Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая прэса пра скандал са сьцягамі: «Фол супраць дэмакратыі»


Пікет у Стакгольме 6 траўня (фота InfoBelarus)

Пікет у Стакгольме 6 траўня (фота InfoBelarus)

«Швэды перамаглі зь вялікімі цяжкасьцямі» – так падсумавала вынік 2:1 ўчорашняга хакейнага матчу Швэцыя-Беларусь у Стакгольме адна з чатырох найбуйнейшых швэдзкіх газэтаў, Svenska Dagbladet.

Аднак і Svenska Dagbladet, і іншыя сёньняшнія швэдзкія выданьні значна больш увагі ўдзялілі ня выніку матчу сваіх хакеістаў зь беларусамі, а скандалу з забаронай бел-чырвона-белых сьцягоў на трыбунах хакейнага чэмпіянату сьвету 2013, які праводзіцца ў Стакгольме і Хэльсынкі.

«Ідучы па сьлядах Лукашэнкі, Швэдзкая хакейная фэдэрацыя забараніла традыцыйны бел-чырвона-белы сьцяг, які быў сымбалем краіны да часу, пакуль яго не забараніў дыктатар. Гэтае рашэньне ня мае нічога супольнага з усім, з чым наогул зьвязваецца спорт. Ні са здаровым ладам жыцьця, ні з пачуцьцём братэрства, ні нават з надзеяй» – так у Svenska Dagbladet пішуць Ёар Горн і Данель Сомас, сябры Спартовага камітэту пры муніцыпалітэце швэдзкай сталіцы.

«Забарона заўзятарам ушанаваць сваю нацыянальную каманду сымбалямі, якія ім даспадобы – ня толькі злосны ўчынак. Ён таксама супярэчыць асноўным дэмакратычным каштоўнасьцям. Швэдзкая хакейная фэдэрацыя і арганізатары чэмпіянату сьвету па хакеі павінны неадкладна пайсьці па розум да галавы і адмяніць сваё рашэньне. І адначасова выразна і шчыра папрасіць прабачэньня ў беларускіх заўзятараў» – заключаюць Горн і Сомас.

«Калі гуляе ў хакей расейская зборная, на трыбунах вельмі часта можна ўбачыць стары савецкі сьцяг зь сярпом і молатам. Такое ўскоснае ўшанаваньне тэрору і рэжыму, які забіў мільёны сваіх грамадзянаў, не зьяўляецца палітычным мэсыджам для хакейных босаў. А вось зь бел-чырвона-белым беларускім сьцягам справа выглядае іначай. Гэты сьцяг – забаронены ў дыктатарскай Беларусі. І на трыбунах «Globen» у Стакгольме. Арганізатары хакейнага чэмпіянату сьвету бачаць палітычны мэсыдж у тым, што гэты сьцяг часта выкарыстоўваюць дэмакратычныя актывісты» – іранізуе аглядальнік Патрык Кронквіст у іншай агульнанацыянальнай швэдзкай газэце, Expressen. Тэкст Кронквіста мае загаловак «Фол супраць дэмакратыі».

І Кронквіст працягвае ў сваім іранічным стылі:

«У чым тут розьніца – калі абмінуць такую драбніцу, што першы сьцяг ўшаноўвае дыктатуру, а гэты другі – дэмакратыю? Праўдападобна ў тым, што Беларусь мае надзвычай моцнага заўзятара-дыктатара, які ўбачыў гэты сьцяг у тэлевізары і запратэставаў. Бо цяжка паверыць, што арганізатары чэмпіянату настолькі глыбока ведаюць гісторыю сучаснай Беларусі, што яны зрэагавалі па ўласнай волі, як толькі бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся ў Стакгольме».

Пра скандал зь беларускімі сьцягамі напісалі таксама і малыя, мясцовыя газэты. Вось прыклад з газэты Ystads Allehanda:

«Сёлета Швэдзкая хакейная фэдэрацыя дазволіла доўгай руцэ беларускай дыктатуры дасягнуць прадстаўнікоў апазыцыі ў Швэцыі. Гэта палітычнае выступленьне супраць асноўных свабодаў. Швэдзкая хакейная фэдэрацыя і Міжнародная хакейная фэдэрацыя сталі прыладамі ў руках дыктатуры. Што гэтыя гэтыя фэдэрацыі зробяць наступным разам? Забароняць плюшавых мядзьведзікаў?»

Тым часам у Стакгольме перад чарговым матчам чэмпіянату сьвету па хакеі Беларусь-Швэцыя 6 траўня адбыўся пікет беларускіх сьцягоў. Відэа тэлеканалу Белсат:

XS
SM
MD
LG