Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк зноў зьмяншае стаўку рэфінансаваньня


Ад 15 траўня Нацбанк зьмяншае стаўку рэфінансаваньня да 25% гадавых.

Гэтае рашэньне грунтуецца на ацэнцы далейшага запавольваньня інфляцыі, паведамляецца на сайце Нацбанку. «А гэта абумоўлівае захаваньне рэальных працэнтных ставак у эканоміцы на значным станоўчым узроўні, нягледзячы на зьніжэньне іх намінальных значэньняў».

За красавік гэтага году чакаецца істотна ніжэйшы прырост спажывецкіх коштаў, чым у папярэднія месяцы.

Станоўчае сальда зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі разам са сталым перавышэньнем прапановы замежнай валюты над попытам на яе на ўнутраным валютным рынку фармуе ўмовы для ўстойлівасьці беларускага рубля і нават яго ўмацаваньня, цьвердзіць Нацбанк.

«На гэтым фоне высокая даходнасьць рублёвых зьберажэньняў істотна перавышае даходнасьць дэпазытаў у замежнай валюце і стымулюе інтэнсіўны прырост тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва. За 4 месяцы 2013 году іх аб’ём у банках павялічыўся на 7 трлн рублёў».

Раней МВФ і Эўразійскі банк разьвіцьця рэкамэндавалі Нацбанку Беларусі зьменшыць тэмпы зьніжэньня стаўкі рэфінансаваньня. Яны спасылаліся пры гэтым на рэзкае пагаршэньне сальда рахунку бягучых апэрацый у другім паўгодзьдзі 2012 году і верагоднасьць далейшага пагаршэньня сальда ў гэтым годзе.

17 красавіка гэтага года стаўка рэфінансаваньня была паніжана на 1,5% і склала 27% гадавых.

У 2013 годзе стаўку рэфінансаваньня плянуецца зьнізіць да 13–15% гадавых.
XS
SM
MD
LG