Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палецкіс: патрабуецца паляпшэньне агульнага клімату


Юстас Палецкіс

Юстас Палецкіс

Дакладчык па Беларусі Эўрапейскага парлямэнту Юстас Палецкіс заявіў, што ніколі не казаў пра хуткае вызваленьне беларускіх палітвязьняў. Палітык адзначае, што такія чаканьні былі сярод беларускай апазыцыі.

«Я думаю, што патрабуецца больш часу, што патрабуецца насамрэч паляпшэньне нейкага агульнага клімату, усталяваньне нейкага большага даверу. І афіцыйны Менск ведае, што бяз гэтага кроку насамрэч пацяпленьня ня будзе ў стасунках з Эўразьвязам. Афіцыйны Менск мае магчымасьць зрабіць гэты крок адразу альбо паступова. І добра ведае, што бяз гэтага насамрэч пацяпленьня і пералому ня будзе. Эўразьвяз можа вярнуцца да ўзмацненьня санкцыяў, але баюся, што гэта таксама ня выйсьце», — сказаў Юстас Палецкіс карэспандэнту Свабоды.

Яго даклад пра дачыненьні ЭЗ і Беларусі будзе абмяркоўвацца летам у камітэце міжнародных спраў Эўрапарлямэнту і ў верасьні на пленарным пасяджэньні. У ліпені заплянаваны візыт дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў Менск. Але, паводле Палецкіса, гэты візыт «можа і не адбыцца».

Карэспандэнт: «Атрымліваецца, што эўрапейскія палітыкі бясьсільныя перад рэжымам Лукашэнкі?»

Палецкіс: «Я ня думаю, што ёсьць пляны — нельга атакаваць з паветра альбо наземнымі шляхамі. Гэта не бясьсільле, а рэальнасьць, якая існуе. І ў самым ЭЗ дастаткова складанасьцяў, і ў адносінах зь іншымі краінамі. А Беларусь — толькі адна з многіх праблем».

У канцы сакавіка па выніках двухбаковых кансультацыяў міністэрстваў замежных спраў Літвы і Беларусі літоўскі бок паведаміў, што «ў бліжэйшы час атрымаецца нармалізаваць адносіны Беларусі з Эўразьвязам шляхам вызваленьня і рэабілітацыі палітычных зьняволеных».

Некаторыя незалежныя аглядальнікі чакалі, што вызваленьне палітвязьняў можа прыпасьці на праваслаўны Вялікдзень.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG