Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія гакеры накралі ў інтэрнэт-крамах на 250 тысяч даляраў


Злачынцаў злавілі пры дапамозе, у прыватнасьці, ФБР і Дэпартамэнту юстыцыі ЗША.

Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць міжнароднай злачыннай групоўкі, якія займалася рабаваньнем інтэрнэт-крамаў.

«Фігуранты дадзенай крымінальнай справы абвінавачваюцца ў тым, што на працягу 2005–2009 гадоў, знаходзячыся ў Менску і ў Празе, зьдзяйсьнялі крадзяжы тавараў з Інтэрнэт-крамаў, якія месьцяцца ў ЗША, краінах Эўропы ды іншых дзяржаў. Агульная шкода ад злачыннай дзейнасьці склала больш за 250 тысяч даляраў ЗША», — паведамілі Інтэрфаксу ў Сьледчым камітэце.

Абвінавачаныя прадстаўлялі ў інтэрнэт-крамы дадзеныя банкаўскіх картак, атрымальнікамі якіх зьяўляліся «ў асноўным грамадзяне ЗША».

Тавары з інтэрнэт-крамаў дастаўлялі падстаўным асобам, якія пражываюць у ЗША. А тыя, у сваю чаргу, перасылалі іх у Літву і Расею.

«Раскрыцьцё і далейшае расьсьледаваньне дадзенай крымінальнай справы стала магчымым дзякуючы зладжаным дзеяньням Сьледчага камітэту, Міністэрства ўнутраных спраў з праваахоўнымі органамі замежных дзяржаў — ФБР, пракуратурай і Дэпартамэнтам юстыцыі ЗША, Бюро крымінальнай паліцыі і Генэральнай пракуратурай Літвы, МУС Расеі, МУС і Генпракуратурай Украіны, Генэральнай пракуратурай Грузіі», — падкрэсьлілі ў Сьледчым камітэце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG