Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Афіцыйны беларускі сьцяг — таксама палітычны сымбаль»


Швэдзкі друк надае ўвагу інцыдэнту з забаронай бел-чырвона-белага сьцягу падчас матчаў чэмпіянату сьвету па хакеі ў Стакгольме

Многія выданьні (напрыклад, газэта Aftonbladet) цытуюць словы генэральнага сакратара нацыянальнай швэдзкай фэдэрацыі хакею Тоні Вірэна, які заявіў: «Быў узьняты сьцяг, які не зьяўляецца афіцыйным сьцягам Беларусі, але увасабляе сабой іншую палітыку. Гэта было расцэнена як палітычнае паведамленьне. Па правілах міжнароднай фэдэрацыі, якіх мы павінны прытрымлівацца, падчас спаборніцтваў на спартовай арэне не павінна быць ніякіх палітычных паведамленьняў. На гэтай падставе сьцяг быў выдалены».

Спадар Вірэн падкрэсьліў, што рашэньне было прынятае як міжнароднай фэдэрацыяй, гэтак і нацыянальнай, як арганізатарам чэмпіянату. На пытаньне, ці зьяўляецца гэтае рашэньне патураньнем дыктатуры, старшыня швэдзкай фэдэрацыі адказаў:

«Тут няма чаго камэнтаваць, бо гэта ня тое, што мы робім. Наша адзіная задача — пазьбягаць палітычных паведамленьняў падчас спаборніцтва. Гэта пазыцыя, якой мы будзем прытрымлівацца».

«Гэта зусім дзіўна — мяркуе кіраўнічка праваабарончай арганізацыі Info Belarus Ізабэль Самэрфэльд — Сьцяг зьяўляецца цалкам законным нацыянальным сымбалем Беларусі. Фэдэрацыя некрытычна прымае правілы дыктатарскага рэжыму і становіцца перад ім на калені».

Выданьне 4News Mill апублікавала камэнтар швэдзкага мэдыяэкспэрта Міхаэля Сэндэра, які займаецца беларускімі пытаньнямі. Прапануем вам гэты камэнтар у скароце:

Падчас хакейнага матчу ў пятніцу паміж Беларусьсю і Чэскай Рэспублікай, адбылося тое, што ў дэмакратычным грамадзтве, як правіла, немагчыма. Гэта не рэдкасьць падчас матчаў, што паліцыя прымае меры супраць хуліганаў для падтрыманьня грамадзкага парадку. Але на гэты раз ўмяшалася, калі не было ніякай пагрозы бясьпецы, ніякіх непрыемных паводзінаў. Некаторыя заўзятары (даволі шмат, на самай справе) паднялі бел-чырвона-белыя сьцягі. Не, не свастыка, усяго тры паласы — белая, чырвоная і белая. Паліцыя былі выкліканыя арганізатарамі матчу — швэдзкай хакейнай фэдэрацыяй.

Што гэта за сьцяг, які гэтак перашкаджае швэдзкай фэдэрацыі хакею? Гэта нацыянальны сьцяг, які быў у Беларусі дзяржаўным, калі там была дэмакратыя. Ён быў скасаваны ў 1995 годзе падчас рэфэрэндуму, які выклікаў рэзкую крытыку. Большая частка насельніцтва і міжнародная супольнасьць ніколі не прызнавалі той рэфэрэндум легітымным. Таму для многіх беларусаў бел-чырвона-белы сьцяг застаецца адзіным законным беларускім нацыянальным сымбалем. Для іх новы чырвоны-зялёны сьцяг — гэта сымбаль фальсыфікацыі выбараў, маніпуляцыі сродкамі масавай інфармацыі і прыгнёту.

Швэдзкія СМІ, здаецца, не адрэагавалі на інцыдэнт. Паводле СМІ пазыцыя швэдзкай фэдэрацыі хакею палягае ў тым, што бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца палітычным сымбалем, і таму яму ня месца падчас спартовага спаборніцтва. Мне б вельмі хацелася б, каб прадстаўнік фэдэрацыі пацьвердзіў ці абвергнуў гэтую абсурдную пазыцыю публічна. Зразумела, што нацыянальны сьцяг зьяўляецца палітычным сымбалем. Любы нацыянальны сьцяг ім зьяўляецца. Цяперашні афіцыйны беларускі сьцяг — таксама моцны палітычны сымбаль, і ён сымбалізуе менавіта тое, чым займаецца швэдзкая фэдэрацыя — палітычную дыскрымінацыю і цэнзуру.

Але ёсьць яшчэ больш цікавае пытаньне. Вы сапраўды верыце, што фэдэрацыя настолькі добра абазнаная ў беларускай гісторыі, што яе прадстаўнікі самі падчас матчу вызначылі, што бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца палітычным сымбалем і патэлефанавалі ў паліцыю? Я думаю, што не. Я думаю, што яны былі папярэджаныя. Кім? Напэўна, не генэральным сакратаром ААН і не праваабаронцамі. У Беларусі ідзе прамая трансьляцыя матчаў чэмпіянату дзяржаўнымі тэлеканаламі, на якіх не дазваляецца ніякая крытыка рэжыму. Аляксандр Лукашэнка сам фанат хакею і, верагодна, не прапусьціць ніводнай гульні чэмпіянату. Калі ён убачыць мора бел-чырвона-белымі сьцягоў, калі будзе ведаць, што ўсё беларускае насельніцтва будзе бачыць гэта ў прамым эфіры... Ён не будзе скакаць ад захапленьня — гэта дакладна. І нешта мне падказвае, што яго меркаваньне мае непрапарцыйна вялікі ўплыў на тое, што адбылося ў стадыёне.

Беларусь зьяўляецца падзеленай краінай. Калі вы хочаце быць па-над палітыкай, вы выступаеце на адным з бакоў канфлікту. Падвяргаючы цэнзуры бел-чырвона-белы сьцяг, Швэдзкая хакейная фэдэрацыя ўзяла бок Лукашэнкі. Калі фэдэрацыя хоча сапраўды быць палітычна нэўтральнай, яе прадстаўнікі павінны публічна абвясьціць учорашні інцыдэнт непаразуменьнем і адмовіцца ў будучыні ад любых формаў цэнзуры. Я таксама лічу, што швэдзкай дэмакратыі было б карысна высьветліць, хто стаяў за гэтай абразьлівай поўхай свабодзе выказваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG