Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна дзяўчына ў коме пасьля плястычнай апэрацыі


Каля 7 месяцаў застаецца ў коме жыхарка Менску Вольга Сукора пасьля хірургічнай апэрацыі на твары, якую яна зрабіла напярэдадні вясельля.

Прычына комы невядомая, лекары вывесьці з гэтага стану дзяўчыну не змаглі. Пасьля рэанімацыі яна цяпер у аддзяленьні нэўралёгіі Менскага абласнога клінічнага шпіталя. А ў панядзелак у тэлепраграме «Адкрыты фармат» на канале АНТ маці і сястра пацярпелай паведамілі, што ім прапанавалі забраць Вольгу альбо дадому, альбо ў хосьпіс.

Вользе Сукоры апэрацыю рабілі ў абласным дзіцячым шпіталі. Апэрацыя была па мэдычных паказаньнях — па выпраўленьні прыкусу. Як і Юлія Кубарава, Вольга Сукора вырашыла выправіць дэфэкт перад вясельлем. І апэрацыю праводзілі на катэдры сківічна-тварнай хірургіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. 10 кастрычніка Вольгу праапэравалі. Хірургі казалі, што апэрацыя прайшла ўдала. Што было далей, распавядае сястра Вольгі Тацяна Сукора:

«Мы яшчэ нічога ня ведалі. 11 кастрычніка нам патэлефанаваў Волін хлопец, што яна знаходзіцца ў рэанімацыі. Я зьвязалася з загадчыкам стаматалёгіі, ён сказаў: „Мы яе штучна ўвялі ў кому, паколькі ў яе ўтварыўся ацёк лёгкіх“. Потым быў кансыліюм, гэта было ўжо 17-га, і нам сказалі канчаткова, што яна ў коме. Цяпер яна знаходзіцца ў вэгетатыўным стане».

Родных абурыла тое, што пра кому мэдыкі ім нічога не паведамілі. Жаніх Вольгі прыйшоў у шпіталь наведаць яе, і ён, а ня лекары, апавёў пра ўскладненьне блізкім дзяўчыны. Потым было аддзяленьне рэанімацыі, некалькі кансыліюмаў з адмыслоўцамі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру нэўралёгіі і нэўрахірургіі. Пакуль мэдыцына бездапаможная. Начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Іван Рыжко паведаміў, што выпадак з Вольгай Сукорай на кантролі ў міністра. Чыноўнік Міністэрства аховы здароўя кажа:

«Прычына комы на сёньняшні дзень няясная, як бы гэта сумна ні гучала. Чалавек ня мае патрэбы ў актыўнай мэдычнай дапамозе. Ён знаходзіцца 7 месяцаў у коме. Догляд — самае асноўнае, цяпер менавіта догляд».
Нас паставілі перад выбарам: альбо дадому, альбо ў хосьпіс

Маці і сястра ў тэлеэфіры паведамілі, што ў аўторак Вольгу выпішуць:

«Нас паставілі перад выбарам: альбо дадому, альбо ў хосьпіс. Тэрміны, маўляў, выйшлі. За ёй патрэбны догляд».

Сёньня лекар аддзяленьня нэўралёгіі Менскага абласнога клінічнага шпіталя сказала Радыё Свабода:

«Не, сёньня яе не выпісваюць. Больш за тое, і ўчора мы не зьбіраліся яе выпісваць. Усіх можна зразумець. І пачуцьці маці нам зразумелыя… Усё, што магу сказаць — сёньня яе дакладна не выпісваюць. Стан ранейшы».

Але ў Беларусі няма адмысловага цэнтру, дзе б знаходзіліся людзі ў стане комы. І цяжар догляду за цяжкахворымі кладзецца на плечы родных і блізкіх, якія застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG