Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Угла: Міжнародная хакейная фэдэрацыя блытае спорт з палітыкай.


Марцін Угла на пікеце ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі ў траўні 2011 году

Марцін Угла на пікеце ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі ў траўні 2011 году

Такое меркаваньне лідэр швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла выказаў у інтэрвію сайту Хартыя ’97, камэнтуючы забарону на выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга на матчах Чэмпіянату сьвету па хакеі, які праходзіць у Стакгольме.

«Беларускі нацыянальны сьцяг на трыбунах не парушае швэдзкіх законаў. Рашэньне аб яго забароне прыняла Міжнародная фэдэрацыя хакею. Яны назвалі яго палітычным сымбалем. Гэта не так, бо, у адрозьненьне ад чырвона-зялёнага сцяга, гэта — нацыянальны сымбаль беларусаў. Усе мы памятаем, што рэфэрэндум, які прайшоў у 1995 годзе і пасьля якога ён быў забаронены, правялі з маніпуляцыямі і парушэньнямі», — сказаў Марцін Угла.

Ён мяркуе, што функцыянэры Міжнароднай фэдэрацыі хакею супярэчаць уласным сьцьверджаньням пра нежаданьне зьмешваць спорт з палітыкай.

«МФХ блытае палітыку і спорт. Гэта датычыцца, у тым ліку, і рашэньня аб забароне сьцягу на матчах у Стакгольме. Бо для Лукашэнкі спартовыя турніры — гэта, у першую чаргу, палітычныя мерапрыемствы. І ён не хоча, каб на іх прысутнічалі забароненыя ім сьцягі. А чыноўнікі ад МФХ проста не разумеюць, пра што ідзе гаворка, і падтрымліваюць дыктатарскі рэжым.
МФХ змагаецца ня з тымі людзьмі. Ёй трэба выступаць супраць дыктатарскага рэжыму, а не супраць беларусаў зь іх нацыянальнымі сьцягамі,» — заявіў Марцін Угла.

Праваабаронца не выключае, што падобная сытуацыя можа паўтарыцца і на іншых міжнародных мерапрыемствах, напрыклад, падчас правядзеньня «Эўрабачаньня» у Мальмё ў гэтым годзе.

«Мне сорамна, што швэдзкая хакейная фэдэрацыя або чыноўнікі маюць дачыненьне да забароны на выкарыстаньне беларускай нацыянальнай сымболікі. Мы будзем пратэставаць супраць падобных дзеяньняў », - сказаў лідэр швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen.
XS
SM
MD
LG