Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Андрэя Гайдукова адмовілі ў спатканьні з сынам


Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Вольга Гайдукова атрымала афіцыйную адмову ад сьледчага Віцебскай управы КДБ Алега Барысевіча.

Ён вядзе «шпіёнскую» справу наваполацкага актывіста Андрэя Гайдукова, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве».

Маці Гайдукова, якога ўжо паўгоду трымаюць у турме КДБ, зьвярталася з просьбай пра спатканьне ўжо двойчы. Першы раз ёй адмовілі яшчэ ўвосень, неўзабаве па затрыманьні сына, якое адбылося ў Віцебску 8 лістапада нібыта «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, што могуць цікавіць замежныя спэцслужбы» — так паведаміла прэсавая служба КДБ.

Тады сьледчы Алег Барысевіч адмовіў, спаслаўшыся на «немэтазгоднасьць» гэтага спатканьня. Але, паводле Вольгі Гайдуковай, ёй сказалі, што спатканьне верагодна дазволяць па сканчэньні сьледзтва ці перад судом:

«Зноў прыйшоў адказ: „Адмовіць“. І што асабліва крыўдна, без усялякіх тлумачэньняў. Са мной сьледчыя не размаўляюць, і ўсё, што я ведаю, — гэта зь лістоў Андрэя. Яны кароценькія, на паўстаронкі. Але мне ўжо спакайней... Апошні ліст дык зусім кароткі: маўляў, падпісаў паперы, што пазнаёміўся з матэрыяламі справы, і што абвінавачаньне застаецца ранейшае. А якое ранейшае? Нічога не ведаю. Адвакаты распавядаюць пра пабытовыя рэчы: што перадаць у турму, ці здаровы Андрэй. І нічога канкрэтнага, бо ўсіх „павязалі“ падпіскай пра неразгалошваньне».

У апошнім лісьце, датаваным 29 красавіка, Андрэй Гайдукоў напісаў, што пазнаёміўся з матэрыяламі свае справы. Разам з адвакатам ён вывучаў яе на працягу чатырох дзён. Даведаўшыся пра гэта, маці і напісала заяву на спатканьне: разьлічвала на тое, што сьледзтва ўжо скончанае. Цяпер, пасьля чарговай адмовы, Вольга Гайдукова спадзяецца на магчымасьць спатканьня ўжо непасрэдна перад судом.

Справу Андрэя Гайдукова і заўвагі па ёй мусіць вывучыць пракуратура. І там вырашаць, ці дастаткова матэрыялаў, каб перадаць яе ў суд. Суд над апэратарам «Нафтана», якога вінавацяць у шпіянажы на карысьць замежных спэцслужбаў, верагодна, адбудзецца ў 20-х ліках траўня.

Больш дакладна маці Андрэя Гайдукова нічога сказаць ня можа. Яна ня ведае нават, ці будуць трымаць сына пад вартай да самага суду: 8 траўня сканчваецца чарговы месяц, на які мінулым разам быў працягнуты тэрмін знаходжаньня сына ў СІЗА КДБ, але ў маці няма зьвестак пра тое, ці будзе зьменена мера стрыманьня.

Сваякі і сябры ня вераць у тое, што Андрэй Гайдукоў мог займацца шпіянажам. Яны лічаць, што справа супраць яго ініцыявана КДБ у якасьці помсты за апазыцыйныя погляды.
XS
SM
MD
LG