Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы шосты супрацоўнік «Экамэдсэрвіса»


Упраўленьнем Сьледчага камітэту па Менску затрыманы галоўны інжынэр камэрцыйнага цэнтру «Экамэдсэрвіс», які адказваў за абслугоўваньне апарата штучнага дыханьня.

Раней у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб гібелі 23-гадовай пацыенткі цэнтру Юліі Кубаравай былі затрыманыя пяць чалавек. Гэта хірург, анэстэзіёляг-рэаніматоляг, дзьве мэдычныя сястры і дырэктарка мэдычнага цэнтру Галіна Валжанкіна. Адносна Валжанкінай пачата крымінальная справа па падазрэньні ва ўчыненьні злачынства паводле артыкула 428 Крымінальнага кодэксу (службовая халатнасьць).

«Па службовых абавязках ён павінен быў назіраць за правільнай працай усёй тэхнікі. Але ў яго няма дастатковай адукацыі, і ён ня мог сам абслугоўваць гэты апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. На гэта трэба было заключаць дамову зь фірмай-пастаўшчыком і яе арганізацыямі, якія ўпаўнаважаныя абслугоўваць такія апараты. Гэтага не было зроблена. Апарат 2006 году выпуску. У эксплюатацыю ўведзены ў 2007 годзе і за гэты час ніводнага разу не абслугоўваўся», — паведаміў карэспандэнту Свабоды афіцыйны прадстаўнік УСК па Менску Аляксандар Герасімаў.

Усе затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

23-гадовая Юлія Кубарава памерла пасьля плястычнай апэрацыі па карэкцыі формы носа ў камэрцыйным мэдцэнтры «Экамэдсэрвіс». Апэрацыя праводзілася напрыканцы сакавіка, пасьля яе дзяўчына чатыры тыдні правяла ў коме. Мэдыкам не ўдалося яе ўратаваць — 23 красавіка яна памерла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG