Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мясцовыя колюць сьвіней: баяцца, каб не пазабіралі»


Дэпартамэнт вэтэрынарнага нагляду Мінсельгасхарчу Беларусі зьвярнуўся ў Расейскую Фэдэрацыю ў справе дасьледаваньня санітарнага становішча на сьвінакомплексе «Ўсходні» Баранавіцкага раёну.

Беларускія вэтэрынарныя службы заяўляюць, што небясьпечных інфэкцыйных захворваньняў у жывёлаў сьвінакомплексу ня выяўлена. Тым часам мясцовыя жыхары, устрывожаныя шматлікімі чуткамі, колюць сьвіней на ўласных падворках, асьцерагаючыся інфэкцыйных захворваньняў.

У вёсцы Сеўрукі і пасёлку «Жамчужны», якія найбліжэй ад сьвінакомплексу «Ўсходні», пра хваробу жывёлаў ведаюць праз чуткі. Ніякай афіцыйнай інфармацыі ад мясцовых уладаў людзі ня маюць, а таму меры бясьпекі прымаюць на свой розум. Становішча на «Ўсходнім» называюць цяжкім, кажа мясцовая жыхарка Таісія:

«Праўда, вельмі цяжкое становішча. Яшчэ не пацьверджана, але людзі кажуць, што чума ў сьвіней. Рыюць катлаваны і закопваюць сьвіней. Людзі тут, мясцовыя, колюць сваіх парасят, амаль пакалолі ўжо, бо баяцца, каб не пазабіралі. Тыя, што працуюць, колюць, а таксама і жыхары, якія там не працуюць, бо гэты ж комплекс непадалёк. Да людзей тут ніхто пакуль ня ходзіць, але самі баяцца — пакалолі сьвіней, дый усё. Гэта мо з тыдзень таму распачалося, а можа, нават і два — ня памятаю. Але становішча, кажуць, сур’ёзнае».

Мясцовыя жыхары таксама сьведчаць, што пад’езды да сьвінакомплексу «Ўсходні» застаюцца перакрытымі, а ў крамах Баранавічаў на прылаўках паменела сьвініны. Натальля Манько — дырэктарка Баранавіцкага камбінату хлебапрадуктаў, якому падпарадкоўваецца сьвінакомплекс «Усходні», — пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць гэтыя чуткі адмовілася:

«Усюды парадак — мяса трэба есьці і быць жывымі і здаровымі. А галоўнае — не падымаць ажыятажу, якога няма. Гэта я вам адказна кажу. Чым больш мы пра гэта кажам, тым лепш ад гэтага нікому не становіцца. Бывайце здаровыя, у мяне нарада».

Адмаўляюцца камэнтаваць становішча на «Ўсходнім» многія чыноўнікі, пачынаючы ад мясцовага сельскага савету і завяршаючы Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Гаворыць намесьнік кіраўніка Дэпартамэнту вэтэрынарнага нагляду Міхаіл Арэшка:

«Чытайце на нашым сайце. Я больш нічога дадаць не магу».

Карэспандэнтка: «Вы адмаўляецеся ад камэнтароў?»

«Так».

Паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, зьмешчанай на інтэрнэт-сайце 2 траўня, небясьпечных захворваньняў у сьвіней беларускія лябараторыі ня выявілі. Праверкай праўдзівасьці гэтых высноваў цяпер займаецца адмысловая лябараторыя ў Расеі. Сьвінакомплекс «Усходні» тым часам працуе ў звычайным рэжыме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG