Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаваць сваё, а не пераймаць чужое


Сьвятаслаў Логін
Сьвятаслаў Логін

Велікодны зварот першагерарха Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы архіяпіскапа Сьвятаслава Логіна.

«... ідзеце, навучайце ўсе народы ...» (Мц. 28:19)



Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце!

Сардэчна віншую вас з найбольшым сьвятам – Уваскрасеньнем Хрыстовым! Найвялікшае яно таму, што ў ім сьвяткуецца перамога над сьмерцю цялеснай і духоўнай, што ёсьць сутнасьцю хрысьціянскае веры. Таму ў народзе гэтае сьвята атрымала назоў – Вялікдзень.

Хутка, па Ўваскрасеньні, вучэньне Хрыста пачало разносіцца па сьвету, бо апосталы, паводле волі Божае, прапаведвалі яго розным народам на родных ім мовах. Беларускі народ, болей за тысячу гадоў таму прыняўшы хрысьціянскае вучэньне, будаваў вялічныя храмы, адзін з найпершых у сьвеце надрукаваў Біблію на роднай мове. А нашыя Беларускія Сьвятыя ёсьць ня толькі гонарам Беларускае нацыі, а й заступнікамі й хадайнікамі перад Госпадам за свой народ і за Беларускую дзяржаву.

Дзякуючы духоўным скарбам, такім як беларуская мова й культура, дадзеных Богам, і атрыманымі намі ад нашых продкаў, мы можам найлепей разумець і выяўляць хрысьціянскую веру паводле сваіх нацыянальных асаблівасьцяў і традыцыяў. Таму гэтыя нацыянальныя скарбы мы павінны захоўваць і перадаваць нашчадкам таксама, як і самое хрысьціянства, і на іхных падмурках павінны будаваць сваю нацыянальную будучыню, дзяржаўнасьць і Царкву, а не пераймаць чужое ўва ўсходніх ці заходніх суседзяў.

Жадаю ўсяму пабожнаму Беларускаму Народу, што жыве на Бацькаўшчыне й на Чужыне, і надалей годна несьці сьцяг Хрыста, і каб беларусы штогод радасна віншавалі адзін аднаго: Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Ўваскрос!


Зь любасьцю й малітвамі,
Архіяпіскап Сьвятаслаў, Першаярарх БАПЦ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG