Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Сяргея Верамеенку аштрафавалі на два мільёны рублёў


Сяргей Верамеенка

Сяргей Верамеенка

Судзьдзя Ленінскага раёну Горадні Натальля Козел прызнала сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Сяргея Верамеенку вінаватым у распаўсюдзе ўлётак без выходных дадзеных.

Судзьдзя Ленінскага раёну Горадні Натальля Козел прызнала сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Сяргея Верамеенку вінаватым у вырабе і захоўваньні ўлётак без выходных дадзеных.

Міліцыянты, якія складалі на Верамеенку пратакол, у судзе патлумачылі, што вырашылі яго затрымаць, таму што скрозь празрысты пакет, які ён нёс у руках, была відаць друкаваная прадукцыя са здымкамі. Пазьней высьветлілася, што пры ім было 162 улёткі ў падтрымку палітвязьняў.

Улёткі перадалі на экспэртызу ў Менск, а пазьней атрымалі адказ, што яны выдрукаваныя з парушэньнем заканадаўства — без выходных дадзеных. Акрамя гэтага, паводле міліцыянтаў, Верамеенка дазволіў бяз ордэра зрабіць агляд сваёй кватэры, дзе ўлётак не было, а толькі адзін часопіс «Крыніца Гарадзенская».

Сяргей Верамеенка вінаватым у судзе сябе не прызнаў і заявіў, што ўлётак не распаўсюджваў і не вырабляў, а толькі насіў пры сабе і мае на гэта поўнае права, нават калі яны і без выходных дадзеных, бо іх колькасьць не перавышала 299 асобнікаў. Тым ня менш судзьдзя ягоных довадаў да ведама не прыняла:

«Атрымліваецца, што мяне асудзілі паводле другой часткі артыкула 22.9 — гэта выраб друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных з тэхнічнымі парушэньнямі. Міліцыянты нават не пацьвердзілі, што я яе вырабляў, у іх няма ніякіх доказаў, і ў экспэртызе пра гэта нічога не сказана».

Верамеенка кажа, што абскарджваць рашэньне суду ня будзе, бо ня бачыць у гэтым ніякага сэнсу, апроч лішняй траты часу. Але ён перакананы са свайго досьведу ў тым, што ўлёткі пра лёсы палітычных вязьняў трэба даносіць да людзей:

«Гэта вельмі патрэбна, бо, нягледзячы на тое, што ёсьць інтэрнэт, людзі не паўсюль гэтым цікавяцца. І калі паказваеш улётку з палітычнымі вязьнямі, шмат хто зьдзіўляецца, адкуль у нашай краіне могуць быць палітвязьні і што яны такога зрабілі. Людзі папросту ня ведаюць».

Сяргея Верамеенку затрымалі з улёткамі яшчэ ў сакавіку, калі сябры БХД праводзілі «Хвалю салідарнасьці з палітвязьнямі».

Затрымлівалі Сяргея людзі ў цывільным побач з офісам БХД у Горадні 12 сакавіка. У яго былі ўлёткі ў падтрымку палітвязьняў, а таксама асобнік газэты «Крыніца Гарадзенская». У міліцыі Верамеенка патлумачыў, чаму ўдзельнічае ў «Хвалі салідарнасьці з палітвязьнямі»: бо шмат хто на Гарадзеншчыне ня ведае, што ў Беларусі ёсьць палітзьняволеныя.
XS
SM
MD
LG