Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая паліцыя адбірала бел-чырвона-белы сьцяг


Беларускі нацыянальны сьцяг на трыбуне падчас чэмпіянату сьвету па хакеі ў Стакгольме
Беларускі нацыянальны сьцяг на трыбуне падчас чэмпіянату сьвету па хакеі ў Стакгольме

Інцыдэнт здарыўся 3 траўня ў Стакгольме падчас матчу Беларусь-Чэхія.

Вялізны бел-чырвона-белы сьцяг прывезьлі на матч актывісты арганізацыі «Беларуская нацыяльная памяць».

Анатоль Міхнавец: «Два таймы ўсё было ў парадку. На трэцім да нас падышла паліцыя й пачала казаць, што мы павінны прыбраць сьцяг. Мы сказалі, што нічога прыбіраць ня будзем. Яны спрабавалі неяк нас сьпіхваць. Але вялікай агрэсіі ад паліцыі не было, яны проста не чакалі, што мы будзем упірацца. Да нас далучылася швэдзкая моладзь, якая была побач, дапамаглі нам сьцяг яшчэ расьцягнуць. Урэшце нас пакінулі ў спакоі.

Анатоль Міхнавец
Анатоль Міхнавец
Калі ўсё скончылася, то да нас падышоў адзін з функцыянэраў, ня ведаю нават хто, сказаў, што больш яны нас са сьцягамі ня пусьцяць. Бо гэта палітыка, і яны супраць.

Я думаю, камусьці высокапастаўленаму не спадабался — можа, пабачыў па тэлевізары. На матчы было шмат прадстаўнікоў Беларусі з бэйджамі — хадзілі там з каменнымі тварамі недалёка ад нас, сумныя позіркі на нас кідалі. Папяровых чырвона-зялёных сьцяжкоўбыло шмат надрукавана, іх раздавалі таксама пры ўваходзе. Некаторыя беларусы з гэтымі сьцяжкамі сядзелі на трыбунах.

Мы плянуем заўтра ісьці на чарговы матч. Зьвяртаемся да ўсіх беларусаў: калі вы заўтра будзеце на матчы, падыходзьце да нас. У нас ёсьць бел-чырвона-белыя сьцягі, будзем разам. Не бярыце вы гэтыя чырвона-зялёныя, трэба ганарыцца сваім, тады будзе перамога за намі!»

Падобны ж інцыдэнт з актывістамі Беларускай нацыянальнай памяці здарыўся сёлета падчас баскетбольнага матчу ў польскім горадзе Быдгашч. Тады ўлады Быдгашчу прынесьлі беларускім заўзятарам прабачэньні, аднак спартовыя чыноўнікі працягваюць настойваць на выкарыстаньні толькі афіцыйнай сымболікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG