Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя вернікі сустракаюць Уваскрашэньне Хрыста


У вернікаў праваслаўнай царквы — Вялікая Субота — пярэдадзень Уваскрашэньня Хрыстовага. Увечары ва ўсіх праваслаўных храмах распачнуцца ўрачыстыя службы, якія прадоўжацца ўсю ноч.

Вялікая Субота — апошні дзень Вялікага тыдня — дзень, калі вернікі яшчэ маюць магчымасьць падрыхтаваць свае душы і дамы да найвялікшага хрысьціянскага сьвята Ўваскрашэньня. У менскай царкве сьвятой Сафіі Слуцкай служыцелі рыхтуюць сталы для асьвячэньня велікодных страваў. Гутару зь людзьмі:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:16 0:00
Наўпроставы лінк

Карэспандэнка: «Што вы зараз робіце?»

Спадар: «Майструем сталы для асьвячэньня страваў. Людзі прыходзяць з булкамі, яйкі нясуць, а сьвятар пройдзе і асьвеціць».

Карэспантка «Шмат людзей прыходзіць?»

Спадар: «Бачыце? Вакол усяго храма амаль што збудавалі — і тое мала».

Вялікая Субота ў хрысьціянскай традыцыі таксама дзень жалобы, бо цела Хрыста яшчэ застаецца ў грабніцы. У царкве людзі моляцца і ўшаноўваюць умоўную труну зь целам Ісуса, стаяць у чэргах на споведзь, запальваюць сьвечкі, а таксама нясуць да асьвячэньня кошыкі зь велікоднымі стравамі:

Карэспандэнтка: «Бачу, што вы прыйшлі з кошыкам у якім…»

Спадар: «Яйкі, булкі, соль, вяндліна — асьвячаць».

Карэспандэнтка: «Навошта вы гэта робіце?»

Спадар: «Дзяды-прадзеды рабілі — і мы робім. Павінна ж быць нейкая вера ў людзей».

Спадарыня: «Гэта самае вялікае сьвята — з усіх якія ёсьць — самае вялікае. Прыбралі ў хатах, напяклі булак, будзем сьвяткаваць».

Юнак: «Сьвята Хрыстова Ўваскрашэньня — вялікая ўрачыстасьць, якую трэба адзначаць. Вось мы зь сябрам і прыйшлі ў царкву».

Карэспандэнтка: «А што кажуць вашы сябры на тое, што вы ходзіце ў храм?»

Юнак: «Я вучуся ва ўнівэрсытэце і, па-праўдзе, шмат каго агітаваў пайсьці разам. Але многія разьехаліся дадому, таму прыйшлі ўдвох».

Спадарыня: «Сёньня субота — дзень смутку, і надвор’е даждлівае — нібыта жалоба. Але надыходзіць заўтра — надыходзіць сьветлы дзень радасьці».

Для сьвятароў сьвята Ўваскрашэньня Хрыста яшчэ і час напружанай працы: урачыстыя літургіі працягваюцца ўвесь дзень і наступную ноч, вялікая колькасьць людзей чакае слова божага. Але напружаная праца прыносіць радасьць, бо сапраўднай веры ў людзей становіцца больш, кажа ярэй Міхаіл:

«Сёньня Вялікая Субота — дзень строгага посту, калі людзі ўзгадваюць сьмерць Хрыста. Зараз чытаюцца гадзіны, затым распачнецца літургія Васіля Вялікага. За гадзіну да апоўначы распачнецца Велікодная паўночніца, а апоўначы — распачынаецца сама нядзельная служба Велікодная, якая будзе доўжыцца гадзіны чатыры. Гадоў пяць таму гэта было проста традыцыяй, а зараз павялічваецца вера ў людзей. Людзі прыходзяць ня проста пасьвяціць яйкі і стравы, а менавіта памаліцца. Бо гэта — сьвята сьвятаў — вяршыня ўсіх сьвятаў. Натуральна, што хачу ўсіх павіншаваць зь велікоднай радасьцю і ўсім сказаць, што Хрыстос Уваскрос!»

Вялікая Субота ля менскага катэдральнага сабора


Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG