Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 6 траўня: Праваслаўны Велікодны панядзелак; дзень народзінаў Юркі Гаўрука


Юрка Гаўрук
Юрка Гаўрук

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Велікодны панядзелак у праваслаўных.

Канцэрт «Крамы», «Neuro Dubel», «:B:N:» і «Pomidor/OFF» у менскім клюбе «Re:Publiс» (вул. Прытыцкага, 62) з нагоды Дня радыё. Пачатак а 18.00.

Адкрыцьцё выставы «Экспартны варыянт. Беларуская літаратура ў замежных перакладах» у менскай кнігарні «логвінаЎ». Пачатак а 19:00.

Юбілейны канцэрт да 20-годзьдзя ансамбля Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў «Грамніцы» з праграмай «Грамніцы на Юр’я». Моладзевы тэатар эстрады (вул. Маскоўская, 18 /А, Менск), пачатак а 19.00.

Апазыцыйны мітынг на Балотнай плошчы ў Маскве.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1905 – нарадзіўся Юрка Гаўрук, беларускі перакладчык, крытык, паэт і рэжысэр. Працаваў у галіне перакладу з францускай, ангельскай, нямецкай, польскай, расейскай, украінскай. Арыштаваны 8.2.1935 у Магілёве. Асуджаны 28.4.1935 за «антысавецкую агітацыю» да 8 гадоў пазбаўленьня волі; высланы зь Беларусі; больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 27.2.1958. Пераехаў у Менск. У 1957-1967 працаваў памочнікам галоўнага рэжысэра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я. Коласа, пастаўлены ў яго перакладзе п’есы з сусьветнай клясыкі.

1915 – нарадзіўся Орсан Ўэлс, амэрыканскі кінарэжысэр, актор, сцэнарыст.

1953 – нарадзіўся Тоні Блэр, лідэр Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі, прэм’ер-міністар гэтай краіны з 1997 па 2007.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Пытаньне: быць альбо ня быць? Што лепей,
Што разумней: альбо цярпець удары,
Каменьні, стрэлы яраснага лёсу,
Альбо узброіцца на мора крыўд
I зьнішчыць іх змаганьнем. Сьмерць і сон –
Адно і тое ж; і сказаць, што сном
Канчаюцца туга, і боль, і крыўды,
I тысячы пакут, што чалавеку
Дала прырода ў дар, – такі канец
Сустрэў бы з радасьцю. Сьмерць – сон, заснуць,
Заснуць і марыць. Так. Але пытаньне:
Якія мары поўняць сон сьмяротны,
Калі пакінеш гэты шумны сьвет? –
Вось што трымае нас, вось дзе прычына
Таго, што гора гэтак даўгавечна.
Бо хто цярпеў бы злыя зьдзекі часу,
Прымус тыранаў і зьнявагу гордых,
Самотны стогн разьбітага каханьня,
Марудны суд, чыноўнікаў нахабнасьць,
Пляўкі на галаву заслузе скромнай,
Каб мог нас вызваліць ад усяго
Удар кінжалам? Хто б валок ярмо,
Пацеў бы, ныючы ў нудзе жыцьцёвай?
Але мы ўсё ж баімся паміраць;
Таемны край, адкуль няма звароту,
Пужае нас, і воля наша слабне,
I мірымся мы з нашаю нядоляй:
Хто ведае, што нас чакае там?

Уільям Шэксьпір, «Гамлет» (пераклад Юркі Гаўрука)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG