Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта выключны выпадак у плястычнай хірургіі»


Сьмерць 23-гадовай Юліі Кубаравай пасьля плястычнай апэрацыі — рынаплястыкі — выклікала шырокі розгалас у грамадзтве.

Пасьля таго як у справу ўмяшаўся кіраўнік дзяржавы, затрыманыя і зьмешчаныя ў сьледчы ізалятар шасьцёра супрацоўнікаў камэрцыйнага мэдычнага цэнтру «Экамэдсэрвіс». Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску працягвае расьсьледаваньне.

Затрыманыя хірург, анэстэзыяёляг, дзьве мэдсястры і кіраўніца «Экамэдсэрвісу» даюць паказаньні. Сёньня зьявіўся і шосты затрыманы — галоўны інжынэр «Экамэдсэрвісу». Па справе дапытана яшчэ 15 мэдычных работнікаў. Апаратуру, пры дапамозе якой рабілася апэрацыя, вынялі, вывучаюцца ўсе дакумэнты з «Экамэдсэрвісу» і 4-га клінічнага шпіталя, якія тычацца загінулай Юліі Кубаравай. Прадстаўнік Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў кажа:

«Мэдыкі затрыманыя, таму і ўтрымліваюцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня да вызначэньня іх статусу, да дачы прававой ацэнкі іх дзеяньняў. Таму што абвінавачваньне дагэтуль нікому ня выстаўлена. Яны даюць паказаньні, але іх паказаньні некалькі адрозьніваюцца, скажам так. Ёсьць некаторыя нестыкоўкі. Таму дагэтуль мы ня можам і вызначыцца».

Прамежкавыя вынікі сьледзтва ніхто не камэнтуе, пакуль ня будзе афіцыйнай высновы судова-мэдычнай экспэртызы. Тым часам і дзяржаўныя, і недзяржаўныя СМІ, а таксама сацыяльныя сеткі стракацяць самымі рознымі катэгарычнымі меркаваньнямі. А мэдыкі абураюцца:

Якім яна бокам мае дачыненьне да гэтай справы? Навошта яе саджаць у турму?
«Каб гэта было раздзьмута да такой грамадзкай мэга-падзеі... Гэта вялікая трагедыя. Ужо ёсьць людзі пацярпелыя, проста фактычна на роўным месцы, напрыклад, дырэктарка „Экамэдсэрвісу“. Якім яна бокам мае дачыненьне да гэтай справы? Навошта яе саджаць у турму? Кожнаму з нас пасядзець нават пару сутак, я думаю, гэта вялікі стрэс».

Плястычны хірург з 15-гадовым стажам Алег Стасевіч кажа, што сьмерць пацыента ў выніку плястычнай апэрацыі — вельмі рэдкае ўскладненьне. Што да Беларусі, лекар Стасевіч тлумачыць:

«У плястычнай хірургіі, здаецца, не было нічога падобнага. Прынамсі, я ня памятаю. Гэта выключны выпадак у плястычнай хірургіі, таму што мы працуем звычайна са здаровымі людзьмі. Здаровыя людзі, як правіла, вытрымліваюць практычна ўсе нагрузкі. Але прадказаць на 100%, што пойдзе менавіта так, а не вось гэтак, — немагчыма. Кожны чалавек індывідуальны. У мэдыцыне рызыка існуе заўжды: лечыце вы зубы, здаяце аналізы, робіце прышчэпку, а тым больш калі кладзяцеся вы на апэрацыйны стол, абсалютна ня мае значэньня, зь якой нагоды — з плястычнай хірургіі альбо са звычайнай хірургіі. Сытуацыя ж незразумелая да гэтай пары, што там здарылася. Ніякага заключэньня пакуль няма».

На думку бацькі памерлай дзяўчыны Юрыя Кубарава, калі б адразу ж пасьля апэрацыі выклікалі хуткую дапамогу, дзяўчыну б выратавалі. Лекар-рэаніматоляг, які не пажадаў называць свайго імя, выказаў наконт высноваў бацькі такое меркаваньне:

«Гэта далёка ня факт. Там такая сытуацыя, наколькі я разумею: паламаўся апарат вэнтыляцыі лёгкіх. Дарэчы, беларускай вытворчасьці, ніхто пра гэта не гаворыць. Беларускай вытворчасьці апарат, ён выйшаў са строю. Гэта заўважылі. Потым яе адключылі ад гэтага апарату, дапамагалі дыхаць рукамі, ёсьць такія прыстасаваньні ручныя, якія на нейкі час могуць замясьціць функцыі апарата. Потым наладзілі апарат, падключылі зноў. Але ў гэтай сытуацыі нешта такое адбылося, што прывяло да сур’ёзнага пашкоджаньня мозгу. Гэта на маю думку. І лекары памыляюцца таксама . Магчыма, і нядбайнасьць была, недастаткова ўважлівае стаўленьне да сваіх абавязкаў. Усё магло быць. Шмат фактараў сышліся ў адно. І ў дзяржаўнай мэдыцыне такія выпадкі здараюцца. А грамадзкі рэзананс атрымала менавіта гэтая справа. Але пэўныя высновы кампэтэнтных людзей ня зробленыя. Сьледзтва яшчэ ня скончана, а высновы грамадзтва ўжо зрабіла».

Тым часам міністар аховы здароўя Васіль Жарко паведаміў, што цягам траўня будуць правераныя ўсе камэрцыйныя цэнтры, а таксама ўсе аддзяленьні рэанімацыі і анэстэзіялёгіі па ўсёй краіне.

Плястычны хірург Алег Стасевіч, які мае досьвед працы і ў дзяржаўным шпіталі, і ў недзяржаўных мэдычных цэнтрах, наконт камэрцыйных цэнтраў перакананы:

«Кантроль яшчэ больш жорсткі насамрэч».

Карэспандэнтка: «Маецца на ўвазе кантроль з боку Міністэрства аховы здароўя?»

«Не-не. Свой уласны кантроль. Мы ж самі зацікаўленыя ў тым, каб усё было нармальна».

Родных памерлай Юліі разам з адвакатам 6 траўня выклікалі ў Сьледчы камітэт для дачы паказаньняў. Паводле словаў бацькі Юрыя Кубарава, 8 траўня павінна быць заключэньне судмэдэкспэрта, а да гэтага дня нічога новага, што да расьсьледаваньня справы, ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG