Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамісты прадказваюць паўтарэньне валютнага крызісу


Сярэдні заробак у Беларусі да канца сёлетняга году можа скласьці 650–700 даляраў на месяц. Такую заяву зрабіў віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч увечары 6 траўня падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Наколькі рэальны такі рост? Да якіх наступстваў можа прывесьці?

Паўтор крызісу, які амаль утрая абясцэніў беларускі рубель у 2011 годзе, прадбачыць доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба:

«Такія загады па росту заробкаў нашы ўлады выконвалі амаль заўсёды. І я думаю, што калі такую задачу зноў паставяць, то яе дасягнуць. Хоць бы з той прычыны, што ў краіне траціна занятых — бюджэтнікі. І гэта ўсё адміністратыўным шляхам робіцца. А за імі падцягнуцца пасьля адпаведнай каманды і дзяржаўныя прадпрыемствы. Вось і ўсё.

А што далей з гэтага будзе? У нас рост прадукцыйнасьці працы як адставаў у разы ад росту заробкаў, так і адстае. Таму мы рухаемся кірункам, які прывёў да крызісу 2011 году. І гэта можа нам выйсьці бокам.

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Схема — наступная. Падвышаны попыт на імпарт зробіць рэзка нэгатыўным гандлёвы балянс. Потым — ціск на валютны курс рубля. А потым — дэвальвацыя. А потым — зьмяншэньне валютных рэсурсаў. У выніку — крызісны сцэнар 2011 году. То бок мы балянсуем на мяжы — з такімі прапорцыямі, а лепей сказаць, дыспрапорцыямі ў эканоміцы».

«Нерэальнымі» называе чарговыя абяцанкі Пятра Пракаповіча былы кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Чыгір:

Міхаіл Чыгір

Міхаіл Чыгір

«Ну, дай Божа нашаму цялятку ваўка зьесьці. Нядрэнна было б, хто ж супраць? Але ж ці можна верыць Пракаповічу? Ён жа рабіў аналягічныя заявы раней. Калісьці ён нават абяцаў заробак у 800 даляраў. Многія, магчыма, пра гэта забыліся, а я — памятаю.

Я лічу абяцанкі Пракаповіча нерэальнымі. Каб зрабіць заробак у 600 даляраў на месяц, трэба рабіць нешта канкрэтнае ў эканоміцы. А калі рабіць мэханічнае падвышэньне, то гэта можа прывесьці да праблемаў на валютным рынку. Нейкі час, магчыма, пратрымаемся, а пасьля чакайце праблемаў на валютным рынку».

«У Беларусі ўсё рэальна і не рэальна адначасова. Таму лепш разгледзець магчымыя варыянты», — кажа дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Калі будзе працягвацца тое, што было летась (а тады заробкі падрасьлі на 21,6% у рэальным вымярэньні, а прадукцыйнасьць працы вырасла крыху больш як на 5%), то тады, вядома, рэальна выйсьці і на заяўлены заробак. Можна і грошы друкаваць, і іншыя захады рабіць.

Але ж 2013 год выглядае зусім непрымальным для такіх захадаў. Ён вельмі непрыемны ў пляне эканамічнай каньюнктуры. Вынікі першага кварталу выявілі значныя праблемы. І ў першую чаргу — тавары не прадаюцца. Таму не разумею, як заробкі будуць расьці. Але калі гэта здарыцца, то адзін з магчымых шляхоў — паўтарэньне таго, што здарылася, калі ў 2010 годзе заробкі падвышалі неяк па-вар’яцку, на палітычную замову. Гэта прывяло да татальнай макраэканамічнай дэстабілізацыі, якая затым прымусіла пайсьці на трохразовую дэвальвацыю. І гэта таксама адзін з магчымых варыянтаў».
XS
SM
MD
LG