Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У стаўленьні да „нашэсьця расейцаў“ пераважае абурэньне»


Зьміцер Панкавец

Зьміцер Панкавец

Гэтымі днямі многія беларусы ў сацыяльных сетках абмяркоўваюць вялікі наплыў у Менск турыстаў з Расеі. Пра гэта ж узгадаў сёньня і Аляксандар Лукашэнка. Як успрымаюцца беларусамі расейскія турысты, якія пачуцьці пераважаюць у стаўленьні да іх? Ці можна сказаць, што на фоне паводзінаў расейцаў у Менску беларусы вастрэй адчуваюць свае адрозьненьні ад гасьцей з Расеі? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальнік газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец.

— Выглядае, што настолькі масавы прыезд грамадзянаў Расеі ў Беларусь — зьява досыць новая, да якой беларуская грамадзкая думка толькі пачынае выпрацоўваць сваё стаўленьне. Ці дае падставы рэакцыя беларусаў на вуліцах, у сацыяльных сетках меркаваць, як яны ставяцца да наплыву расейцаў у Менск? Ці можна вызначыць, якія пачуцьці тут пераважаюць — зьдзіўленьне, раздражненьне ці, можа, наадварот — задавальненьне ад таго, што нарэшце ў Беларусь сталі прыяжджаць турысты?

— Расейцаў сапраўды шмат, яны заўважныя. Заўважныя на вуліцах, у гіпэрмаркетах, у рэстаранах. І ў стаўленьні беларусаў да таго, як яны сябе паводзяць, пераважае хутчэй абурэньне. Людзі бачаць, як расейцы паркуюцца на ходніках, бачаць іхняе патрабаваньне прымаць расейскія рублі ў беларускіх крамах, іншыя моманты.

Хоць, па-мойму, абурэньне беларусаў — гэта цалкам нармальная зьява. Гэтаксама глядзяць на турыстаў жыхары іншых эўрапейскіх сталіцаў. Усе абураюцца турыстамі, нікому яны не падабаюцца. Але людзі разумеюць, што каб іхні горад разьвіваўся, меў прыбытак — трэба, каб гэтыя турысты ехалі. Аднак шкада, што да нас едуць толькі турысты з адной Расеі, іншых амаль няма.

— Такое ўражаньне, што (прынамсі ў сацыяльных сетках) наплыў расейцаў абмяркоўваецца пераважна нэгатыўна-іранічна — як «нашэсьце» нейкіх іншых і для «нас» малазразумелых людзей. Ці можна сказаць, што беларусы адчуваюць усё большую розьніцу паміж «намі» і «імі»?

— Так, я пагаджуся: «нашэсьце» расейцаў паказвае, што для многіх беларусаў з усходнім суседам агульнае — толькі мова. Іншы чыньнік — беларусы бачаць, што расейцы — багацейшыя, больш заможныя людзі. Таму — з аднаго боку, ёсьць раздражненьне (маўляў, яны нахабныя), але зь іншага — захапленьне тым, што яны багатыя.

Таму цяжка сказаць, што пераважае — нэгатыўны бок ці пазытыўны, і як гэта можа паўплываць на будучы выбар беларусаў — у бок Расеі ці наадварот.

Увогуле я б сказаў, што, нягледзячы на вялікі ўплыў расейскай мас-культуры і СМІ на Беларусь — беларусы вельмі мала ведаюць, чым жывуць звычайныя грамадзяне Расеі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG