Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Грынь: адзін сьвядомы на тысячу


Васіль Грынь

Васіль Грынь

З амаль 1200 экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, атэставаных Міністэрствам спорту і турызму Беларусі, толькі адзін мае бэйдж на беларускай мове — Васіль Грынь з Заслаўя.

Усе астатнія ківаюць на двухмоўе і задавольваюцца візытоўкамі па-расейску. У працы з арганізаванымі мясцовымі групамі спадар Грынь таксама карыстаецца выключна беларускай мовай і ніколі ня чуў, каб некаму гэта замінала.

Прыканцы мінулага году турыстычны партал Tio.by распачаў акцыю «Зьбяром 100 подпісаў, каб бэйдж экскурсавода быў беларускамоўным!» За кароткі час ініцыятыву падтрымала больш за 300 чалавек. Але, нягледзячы на ўзьнятую хвалю «за мову!», ахвочых рэалізаваць задуму на практыцы так і не знайшлося. Апроч аднаго. 21 сьнежня 2012 году Васіль Грынь падаў дакумэнты з просьбай выдаць яму бэйдж на беларускай і ангельскай мовах, і ўжо наступнага дня на загад Нацыянальнага агенцтва турызму просьба была задаволеная. Такім чынам, з 972 экскурсаводаў і 202 гідаў-перакладчыкаў беларускамоўны бэйдж ёсьць толькі ў Васіля Грыня. Сам ён такую дыспрапорцыю камэнтуе проста — ніхто ня хоча «напружвацца»:

«У кантэксьце гісторыі з маім беларускамоўным бэйджыкам сытуацыя, з аднаго боку, дастаткова глупая. А зь іншага — вельмі характэрная, на жаль, для Беларусі, для беларускай мэнтальнасьці ўвогуле. Прынамсі, цяперашняй. Шуму было ўзьнята шмат, на сайце „Турызм і адпачынак“ абмяркоўвалася. А фактычна можна ўсё зрабіць проста ў адпаведнасьці з адміністрацыйным парадкам: напісаць заяву на беларускую мову — і выдадуць табе бэйдж адпаведнага ўзору. Праўда, некалькі разоў давялося падыйсьці да адміністратараў, якія ў агенцтве выдаюць гэтыя бэйджыкі — былі нейкія памылкі, трэба было адкарэктаваць. Проста настояў на сваім. Пры тым ня тое, што я там нечага кулакамі дамагаўся. Сказаў, каб зрабілі, яны і напісалі — у адпаведнасьці з заявай, афіцыйна аформленай. І калі казаць канкрэтна, дык — а якая тут праблема? Проста ці адсутнасьць ведаў, ці неразуменьне элемэнтарных законаў, як гэта ўсё робіцца. У выніку выходзіць такая вось валтузьня, калі крыку многа, а справы мала».

На думку суразмоўцы, найперш не хапае самасьвядомасьці самім беларусам (і ня толькі задзейнічаным у турыстычнай галіне). Зь іншага боку, маглі б выказаць большую зацікаўленасьць і дзяржаўныя структуры, уніфікаваўшы моўнае пытаньне на карысьць беларускай мовы — усё ж гаворка не пра простую паперку, а пра нацыянальную візытоўку экскурсавода:

«Чаму на інтэрнэт-старонках усе такія апантаныя, выступаюць за беларускую мову і ўсё такое, а на справе ніхто не падумаў, не пастараўся ажыцьцявіць гэта ў рэальнасьці, ня проста выступаючы на сайце якім-небудзь ананімусам? Тут проста пытаньне кожнага канкрэтнага чалавека. Бо ня трэба чагосьці баяцца, а пайшоў і зрабіў. І я лічу, што прынамсі бэйджыкі павінны быць па-беларуску. Гэта нават расейскаму турысту павінна быць зразумела. Калі для тых жа расейцаў працуеш на расейскай мове і калі ў цябе бэйджык напісаны па-беларуску (з транскрыпцыяй імя і прозьвішча лацінкай), то гэта толькі дадае вагі, саліднасьці: ты ёсьць беларускі гід, ты мясцовы і тут працуеш. Канечне, была б мая воля, зрабіў бы, каб у абавязковым парадку пісалася па-беларуску, але, ва ўсялякім разе, цяпер можна прынамсі выбіраць. Чаму людзі не выбіраюць, не афармляюць — зноў жа, пытаньне. Бо з усяго таго гвалту ў інтэрнэце, які, я таксама чакаў, выкліча моцную хвалю, атрымаўся нейкі хлапок, ня болей».

Паводле суразмоўцы, асабіста ён яшчэ не сутыкаўся з выпадкамі непрыманьня беларускай мовы ўнутранымі турыстамі, таму экскурсавод у пэўнай ступені можа быць менавіта папулярызатарам роднай мовы:

«Канечне, многа залежыць ад асобы самога гіда. Калі для беларусаў ладзіш экскурсію, для дарослых, і калі чалавек тут жа ідзе на нейкую зьдзелку з сумленьнем — „по-русски легче, зачем высовываться“, галоўнае — матэрыял данесьці, — гэта адна справа. А калі чалавек талковы, таленавіты гід, цікава расказвае, то для беларускага турыста гэта яшчэ больш дадае цікавасьці самой экскурсіі. Я не сустракаў яшчэ ніводнай беларускай групы, якая, напрыклад, не ўспрымала б беларускую мову. Хутчэй наадварот. Ну, а расейскія турысты — ясна, што плацяць, каб ім расказвалі на іх мове. Таму зразумела, што расейцам трэба па-расейску, брытанцам — па-ангельску, палякам — па-польску. І гэта нармальна».

Афармленьне беларускамоўнага бэйджыка — ня першы для Васіля Грыня прыклад выяўленьня нацыянальнай адметнасьці. Гэткім жа чынам ён разабраўся з напісаньнем дадзеных у пасьведчаньні кіроўцы:

«Я сябе ў гэтай сытуацыі, шчыра кажучы, у нейкай ступені глупавата адчуваю. Гэта што, я самы разумны, выходзіць, аказаўся? Элемэнтарная рэч: узяў, пайшоў, напісаў заяву, атрымаў бэйдж па-беларуску. Гэтак жа сама я зрабіў з пасьведчаньнем кіроўцы — у мяне цяпер правы па-беларуску. Ну, лішні раз зьвярнуў увагу міліцыянта, які сядзіць, выпісвае дакумэнты — хачу мець дакумэнты на беларускай мове, зьвяртаю вашу ўвагу. І ўсё, маю правы па-беларуску. Сам ім напісаў лацінкай транскрыпцыю, а таксама на кірыліцы. Гэта што тычыцца такіх вось лякальных праблемаў. А калі больш глябальна, то, канечне, праблемы зь беларускай мовай ёсьць у краіне — перадусім у тым, што мова ўсё менш і менш выкарыстоўваецца. Але гэта ўжо больш маштабнае пытаньне, якое ў дадзеным выпадку не хачу асабліва і камэнтаваць. Бо гэта крышку зь іншай, агульнай тэмы сучаснай Беларусі».
Гэта што, я самы разумны, выходзіць, аказаўся? Элемэнтарная рэч: узяў, пайшоў, напісаў заяву, атрымаў бэйдж па-беларуску

Васіль Грынь паўтара дзясятка гадоў займаецца турыстычнымі паслугамі і ўвесь гэты час застаецца беларускамоўным экскурсаводам, гідам, інструктарам. Дарэчы, падчас традыцыйнага красавіцкага фэсту экскурсаводаў запачаткаваў новы від падарожжаў па родным Заслаўі:

«Я ў гэтай галіне больш за 15 гадоў. Пачынаў з актыўнага адпачынку, з горных лыжаў, цяпер больш працую па Беларусі: экскурсіі, водны турызм — на каяках, на каноэ, арганізуем сплывы. Я сам жыву ў Заслаўі і сёлета падчас фэсту экскурсаводаў упершыню ўдзельнічаў у велаэкскурсіі. Мода на ровары пашыраецца, і тое ж Заслаўе ў такім фармаце даволі зручнае для велападарожжаў. Паколькі яно моцна раскіданае і пехам даволі доўга хадзіць, то на ровары хутка і камфортна. Прэцэдэнт Заслаўя можа паказаць, што ў пэрспэктыве і іншыя беларускія мястэчкі можна маркіраваць, як у Эўропе, з тым, каб былі абазначаныя веласіпедныя маршруты. І калі ўлады крыху паспрыяюць, то будзе досыць пэрспэктыўна. Тым больш што патроху ідзе папулярызацыя, пашыраецца рух, таму гэта можа быць прэцэдэнтам добрай справы разьвіцьця і турызму, і актыўнага ладу жыцьця. У тым жа Менску ўжо досыць шырокае кола людзей, якія захапляюцца роварамі вельмі сур’ёзна, многія з добрай фізычнай падрыхтоўкай. Таму дастаткова цікавая ідэя запачаткаваць такія экскурсіі ў Заслаўі».

У адказе, атрыманым рэдакцыяй парталу Tio.by зь Міністэрства спорту і турызму, гаворыцца: паколькі дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі зьяўляюцца беларуская і расейская, ведамства, кіруючыся заканадаўствам, дае магчымасьць спэцыялістам асабіста выбіраць адну зь дзяржаўных моў для афармленьня бэйджа. Паколькі бэйдж мае два бакі, адзін зь якіх аформлены лацінкаю, каб зручней было замежнікам у часе экскурсій, кожны сам вольны вызначыць, на якой мове будзе аформлены другі бок — зыходзячы з таго, зь якімі групамі ён працуе, і ў адпаведнасьці з уласнай самасьвядомасьцю. Сьвядомасьці, мяркуючы па ўсім, пакуль што якраз і бракуе.
XS
SM
MD
LG