органаў? Затрыманыя шэсьць супрацоўнікаў „Экамэдсэрвісу“ на чале з дырэктарам. Уражвае, што затрымалі нават мэдычных сясьцёр. Наколькі адэкватныя з прававога гледзішча такія дзеяньні?»

Пачобут: «Лічу дзеяньні сьледчых органаў непрапарцыйнымі. У беларускай гісторыі такога не было з часоў „справы лекараў“ у сталінскі пэрыяд».

Карбалевіч: «Некалькі гадоў таму была справа кардыёлягаў. Тады на лаве падсудных апынуліся даволі вядомыя лекары кардыялягічнага цэнтру».

Пачобут: «Тым ня менш сытуацыя надзвычайная. Тое, што завялі крымінальную справу, — гэта натуральна ў дадзеным выпадку. Але я ня бачу падставаў для арышту такой колькасьці людзей. Па тым артыкуле, па якім яны абвінавачваюцца, — гэта ўпершыню.
Нашы ўлады асьцерагаюцца, каб нейкая рэзанансная падзея не была скіраваная супраць іх

Што тычыцца рэакцыі ўладаў. Яны вельмі ўважліва адсочваюць рэакцыю грамадзтва. Хачу прыгадаць, што „арабская вясна“ пачалася з таго, што малады туніскі гандляр, пакрыўджаны ўладамі, спаліў сябе. Таму нашы ўлады асьцерагаюцца, каб нейкая рэзанансная падзея не была скіраваная супраць іх. Лукашэнка не ўпершыню рэагуе на такія рэзанансныя падзеі. З аднаго боку, ён робіць на гэтым піяр, паказваючы, што абараняе інтарэсы грамадзтва. А зь іншага боку, ён нэўтралізуе сацыяльную бомбу, якая рызыкуе ператварыцца ў грамадзкія пратэсты».

Класкоўскі: «Паведамленьне пра тое, што распачата крымінальная справа, зьявілася праз пару гадзін пасьля заявы прэсавай службы Лукашэнкі. Гэта важная акалічнасьць.

Калі Лукашэнку трапілася гэтая інфармацыя, ён, як чуйны палітык, адпаведна зрэагаваў. Зь іншага боку, кіраўнік дзяржавы шчыры ў сваёй нелюбові да прыватніка, таму імкнецца яго па магчымасьці прыціскаць.

Нарэшце, пытаньне піяру. Рэйтынг Лукашэнкі цяпер ня вельмі высокі. І тут Лукашэнка спрабуе згуляць у рэзананс з грамадзкай думкай, накіраваць яе супраць „пярэваратняў у халатах“».


Стаўленьне грамадзтва


Карбалевіч: «Вось абодва мае суразмоўцы кажуць, што Лукашэнка імкнецца зрабіць піяр, трапіць у плынь грамадзкай думкі. Але гэта азначае, што грамадзтва якраз і падтрымае такія жорсткія дзеяньні.

Узгадаем тую трагічную гісторыю ў лютым, калі прадпрымальнік на дарагім аўто зьбіў каля парога менскай школы трэцяклясьніка. Яму далі чатыры гады калёніі. Дык вось, паводле апытаньня НІСЭПД, найбольш галасоў атрымала опцыя „Лічу прысуд вельмі мяккім“. Магчыма, Лукашэнка трапляе ў фокус грамадзкіх настрояў. Таму справа не ў Лукашэнку, а ў грамадзтве?»

Пачобут: «Так. Сапраўды, грамадзтва патрабуе жорсткіх пакараньняў. Пра гэта сьведчаць камэнтары ў інтэрнэце. Людзі кіруюцца эмоцыямі. Але я хачу зьвярнуць увагу, што і той выпадак зь сьмерцю трэцяклясьніка, і цяперашняя трагедыя — гэта ненаўмысныя злачынствы.

А Лукашэнка на гэта рэагуе адпаведна. У такой сытуацыі правасудзьдзе становіцца інструмэнтам у руках улады. Гэта страшная сытуацыя для людзей, якія трапілі пад яго».
Улада, замест таго каб разьвязваць карэнныя праблемы аховы здароўя, займаецца грубым, танным папулізмам

Класкоўскі: «У пэўнай ступені так. Але, думаю, грамада ня столькі прагне крыві гэтых лекараў, колькі хоча „раскулачыць“ прыватныя мэдычныя цэнтры, бо незадаволеная высокімі коштамі паслугаў. А Лукашэнка каналізуе гэтае незадавальненьне ў патрэбнае рэчышча. Грамада думае, што, распатрашыўшы гэтыя прыватныя цэнтры, перадаўшы іх пад кантроль дзяржавы, можна будзе прыйсьці туды і за тры капейкі якасна палекавацца.

Але так ня будзе. Можа, нейкае паляпшэньне якасьці паслуг пасьля цяперашніх праверак і адбудзецца. Але калі прыватную мэдыцыну загоняць пад дзяржаўны дах, то нэгатыўных наступстваў будзе больш. У выніку можа атрымацца тое, што здарылася з вышэйшай адукацыяй. Колькасьць прыватных унівэрсытэтаў рэзка скарацілася. Але ў дзяржаўных унівэрсытэтах грошы дзяруць за навучаньне ня менш. А якасьць пакідае жадаць лепшага. Улада, замест таго каб разьвязваць карэнныя праблемы аховы здароўя, займаецца грубым, танным папулізмам».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG